×

Выратавальнікі вачыма дзяцей

02.04.2019 16:08,

У канцы сакавіка ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі адбылася ўрачыстая цырымонія падвядзення вынікаў рэспубліканскага агляду-конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей — 2019”. У гэтым годзе ўжо ў 21 раз рэспубліканскі агляд-конкурс дзіцячай творчасці сабраў працы самых лепшых, таленавітых, цікаўных, крэатыўных, творчых хлопчыкаў і дзяўчынак, юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 7 да 17 гадоў з усіх куткоў Беларусі.

Сёлета было прадстаўлена больш як 250 работ у 9 намінацыях. Журы выбірала лепшую казку, апавяданне, верш, малюнак, плакат, выраб, скульптуру малых формаў, мадэль пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікі, а з улікам апошніх інтэрнэт-трэндаў МНС запусціла новую намінацыю “Стыкерпак”. Дзеці прадставілі сваё бачанне такіх тэм, як пажары і надзвычайныя сітуацыі, рух юных ратавальнікаў-пажарных, пажарнае добраахвотніцтва, ратаванне на водах і прамысловая бяспека.

Пра тое, як ствараліся работы, распавялі самі ўдзельнікі конкурсу.

— Мой твор называецца “Электрык-недарэка”. Ён распавядае пра электраправодку і пра тое, як ёй правільна карыстацца. Удзельнічаю ў конкурсе першы раз. Вершы мяне навучыла пісаць наша настаўніца, якая патлумачыла, што галоўнае — не рыфма, а рытм. Да конкурсу я вершы не пісаў, але дзякуючы Ірыне Мікалаеўне, маёй настаўніцы, пачаў. Гэта вялікая заслуга конкурсу — ён прышчапіў мне новае захапленне, — распавёў прызёр у намінацыі “Верш” Багдан Шабуня.

— Конкурс мне падабаецца. Нам з татам сказалі, што мы выйгралі мінулыя этапы — вось мы і прыехалі сюды. Займаюся ў школе ў некалькіх гуртках, напрыклад, па вырабах. А з працай дапамагаў мой тата — ён прафесійны разьбяр па дрэве! — распавёў самы юны ўдзельнік конкурсу Савелій Пышны, які зрабіў мадэль пажарнай аварыйна-ратавальнай тэхнікі.

Урачыстае ўзнагароджанне канкурсантаў прайшло ў мінулую пятніцу ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі. Усе пераможцы і прызёры атрымалі з рук міністра па надзвычайных сітуацыях Уладзіміра Вашчанкі і арганізатараў конкурсу заслужаныя прызы і падарункі.

Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.
Фота Таццяны ЯНКОВАЙ.