×

Ручнікі і кашулі ад майстрыхі–бабулі

11.05.2019 15:53,

Музей “Народны побыт Беларусі” сярэдняй школы № 173 Мінска афіцыйна быў адкрыты 9 мая 2003 года. Старанная пошукавая работа па напаўненні экспанатамі прынесла добрыя вынікі — у музей трапілі высокакаштоўныя рэчы, якія лепш за любыя словы сведчаць пра таленавітасць, непаўторнасць, сціпласць, высокі мастацкі густ беларускіх жанчын. Сёння экспазіцыя налічвае 507 музейных прадметаў.

Музей умоўна складаецца з дзвюх частак. Першая нагадвае інтэр’ер сялянскай хаты з разнастайнымі рэчамі хатняга ўжытку і гаспадарчага выкарыстання. Захоўваецца гліняны і драўляны посуд, у чырвоным куце вісіць ікона. У гэтым раздзеле ёсць драўляны стол, за якім збіралася вялікая сям’я, ложак, на якім спалі баць­кі, калыска і люлька для дзяцей, печ, дзе гаспадыня гатавала ежу. У другой палове музея знаходзяцца прадметы для апрацоўкі льну, асобныя дэталі ткацтва і пра­дзення, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рэчы хатняга ўжытку.

На цэнтральнай сцяне размешчана багатая калекцыя ручнікоў, іх у нас больш за 65. Прывезены яны з розных куткоў Беларусі. Ручнікі рознага прызначэння: уціральнікі, набожнікі, вясельныя, льняныя ператканыя, вышываныя крыжыкам і гладдзю. Пра ручнікі хочацца гаварыць вершамі: “Кожная беларуская хата // На ручнікі багата. // Гаспадыня начэй не дасыпала,// Дымкі і танкі кужаль ткала, // Сцяліла ў са­дзе іх вясной, // Каб адбяліць дажджом, расой”.

Мы захапляемся славутымі неглюб­скімі ручнікамі: іх яркімі, “звонкімі” колерамі, нас здзіўляе іх выразная строгая кампазіцыя і прыгажосць, мы з цікавасцю разглядаем узоры, якія дайшлі да нас з глыбокай даўніны. Неглюбскія ручнікі параўноўва­юць з сімфоніяй. І, мабыц­ь, перш за ўсё таму, што яны ма­юць урачысты і святочны выгляд. Мы вельмі ганарымся, што Ганна Сцяпанаўна Суглоб, былая жыхарка Нег­любкі Веткаўскага раёна, падарыла нашаму музею такую непаўторную прыгажосц­ь, вытканую сваімі рукамі. Неглюбскі ручнік сёння мае дзяржаўную каштоўнасць і параўноўваецца са слуцкімі паясамі.

У 1985 го­дзе Ганна Сцяпанаўна разам з дзевяццю неглюбскімі жанчынамі пабывала ў Маскве ў Калоннай зале Дома Саюзаў. Там яны прадстаўлялі Беларусь у агля­дзе мастацкай сама­дзейнасці саюзных рэспублік. Жанчыны паказвалі старажытны абрад “Пахаванне і ваджэнне стралы”. Відэа­стужку з запісам іх выступлення адправілі ў Амерыку. Адзін з ручнікоў набыў нават нью-ёркскі “Метрапалітэн-музей”. Шэсць майстрых сталі лаўрэатамі Усесаюзнай выставы-конкурсу, атрымалі медалі ВДНГ.

Жаночая кашуля на Беларусі мае некалькі назваў: сарочка, кашуля, рубаха. Яшчэ зусім нядаўна ўменне ткаць было абавязковым для кожнай сялянкі, і нездарма асноўную частку пасагу дзяўчыны, што выходзіла замуж, павінны былі скла­даць тканыя вырабы. Доўгія жаночыя кашулі, па агульным сведчанні жанчын старэйшага пакалення, або зусім не ўпрыгожваліся, або ўпрыгожваліся вельмі сціпла. Упрыгажэнні ў жаночай кашулі звычайна размяшчаліся ў верх­няй частцы рукава, на паліках, каўняры, грудзях і абшлагах. Асабліва разнастайныя ўпрыгажэнні на рукавах і каўняры можна растлумачыць тым, што беларусы апраналі на кашулю адзенне без рукавоў. У кожнай жанчыны і дзяўчыны павінна было быць ад 15 да 50 кашуль. У маці Ганны Сцяпанаўны Суглоб іх было 120. 10 сарочак (кашуль) Ганна Сцяпанаўна падарыла нашаму музею. Некаторым з іх больш за сто гадоў. У Вялікую Айчынную вайну гэтыя рэчы былі схаваны ў зямлі. А тое, што не ўдалося захаваць, забралі нем­цы. Нашы музейныя кашулі, фартухі былі прадстаўлены на выставе ў Музеі старажытнабеларускай культуры, якую арганізавала Ірына Юр’еўна Смірнова, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Юныя экскурсаводы ўдзельнічаюць па ўсіх напрамках гарадскіх і рэспубліканскіх краязнаўчых конкурсаў. У гэтым навучальным годзе вучні 5 “А” класа Марыя Галаўня і Кацярына Курашэвіч сталі пераможцамі гарадскога этапу Рэспубліканскага конкурсу даследчых работ “Спадчына Беларусі” ў намінацыі “Матэрыяльная культура” і атрымалі дыплом III ступені на фестывалі “Вялікая сіла малой радзімы” ўстаноў адукацыі Мінска. Наш музей працягвае работу. Вучні рыхтуюць і право­дзяць экскурсіі рознай тэматыкі. На адну з іх (“Па ручніку, што з роднай хаты, мы пазнаём сваю ра­дзіму”) запрашаюць Ульяна Херавец, Ксенія Чмырыкава, Елізавета Саскавец, Вікторыя Канаплёва. Наведайце наш музей і вы не пашкадуеце, што правялі ў ім свой час.

Галіна ГРЫЖМАЛОВІЧ,
кіраўнік музея сярэдняй школы № 173 Мінска.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.