×

Вывучаем грамадазнаўства на ўроку і па–за ўрокам

07.09.2019 12:02,

Асаблівасці зместу грамадазнаўчага курса на профільным узроўні заключаюцца ў тым, што, акрамя вырашэння агульнаадукацыйных задач, курс павінен даць уяўленне пра асноўныя грамадскія навукі (сацыялогію, філасофію, сацыяльную псіхалогію, эканоміку, культуралогію, палітыку і права), цэласнае ўяўленне пра актуальныя праблемы сучаснага грамадства і асобы.

Асаблівае месца ў сістэме педагагічных метадаў пры засваенні курса грамадазнаўства займае эўрыстычная гутарка, якая прадугледжвае форму навучання “пытанне — адказ”. Сцэнарый такой гутаркі павінен уключац­ь у сябе правільна пастаўленыя пытанні, пошук вырашэння вучэбнай праблемы. Напрыклад, на ўроку “Палітычнае лідарства” навучэнцам неабходна прыйсці да высновы пра значнасць сваёй грама­дзянскай пазіцыі, пра важнасць палітычнай актыўнасці моладзі ў вызначэнні прыярытэтаў развіцця дзяржавы і грамадства.

Семінары — яшчэ адна форма работы на ўроках у профільных класах. Яны дазваляюць актывізаваць самастойную работу навучэнцаў з вучэбнай і дадатковай літаратурай і такім чынам падахвочваюць іх да больш глыбокага асэнсавання і ўзбагачэння ведаў па тэме, якая вывучаецца. Асаблівую ролю ў профільных класах набываюць актыўныя формы семінара: дыспуты, дыскусіі, круглыя сталы і г.д. Прыкладамі семінараў-дыскусій з’яўляюцца тэмы “Умовы паспяховай сацыялізацыі моладзі”, “Сучасны свет выратуе НТП?”.

Адзін з найбольш папулярных метадаў стымулявання творчай актыўнасці і канцэнтрацыі ўвагі навучэнцаў — мазгавы штурм. Яго мэта — арганізацыя калектыўнай разумовай дзейнасці па пошуку нетрадыцыйных шляхоў вырашэння праблем. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Глабальныя праблемы сучаснасці” перад дзецьмі была пастаўлена задача распрацаваць праграму мерапрыемстваў магчымага шляху вырашэння адной з глабальных праблем сучаснасці — дэмаграфічнай, экалагічнай праблемы, прадухілення ядзернай вайны, разводаў у маладых сем’ях, росту злачыннасці і наркаманіі сярод падлеткаў, беспрацоўя сярод моладзі, праблем бацькоў і дзяцей у сучаснай сям’і. Гэты метад дазволіў навучэнцам засвоіць такое паняцце, як глабальныя праблемы, прааналізаваць прычыны іх узнікнення, сферы праяўлення, наступствы і метады барацьбы з праблемамі.

Дзелавая гульня як сітуатыўнае вырашэнне канкрэтнага пытання з’яўляецца адной з найбольш цікавых форм работы з навучэнцамі ў профільных класах. Праз гульню актыўней і хутчэй з’яўляецца пазнавальная цікавасць, актывізуюцца псіхічныя працэсы: увага, успрыманне, мысленне. Пры засваенні тэмы “Моладзь і права” выкарыстоўваюцца элементы ролевай гульні, дзе навучэнцы павінны прайграваць сітуацыі па відах правапарушэнняў і вызначаць від прававой адказнасці.

Таксама мэтазгодна право­дзіць у профільных 10—11 класах дыдактычныя і інтэлектуальныя гульні: “Грамадзянінам быць абавязаны”, “Ці ведаеш ты Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь?”, “Свая гульня” (пры паўтарэнні раздзела “Духоўнае жыццё грамадства”), брэйн-рынг па галінах права.

