×

Разам дасягаем многага

24.03.2019 14:50,

Грамадству патрэбныя сучасныя, адукаваныя, прадпрымальныя людзі, якія могуць прымаць адказныя рашэнні ў сітуацыі выбару. Школьная бізнес-кампанія — гэта лабараторыя, арыгінальная праграма па прыкладной эканоміцы, якая дае магчымасць вучням набываць практычныя навыкі па асновах прадпрымальніцтва і кіравання, эканамічнай адукацыі і моладзевага прадпрымальніцтва, а таксама спрыяе прафесійнаму самавызначэнню.

У 2018/2019 навучальным годзе ў Даматканавіцкай сярэдняй школе працягнула работу бізнес-кампанія “Фармат”, якая была арганізавана ў другім паўгоддзі 2016/2017 навучальнага года. У рабоце кампаніі прымаюць удзел 12 вучняў 9—11 класаў. Школьнікамі быў распрацаваны бізнес-план на 2018/2019 навучальны год, які ўключае апісанне прадукцыі, вытворчы і фінансавы план (з разлікам рэнтабельнасці, маркетынгавым планам).

Бізнес-кампанія нашай школы займаецца вытворчасцю:

1) тэматычных магнітаў (з выявамі любога характару) розных памераў;

2) закладак з падказкамі па вучэбных прадметах (яны карыстаюцца папулярнасцю сярод вучняў нашай школы);

3) дызайнерскіх бэйджаў, якія рэалізуюцца сярод вучняў, настаўнікаў, работнікаў сельвыканкама, СВК “Шчэпічы” і іншых арганізацый;

4) насценных, настольных і кішэнных календароў з фотаздымкамі, якія карыстаюцца асаблівай папулярнасцю і заказваюцца не толькі вучнямі, але і жыхарамі нашага мікрараёна;

5) каляровых фотаздымкаў фарматаў A5, 10x15 (ёсць магчымасць зрабіць фатаграфіі на пашпарт або іншыя дакументы);

6) візітовак устаноў (дызайн робяць самі вучні або друкуюць па дызайне заказчыка);

7) простых блакнотаў з рознымі малюнкамі.

Таксама магчыма раздрукоўка, ксеракапіраванне дакументаў, іх брашураванне.

У адрозненне ад канкурэнтаў наш тавар больш прывабны для пакупнікоў, яго вылучае:

1) нізкі сабекошт;

2) высокая якасць;

3) эстэтычны выгляд;

4) практычнае выкарыстанне;

5) індывідуальны падыход (выкарыстанне асабістых фатаграфій, індывідуальных запытаў кліента).

Патэнцыйныя спажыўцы тавару — вучні і іх бацькі, госці ўстановы адукацыі, педагагічны калектыў і мясцовыя дзяржустановы. Таксама на працягу навучальнага года былі вырабленыя магніты, календары, закладкі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, воінаў-інтэрнацыяналістаў і гасцей школы. Вырабы кампаніі выкарыстоўвалі і ў якасці прызоў пры правядзенні агульнашкольных мерапрыемстваў. Таксама выставы-продажы арганізоўваліся на агульнашкольным бацькоўскім сходзе. За каляндарны 2018 год бізнес-кампанія зарабіла 267 рублёў.

Нядаўна з’явілася ідэя аказваць і камп’ютарныя паслугі: пераўсталёўваць праграмнае забеспячэнне, рамантаваць камп’ютарную тэхніку. У наступным годзе пастараемся рэалізаваць гэтую задуму.

Ірына САЛАТА,
старшыня прафсаюзнага камітэта Даматканавіцкай сярэдняй школы Клецкага раёна