×

Відэабітва шэф-кухараў

12.10.2019 14:55,

Здаровы лад жыцця — гэта не даніна модзе, а аснова шчаслівага існавання чалавека. Важна, каб чалавек меў унутраную патрэбу быць здаровым і актыўным, таму прывіваць правільныя звычкі неабходна з дзяцінства.

Сучасны свет усё часцей сутыкаецца з праблемамі расстройства харчовых паводзін, што прыводзіць да атлусцення, анарэксіі, сардэчна-сасудзістых і іншых захворванняў і, як вынік, псіхалагічных праблем. А, як вядома, псіхалагічнае здароўе — гэта адзін са складнікаў паняцця “здароўе”, якое прапануе Сусветная арганізацыя аховы здароўя.

Зыходзячы з гэтага з’я­вілася ідэя арганізаваць конкурс “Відэабітва шэф-кухараў”, які праводзіцца ў гімназіі № 61 Мінска з 2014 года.

Штогадовы ўнутрыгімна­зічны конкурс для навучэнцаў 8-х класаў Celebrity Chefs Video Battle (“Відэабітва шэф-кухараў”) з’яўляецца мерапрыем­ствам, якое не толькі нацэлена на фарміраванне камунікатыўнай і інфармацыйнай кампетэнцыі, але і спрыяе праф­арыентацыі навучэнцаў, а самае галоўнае — ставіць сваёй мэтай здароўе­зберажэнне, выхоўвае культуру харчавання. Як вядома, сучасныя падлеткі вельмі схільны да ўплыву звонку (рэклама фаст­фуда, напрыклад),  і пацвяр­джэнне гэтага — дрэнныя звычкі ў харчовых паво­дзінах. Як вядома, “мы тое, што мы ядзім”, таму вельмі важна з ранняга ў­зросту фарміраваць у дзіцяці імкненне да правільных харчовых паво­дзін і любоў да здаровага харчавання.

Ідэя конкурсу ўзнікла ў 2013 годзе пад уплывам пра­грамнай тэмы “Ежа”, захаплення педагогаў кулінарнымі перадачамі Джэймі Олівера (які ў далейшым стаў сімвалам гэтага спаборніцтва) і фармату адной з тэлевізійных пра­грам тых гадоў — “Відэабітва”. Злучыўшы ўсё гэта, мы атрымалі ідэю конкурсу. Сутнасць яго ў тым, што каманды навучэнцаў здымаюць відэаролік з кулінарным рэцэптам і затым перадаюць яго арганізатарам для дэманстрацыі ў фінале. У адпаведнасці з палажэннем, конкурс складаецца з наступных этапаў:

1) Адукацыйны (вывучэнне тэмы “Ежа”).

2) Падрыхтоўчы (рэгіс­трацыя каманд (2—4 чалавекі) і стварэнне відэарэцэпта). На працягу трох тыдняў навучэнцы павінны зняць кулінарнае відэа на англійскай мове ў духу вядомых кулінарных праграм. Пасля заканчэння відэаролік перадаецца арганізатарам. Яны праглядаюць работы і, у залежнасці ад іх зместу, прыдумваюць намінацыі для ўзнагароджання каманд у фінале (напрыклад, “Самы хуткі рэцэпт”, “За модны рэцэпт і добрую англійскую” і г.д.). Крытэрыем адбору лепшага відэа з’яўляецца правільнае англійскае маўленне.

3) Інтэрнэт-галасаванне ў сацыяльных сетках.

4) Фінал (цырымонія ўзнагароджання). У час фіналу адбываецца не проста прагляд відэаролікаў і ўзнагароджанне ўдзельнікаў, гэта своеасаблівае інтэрактыўнае пазнавальнае мерапрыемства. Паміж дэманстрацыяй відэа вядучыя прапануюць інтэр­актыўныя заданні удзельнікам і гледачам на тэму “Правільнае харчаванне”, заснаваныя на матэрыяле, пройдзеным у рамках вывучэння тэмы “Ежа”. У гэтых заданнях закранаюцца такія аспекты, як харчовая піраміда, склад прадуктаў харчавання (бялкі, тлушчы, вугляводы, вітаміны і мінералы), карысная ежа і шкода фастфуда і многае іншае. Конкурсы дапамага­юць праводзіць навучэнцы — у­дзельнікі мінулых гадоў.

Катэгорыі, у якіх выбіраюцца пераможцы, заўсёды носяць індывідуальны характар і вызначаюцца шляхам выяўлення “іскрынкі” ў кожным канкрэтным відэароліку (напрыклад, “За самы вясёлы рэцэпт піцы”). За ролік, які набраў больш за ўсё галасоў у інтэрнэт-галасаванні, каманда атрымлівае прыз сімпатый гледачоў. Перамагае самы арыгінальны ролік. Таксама ўлічваецца правільнасць маўлення ўдзельнікаў каманды. У гэтым конкурсе найбольш вітаецца максімальная самастойнасць навучэнцаў, важна, каб была відаць работа дзяцей, а не дапамога з боку дарослых. Конкурс можа насіць тэматычны характар (калядныя рэцэпты, беларуская кухня і г.д.).

Такім чынам, гэтае мерапрыемства дапамагае фар­міраваць камунікатыў­ную культуру, уяўленне пра здаровае харчаванне, развівае інфармацыйная кампетэнцыі і навыкі работы з сучаснымі гаджэтамі і праграмамі па апрацоўцы відэа, а таксама спрыяе сацыялізацыі дзяцей.

Ірына КАЛУГІНА,
Юлія СКАВЫШ,
настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 61.