Актыўна выкарыстоўваю на ўроках метад вучэбнага праекта. Гэтая тэхналогія, арыентаваная на прымяненне фактычных ведаў і набыццё новых, у тым ліку шляхам самаадукацыі, дае магчымасць удасканальваць агульнавучэбныя кампетэнцыі навучэнцаў. Падчас абароны праекта “Бізнес-план арганізацыі малога прадпрыемства” навучэнцы павінны прадставіць свой бізнес-план і запэўніць астатніх у паспяховасці свайго бізнесу. Пры абмеркаванні праектаў дзеці паказвалі на канкурэнтную перавагу сваіх прадпрыемстваў, прагназавалі прыбыткі і страты, прадстаўлялі ўсе складнікі поспеху бізнесу, выказвалі свой пункт гледжання і давалі ацэнку работам аднакласнікаў.

Вялікую цікавасць у навучэнцаў выклікаюць вэб-квесты, якія выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе. Тэхналогія вэб-квеста дазваляе паспяхова інтэграваць прастору інтэрнэту ў адукацыйнае асяроддзе, спрыяе пашырэнню сферы творчай дзейнасці навучэнцаў, прывівае навыкі калектыўнай работы, прапануе паспрабаваць прайграць мноства сацыяльных роляў, развіваючы тым самым інфармацыйную і камунікатыўную кампетэнцыі.

Мэта тэхналогіі квест-урока заключаецца ў змяненні прывычных стэрэатыпаў арганізацыі традыцыйнага ўрока. Навучэнцы атрымліваюць доступ да пошукавых сістэм, магчымасць самастойна выбіраць і структураваць матэрыял, аналізаваць атрыманую інфармацыю, прыцягваць больш сучасныя навуковыя канцэпцыі, адкрываючы новы ілюстрацыйны рад, які адсутнічае ў акадэмічных падручніках.

У якасці прыкладу можна разгледзець вэб-квест “Сэрца Беларусі”, які можа быць творча рэалізаваны настаўнікамі, зыходзячы з уласнага бачання тэмы і ступені яе раскрыцця.

На ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці важна праводзіць міжпрадметныя сувязі з гісторыяй, эканомікай, матэматыкай, геаграфіяй, а таксама з рэальным жыццём школьніка для фарміравання больш поўнай карціны свету, разумення сувязей паміж з’явамі ў прыродзе, грамадстве і свеце ў цэлым.

Для больш поўнага засваення адукацыйнай праграмы неабходна інтэграваць урочную і пазаўрочную дзейнасць навучэнцаў. Эфектыўнасць пазаўрочнай дзейнасці непасрэдна залежыць ад добраахвотнасці ўдзелу, зацікаўленасці, творчага адзінства настаўніка і вучня па дасягненні сумесна выбранай мэты. Часта ў класах грамадазнаўчага профілю пазаўрочная работа з’яўляецца працягам вучэбнай дзейнасці і накіравана на сістэматычнае навучанне старшакласнікаў, развіццё ў іх творчых здольнасцей і фарміраванне ўласных маральных норм і каштоўнасцей, прававой культуры і грамадзянскай дасведчанасці. Навучэнцы профільных класаў актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчых экспедыцыях, квест-экскурсіях, навукова-практычных канферэнцыях, сацыяльных акцыях, алімпіядах, інтэлектуальных марафонах, конкурсах.

Вучнёўскія канферэнцыі як індывідуальная форма пазакласнай работы носіць тэматычны характар. Тэма павінна быць не толькі актуальнай, але і цікавай, даступнай для большасці навучэнцаў. Школьныя навукова-практычныя канферэнцыі з’яўляюцца вынікам шматмесячнай даследчай, творчай дзейнасці старшакласнікаў, якая адбываецца пад кіраўніцтвам настаўніка. Падрыхтоўка да канферэнцыі ў нашай гімназіі ажыццяўляецца ў рамках дзейнасці навуковага таварыства навучэнцаў “Акадэмія юных”.

З усіх форм пазаўрочнай дзейнасці школьнікаў ва ўмовах профільнага навучання прадметныя алімпіяды займаюць асаблівае месца. Яны дапамагаюць у выбары далейшага жыццёвага шляху старшакласніка, развіваюць яго індывідуальныя якасці, спрыяючы рэалізацыі мэт профільнага навучання. Для паспяховага выступлення на алімпіядзе наебходна асобная пазаўрочная падрыхтоўка, таму што ўдзельнікам прапануюцца нетрадыцыйныя заданні і пытанні, якія выходзяць нават за рамкі профільнага вывучэння таго ці іншага прадмета.

