×

У межах новага адукацыйнага стандарту

23.05.2019 11:25,

Як сфарміраваць у вучняў метапрадметныя кампетэнцыі? Што для гэтага неабходна памяняць у адукацыйным працэсе? Як скарэкціраваць заданні і практыкаванні, прадстаўленыя ў падручніках, выдадзеных некалькі гадоў назад? Пра гэта і не толькі ішла гаворка на пасяджэнні школы педагагічнага майстэрства па тэме “Фарміраванне метапрадметных кампетэнцый малодшых школьнікаў сродкамі вучэбных прадметаў”, арганізаваным аддзелам пачатковай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі на базе сталічнай пачатковай школы № 103.


Г.Т.Швед.

— Ужо сёмы год у межах міжкурсавога перыяду мы арганізоўваем педагагічную майстэрню “Адкрываючы ўласны вопыт”, а сёлета была апрабавана новая форма работы — школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства. У чым розніца? Калі ў педагагічнай майстэрні педагогі дэманструюць усё, што яны навучыліся рабіць, і працуюць на распаўсюдж­ванне сваіх ідэй, то школа ўдасканалення педагагічнага майстэрства аб’ядноўвае педагогаў, якія дасягнулі дастаткова высокага прафесійнага ўзроўню, аднак не жадаюць спыняцца на дасягнутым. Тут мы не хвалімся сваімі напрацоўкамі, а гаворым пра тыя праблемы, якія ёсць, і імкнёмся іх вырашыць, — адзначыла адкрываючы пасяджэнне начальнік аддзела пачатковай адукацыі МГІРА Вольга Назаранка. — Першае пасяджэнне прайшло на базе сталічнай  гімназіі № 16, і мы пачыналі гаварыць аб метапрадметных кампетэнцыях і іх рэалізацыі ва ўмовах нарматыўных дакументаў. У нас былі наладжаны цесныя зносіны з маскоўскім Цэнтрам развіццёвага навучання імя Л.Занкова. Адным з напрамкаў, які быў разгледжаны, — прынцып развіццёвага навучання для рэалізацыі метапрадметных кампетэнцый. Гэта была толькі проба пяра. У снежні 2018 года ў нашай краіне выйшаў новы адукацыйны стандарт пачатковай адукацыі. Гэта дакумент, на аснове якога вядзецца работа ў пачатковых класах і які адкрывае вялікія магчымасці для ўдасканалення ўсяго, што было зроблена раней.

Пачатковая школа № 103 з’яўляецца апорнай пляцоўкай інстытута развіцця адукацыі. Як паведаміла яе дырэктар Марына Макарэвіч, на сёння ва ўстанове адкрыта 12 класаў-камплектаў, у якіх вучацца 306 дзяцей. За гады работы ў школе склаўся цудоўны творчы калектыў педагогаў-аднадумцаў, якія ведаюць і любяц­ь дзяцей, сваю работу, валода­юць сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі. Вучні школы штогод з’яўляюцца прызёрамі раённых і гарадскіх алімпіяд і конкурсаў. Педагогі ўстановы пастаянна прымаюць удзел у розных метадычных мерапрыемствах як раённага, гарадскога, так і рэспубліканскага ўзроўню.


Т.М.Цельпук.

— Калісьці шмат гадоў назад мы сфармулявалі сваю місію: вучым  выхаванцаў як жыць у ХХІ стагоддзі. Мадэль нашага выпускніка — гэта вучань, які валодае трывалымі ведамі, функ­цыянальнай пісьменнасцю і ключавымі кампетэнцыямі пры ўмове захавання здароўя. Але час ідзе наперад, і мы разумеем, што дасягнуць мэт немагчыма, не фарміруючы ў дзяцей метапрадметныя кампетэнцыі, — падкрэсліла Марына Аляксандраўна.

Начальнік аддзела пачатковай адукацыі МГІРА В.У.Назаранка і метадыст гэтага ж аддзела С.Р.Пухоўская акцэнтавалі ўвагу прысутных на некаторых тэарэтычных аспектах, прадстаўленых у новым адукацыйным стандарце, і на тым, як неабходна зараз арганізоўваць адукацыйны працэс, як праектаваць урок у межах адукацыйнага стандарту.

Як адзнача­лася, метадалагічнай асновай стандарту з’яўляюцца сістэмна-дзейнасны падыход (навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца праз актывізацыю дзейнасці навучэнцаў), культуралагічны падыход (арганізацыя адукацыйнага працэсу на аснове каштоўнасна-арыентаванага зместу адукацыі, прыярытэту культуры ў адукацыі і г.д.), асобасна арыентаваны падыход (стварэнне ўмоў для развіцця асобы ў яе цэласнасці, унікальнасці, забеспячэнне дыферэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучання), кампетэнтнасны падыход (узмацненне практычнай арыентаванасці вучэбнай дзейнасці).

Сярод прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне адукацыі — дасягненне навучэнцамі асобасных, метапрадметных і прадметных адукацыйных вынікаў. Сутнасць метапрадметных вынікаў складаюць універсальныя вучэбныя дзеянні — асобасныя, рэгулятыўныя, пазнавальныя і камунікатыўныя, якія павінны фарміравацца на кожным уроку. На тры апошнія з іх і была скіравана ўвага настаўнікаў. Так, пазнавальныя вучэбныя дзеянні фарміруюцца, калі вучань аналізуе аб’екты, што вывучаюцца, з вылучэннем істотных і неістотных прымет, праводзіць параўнанне, класіфікацыю, устанаўлівае прычынна-выніковыя сувязі, рэгулятыўныя — калі вучань плануе свае дзеянні, вызначае іх алгарытм, прытрымліваецца яго, ацэнь­вае разам з педагогам, равеснікамі вынікі сваіх і чужых дзеянняў. Камунікатыўныя вучэбныя дзеянні фарміруюцца пры рабоце ў камандзе, калі вучань дамаўляецца з удзельнікамі групы, слухае іншых, выказвае сваё меркаванне, даказвае яго і г.д.

Настаўнікі пачатковых класаў 103-й школы Ганна Тадэвушаўна Швед і Таццяна Міхайлаўна Цельпук на прыкладзе заданняў з падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў прадэманстравалі, як фарміра­ваць у малодшых школьнікаў універсальныя вучэбныя дзеянні. Так, на навучанні пісьму першакласнікам прапануюцца склады  “да”, “ду”, “до”, “ды” і неабходна вызначыць, які склад лішні, і дапоўніць гэтыя склады да слоў; альбо даюцца словы “год”, “газ”, “гусі”, “горы”, і дзецям неабходна адказаць, на якія групы можна падзяліць гэтыя словы. Педагогам былі прадстаўлены эфектыўныя гульні “Хачу ўсё ведаць!” (заснавана на тэхналогіі “слухаць і чуць”), “Відавочнае неверагоднае”, “Малавата будзе…”, “Неразлучныя сябры”, “Знайдзі мяне” , тэхніка “3-2-1”, што прымяняецца на этапе рэфлексіі.

Удзельнікі пасяджэння прыйшлі да высновы, калі на ўроку галоўная дзеючая асоба — вучань, які актыўна працуе, пазнае сябе, навакольны свет, робіць новыя адкрыцці, шукае правільныя варыянты адказаў, сумняваецца, радуецца, вучыцца на сваіх памылках, калі гу­чыць правільная, пісьменная мова, ідзе работа не толькі над прадметнымі, а і над універсальнымі вучэбнымі дзеяннямі, значыць, гэты ўрок ляжыць у межах адукацыйнага стандарту.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.