×

Тут не бывае хмурных твараў

09.09.2019 15:21,

25 навучэнцаў сярэдняй школы № 26 Мінска ў жніўні адпачылі ў палатачным лагеры на беразе Вілейскага вадасховішча. Хоць дзевяць незабыўных і поўных радасных уражанняў дзён цяпер ва ўспамінах, планы ўжо на год наперад пабудаваны. “Чакаем наступнага лета і абавязкова палатачнага!” — менавіта так зараз адказваюць хлопчыкі і дзяўчынкі на пытанне, ці спадабалася ім у лагеры.

У палатачны лагер, які размясціўся каля вёскі Рабунь Вілейскага раёна Мінскай вобласці, навучэнцы школы № 26 Мінска ездзяць штогод.

Трэба адзначыць, што 1/3 складу дзіцячага атрада — гэта хлопчыкі і дзяўчынкі з мнагадзетных, малазабяспечаных, няпоўных сем’яў. Палатачны лагер — цудоўная магчымасць забяспечыць дзецям радаснае адчуванне лета, падарыць паўнавартасны адпачынак, новыя ўражанні ў асяроддзі сяброў пад наглядам клапатлівых школьных “мам”.

Для настаўніцы рускай мовы і літаратуры Веры Мікалаеўны Вараб’ёвай і настаўніцы матэматыкі Ірыны Пятроўны Калягінай гэта шостая змена. Шэсць гадоў запар гэтыя энергічныя, вясёлыя, актыўныя і жыццярадасныя жанчыны даказваюць, што ў палатках летам з дзецьмі жыць здорава, цікава. Педагогаў-мужчын не запрашаюць прынцыпова. “У нас свая, выбудаваная гадамі сістэма. А ўсебаковую дапамогу нам аказваюць бацькі нашых дзяцей. Таты і дроў наколюць, і свежага хлеба прывязуць, і рыбы наловяць, і юшку зварыць дапамогуць. Мамы чаруюць ля катла, калі прыязджаюць наведаць дзяцей. У гэтым годзе нас радавалі нацыянальнымі вытанчанымі стравамі (група дзяцей была шматнацыянальнай), здзіўлялі выпечкай на дні нараджэння. Іншы раз стваралася ўражанне, што бацькам так падабаецца ў лагеры, што яны прыязджаюць да нас больш для свайго задавальнення, напэўна, з настальгіяй успаміна­юць сваё дзяцінства”, — расказваюць настаўнікі.


Настаўніцы В.М.Вараб’ёва і І.П.Калягіна.

Дысцыпліна, парадак, бяспека, здароўе, актыўнасць і выдатны настрой — гэта асноўныя акцэнты работы лагера. Ключавое звяно — педагогі-выхавальнікі, якія сваім прыкладам накіроўваюць, выхоўваюць, навучаюць. Кожную раніцу гучны галасок-званок Лізы Кулікоўскай склікаў дзяцей на ранішнюю зарадку, якую праводзіла Вера Мікалаеўна. Умыліся, прычасаліся — і бягом на снеданне, якое ўжо з любоўю згатавала Ірына Пятроўна. Ніхто не капрызнічае, усе з апетытам з'ядаюць кашу з курагой, разынкамі і чарнаслівам, запіваюць чаем з лімонам ці апельсінам. Пасля чакае абавязковае прыбіранне палатак. Спецыяльная камісія што­дзень правярае работу дзяжурных, выстаўляе адзнакі. Праштрафіўся, парушыў дысцыпліну — мыеш агульны кацёл. Гэта дысцыплінуе, выхоўвае. Ніхто не крыўдзіцца, не адмаўляецца. Парадак — закон для ўсіх!

Вясёлыя эстафеты, камандныя спартыўныя гульні, катанне на байдарках, рыбалка, купанне ў рацэ, музычныя конкурсы, конкурс пясчаных фігур, выстава малюнкаў-водзываў, таемства вячэрняга вогнішча, зорнае неба, песні пад шолах галін дрэў і ціхія ўсплёс­кі рачной вады — усё гэта застанецца ў памяці падлеткаў на ўсё жыццё.

Прыезд у палатачны лагер дырэктара школы Ірыны Канстанцінаўны Ваўчанковай здзівіў і ўзрадаваў дзяцей. Наперабой яны расказвалі ёй пра мерапрыемствы, паказвалі свае палаткі, частавалі сапраўдным абедам з агню. Дырэктар у лагеры — гэта падзея! Значыць, і ёй цікава. Значыць, свой чалавек. “Усе мы родам з дзяцін­ства, — гаворыць Ірына Канстанцінаўна. — А дзяцінства павінна быць радасным і шчаслівым. Калі мы жывём адзіным калектывам, то і радасці, і турботы, і трывогі ў нас агульныя. У дарослых і дзяцей”.

Гаджэты ў лагеры не забаронены. На іх проста няма часу, усе заняты цікавымі справамі. У пачатку змены дзеці дамовіліся, што сазвоньвацца з бацькамі будуць адзін раз на дзень, перад сном. Дзеці смяюцца, расказваючы, што спачатку таты і мамы вельмі перажывалі, чаму сынок ці дачушка не звоняць, не выходзяць у сацсеткі. Хлопчыкі і дзяўчынкі проста забывалі пра свае тэлефоны. Усё ж рэчка, сябры і сардэчныя размовы ля агню цікавейшыя.

А пад канец бацькі прывезлі перасовачную лазню проста ў лес. Некаторыя дзеці ўпершыню ў жыцці папарыліся з сапраўдным бярозавым венічкам. Якое гэта было задавальненне — пасля парыльні акунуцца ў халаднаватую рачную ваду!

Вяртацца ў горад не хацелася. Дзе­вяць дзён праляцелі як адно імгненне. “Вось на гадзінку б толькі з бацькамі пабачыцца, у ванне паваляцца, рэчы памяняць — і назад… Так, гадзіны б хапіла. І зноў у лагер!” — наперабой выкрыкваюць хлопчыкі і дзяўчынкі.

“Дзякуй вялікі нашым настаўнікам! Не ўсе бацькі адважацца нават пару дзён правесці ў лесе з уласнымі дзецьмі. А 9 дзён з вучнямі, кругласутначна несучы за іх адказнасць ды яшчэ з выдатным настроем і такой шчырай любоўю да дзяцей і да сваёй справы… Гэта велізарная праца. Дзякуй вам, настаўнікі! І,  калі ласка, запішыце нас у палатачны лагер на наступны год!” — такімі ўражаннямі дзяліліся бацькі дзяцей, якія адпачылі тут.

Новы навучальны год у сярэдняй школе № 26 Мінска пачаўся з радасных усмешак, выдатных летніх уражанняў, са слоў удзячнасці настаўнікам і школе.

Таццяна ВЯРЭЦІНА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 26 Мінска.