×

Свяціць дзецям

28.05.2019 15:27,

У маі гэтага года ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адбылася знакавая падзея: Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Мінска адзначыў сваё 45-годдзе. Калектыў цэнтра на чале з дырэктарам Н.В.Баравік прымаў віншаванні ад ганаровых гасцей: прадстаўнікоў адміністрацыі Савецкага раёна Мінска, дырэктароў школ і гімназій, устаноў дадатковай адукацыі, а таксама сацыяльных партнёраў.

Сустрэліся некалькі пакаленняў выхаванцаў і педагогаў цэнтра. Радасная, шчырая атмасфера свята падарыла ўсім гасцям, якія прыйшлі на юбілей, добры настрой. Навучэнцы і педагогі розных гадоў знаходзілі сябе ў архіўным фотаальбоме цэнтра, успаміналі гісторыі з жыцця “Светача”. Многія цікавыя факты, пра якія расказвалі госці святочнага вечара, былі занесены ў летапіс Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Госці свята паўдзельнічалі ў інтэрактыўных пляцоўках, сфатаграфаваліся ў стылізаванай фотазоне, зрабілі сувеніры на майстар-класах. Вялікі святочны канцэрт, які ўключыў найлепшыя нумары творчых калектываў цэнтра, стаў заключным акордам святочнай праграмы. Ва ўрачыстай атмасферы былі ўручаны ганаровыя граматы, падзякі і памятныя прызы педагогам цэнтра, якія ўнеслі ўклад у яго развіццё і росквіт.

“Тут нараджаюцца геніі!” — дэвіз Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Мінска, з якім ён смела ідзе ў будучыню: раскрывае новыя таленты, стварае цікавыя і запатрабаваныя кірункі дзейнасці, выхоўвае юных грамадзян сваёй краіны яркімі і крэатыўнымі асобамі.

Хай 45 гадоў —не так і шмат, але гэта ўжо цэлая гісторыя, эпоха!

Шмат пройдзена, пераадолена, дасягнута, і мы ведаем, што наперадзе нас чакаюць новыя вяршыні і творчыя дасягненні!

Аксана ШУЛЬЖЭНКА,
метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Мінска.