Добра арганізаваны і цікава праведзены прадметны ты­дзень дапаўняе праграмны курс навучання і такім чынам дапамагае павышаць адукацыйны ўзровень навучэнцаў, спрыяе іх развіццю, пашырае кругагляд, фарміруе прававую культуру. Мае вучні з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу “Падлетак і закон”, віктарыны “Сам сабе юрыст”, інтэлектуальнай гульні “У свеце фінансаў”. Завяршаецца тыдзень днём мастацтва і тэатра “Музей васковых фігур мадам Цюсо”, да якога рыхтуюцца ўсе навучэнцы гімназіі. Дзеці ўвасабляюць вобразы выбітных асоб, якія маглі цалкам перавярнуць свет, стварыць уласныя законы, новыя рэформы і напрамкі ў мастацтве. Сумесная творчая работа, не абмежаваная ўмоўнасцямі ўрока, збліжае навучэнцаў і настаўнікаў, спрыяе фарміраванню калектыву аднадумцаў.

Такім чынам, сістэмнае ўкараненне новых форм навучання на ўроках грамадазнаўства і ў пазаўрочнай рабоце па гэтым прадмеце дазваляе эфектыўна развіваць ключавыя кампетэнцыі, звязаныя з пошукам і практычным прымяненнем інфармацыі, а таксама ператварае вучэбны працэс у профільных класах у актыўную, матываваную, валявую, эмацыянальна афарбаваную, пазнавальную дзейнасць.

“Сэрца Беларусі”

(адукацыйны вэб-квест)

Гэты педагагічны вэб-квест мае краязнаўчую скіраванасць і можа прымяняцца ў рамках вучэбнага прадмета “Гісторыя Беларусі” на абагульняючых уроках па тэме “Наш край”, накіраваных на выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу, што дазваляе выявіць асаблівасці гістарычнага развіцця рэгіёна, у якім жывуць навучэнцы, а таксама садзейнічае фарміраванню гістарычнай памяці і развіццю грамадзянска-патрыятычных пачуццяў.

Мэта і задачы вэб-квеста

Мэта: стварэнне ўмоў для фарміравання патрыятычных пачуццяў і маральных каштоўнасцей навучэнцаў праз даследаванне і вывучэнне матэрыялу пра родны край; знаёмства з жыццём і дзейнасцю знакамітых людзей Мінска праз выкарыстанне тэхналогіі вэб-квеста.

Асноўнымі задачамі з’яўляюцца:

адукацыйная: пашырэнне ведаў і ўяўленняў пра малую радзіму, паглыбленае знаёмства з гісто­рыяй роднага краю; павага да землякоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё і росквіт роднага горада; фарміраванне ўменняў ажыццяўляць эксперыментальна-даследчую дзейнасц­ь, выкарыстоўваючы магчымасці камп’ютарнага мадэлявання;

развіццёвая: актывізацыя творчай навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў; развіццё камунікатыўных здольнасцей, інфармацыйных кампетэнцый і крэатыўнага мыслення; развіццё асобы навучэнца ва ўмовах інфармацыйнага грамадства;

выхаваўчая: выхаванне грамадзянскасці, патрыятызму, асабістай адказнасці за лёс роднага горада; эстэтычнае выхаванне праз выкарыстанне магчымасцей камп’ютарнай графікі.

Формы арганізацыі пазнавальнай дзейнасці: франтальная, парная, індывідуальная, групавая.

Этапы работы

Пачатковы этап (камандны). Азнаямленне навучэнцаў з асноўнымі паняццямі ў адпаведнасці з выбранай тэматыкай і размеркаванне роляў у камандзе, азнаямленне з задачамі сваёй ролі.

Ролевы этап. Ажыццяўленне індывідуальнай работы па пошуку інфармацыі і выкананне заданняў у рамках выбранай ролі. Сумеснае падвядзенне вынікаў выканання кожнага задання, абмен і камандная дапрацоўка матэрыялу.

Заключны этап. Афармленне групавога праекта ў канчатковы вынік і абарона ў свабоднай форме. Падвядзенне вынікаў пад кіраўніцтвам педагога.

Змест вэб-квеста

Вэб-квест “Сэрца Беларусі” выконваецца навучэнцамі, падзеленымі на 4 групы, і прадугледжвае наступныя заданні.

Група “Захавальнікі Легенд”. Вывучыце тэарэтычны матэрыял старажытных і сучасных легенд пра наш горад (http://ezoterik-page.com/legendy-minska/; https://minsknews.by/gde-v-minske-zhivut-privideniya/). Выберыце самыя цікавыя легенды і складзіце іх класіфікацыю на аснове самастойна вызначаных крытэрыяў (таямнічыя, жахлівыя, камічныя і г.д.). Правядзіце сацапытанне жыхароў горада пра тое, якія легенды пра Мінск ім вядомы. Вынік работы прадстаўце ў выглядзе праекта “Легенды майго горада”.

Група “Фотарэпарцёры”. Азнаём­цеся з падборкай дзіўных фотаздымкаў Мінска (https://wikiway.com/belarus/minsk/photo/; https://news.tut.by/society/481796.html). Наведайце найбольш маляўнічыя і каларытныя месцы, на ваш погляд, і зрабіце арыгінальныя здымкі: пакажыце Мінск з розных ракурсаў і сваім асаблівым бачаннем перадайце тое прыгожае, што акружае нас. Выступіце ў ролі дызайнераў, адбярыце самыя яркія фотаздымкі дзівоснага штодзённага жыцця мінчан. Вынік работы падайце ў выглядзе калажу “Я сэр­цам бачу Мінск”.

Група “Пошукавікі-картографы”. Папрацуйце з рознымі пошукавымі сістэмамі інтэрнэту і спампуйце карту Мінска. Адбярыце асабліва каштоўныя аб’екты культурнай спадчыны горада (htts://www.tripzaza.com/ru/destinations/luchshie-dostoprimechatelnosti-minska/; htts://34travel.me/gotobelarus/post/34-dostoprimechatelnosti-minska). Адзначце на карце горада выбраныя аб’екты і славутасці. Стварыце ўнікальную гід-карту для пешых прагулак па Мінску з дэталёвым маршрутам, які азнаёміць гасцей горада з архітэктурнымі збудаваннямі, музеямі, пабамі, кінатэатрамі і іншымі аб’ектамі гарадской інфраструктуры.

Група “Эксперты”. Азнаёмцеся са знакамітымі мінчанамі, якія пакінулі след у гісторыі свайго горада (htts://dic.academic.ru/dic.nsf/ruwiki/640667; htts://www.belsrus.by/ru/about-belarus/famous-belarusians). Выберыце 2—3 выдатных дзеячаў, якія ўнеслі значны ўклад у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, у развіццё прамысловасці, культуры і спорту. Правядзіце сацыялагічнае апытанне жахароў горада і высветліце, якіх выдатных людзей сталіцы яны ведаюць. Стварыце прэзентацыю-анімацыю “Ведай нашых” і дабаўце свой рэйтынг 10 самых выдатных мінчан.

Заключны этап

Навучэнцы публічна прадстаўляюць выкананыя работы. Калектыўна абмяркоўваецца кожны праект, фармулююцца высновы і прапановы. У ацэнцы вынікаў удзельнічаюць і настаўнік, і навучэнцы.

Рэфлексія дзейнасці і падвядзенне вынікаў

На этапе рэфлексіі навучэнцы аб’ядноўваюць усе чатыры праекты ў адзін пад агульнай назвай “Сэрца Беларусі”. Каменціруючы і даказваючы значнасць выбранага матэрыялу, яшчэ раз адпрацоўваюць тэрміны і паняцці, якія фарміру­юць асобасныя і маральныя якасці падрастаючага пакалення, такія як “патрыёт”, “патрыятызм”, “малая радзіма”, “землякі”, “дзяржава”.

Вольга СХОДКІНА,
настаўніца гісторыі і грамадазнаўства гімназіі № 61 Мінска.