×

З гонарам за сваю мову

20.02.2020 12:28,

“Рускай мове дай разгрузку — размаўляй па-беларуску” — пад такім дэвізам напярэдадні Дня роднай мовы традыцыйна пачынаецца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі № 31  Мінска. У свяце прымаюць удзел не толькі вучні і настаўнікі, але і бацькі. Разнастайнасць праграмы дазваляе кожнаму знайсці справу па душы, адчуць цікавасць і любоў да роднай мовы. Усе мерапрыемствы накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы, выхаванне павагі і любові да роднага слова, цікавасці да твораў беларускіх пісьменнікаў.

Цiкавыя мерапрыемствы павышаюць матывацыю да вывучэння роднай мовы, узбагачаюць слоўнiкавы запас дзяцей, развіваюць творчыя здольнасцi, выхоўваюць павагу да роднай краiны i роднай мовы.

“Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, моцная, поўная наша мова! На кожны выпадак знойдзецца ў ёй патрэбнае слова. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся продкі. Толькі гэтую мову мы можам назваць роднай, бо гэта мова нашай зямлі!” — такія словы становяцца ўмоўным эпіграфам для адкрытых урокаў, якія традыцыйна праводзяцца ў рамках тыдня настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры гімназіі. На такія творчыя ўрокі, як правіла, запрашаюцца не толькі філолагі, але і іншыя настаўнікі-прадметнікі. Адна з мэт такіх урокаў — увядзенне рускамоўных педагогаў у атмасферу жывога беларускага слова, далучэнне да багацця роднай мовы, усведамленне яе прыгажосці, мелодыкі, своеасаблівасці.

Мова — надзвычай жывая і складаная сістэма. Толькі ўласная пазіцыя кожнага здолее ператварыць адзіны дзень роднай мовы ў год мовы, а затым — у гады і, нарэшце, — у жыццё. А пакуль гэты нялёгкі і адказны шлях мы пачынаем з Тыдня роднай мовы.

Хочацца верыць, што тыя вучні, якія душой дакрануліся да творчасці беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, будуць імкнуцца, каб роднае слова гучала ў вяках.

Спадчына –– нашы святы, звычаі, песні, танцы. Спадчына –– наша гісторыя. Як дрэва не можа існаваць без карэнняў, так і наша жыццё і наша будучыня немагчымы без спадчыны. Каб быць сапраўдным грамадзянінам, патрыётам сваёй зямлі, трэба добра ведаць гісторыю Радзімы, краю, свае карані. Гісторыя краіны, наша спадчына і яе мінулае непарыўна звязаны з вуснай народнай творчасцю — гэта няпісаная і нікім да канца не прачытаная чароўная кніга.

Пачэсная задача вучняў і настаўнікаў — збіраць і захоўваць крупінкі старажытнай культуры народа: народныя песні, паданні, абрады, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, таму што гэта жыватворная крыніца, якая дае жыццё ніве нашай сучаснасці, ніве нашай будучыні. Скарбы мовы, скарбы пазнання, скарбы навакольнага свету адкрываюцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную мову і літаратуру.

Асноўная задача Тыдня беларускай мовы і літаратуры — пазнаёміць вучняў з нацыянальнай культурай, сфарміраваць у іх актыўную сацыяльную пазіцыю. Знаёмімся з народнымі святамі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, развіваем цікавасць да культурнай і гістарычнай спадчыны, народных традыцый, анкетуем бацькоў, арганізоўваем віктарыны, конкурсы, гутаркі, развучваем беларускія народныя песні, гульні, забаўлянкі.

Згадзіцеся, што фарміраваць беларускае маўленне дзяцей якасна можа толькі настаўнік, які сам любіць мову і ўмее на ёй размаўляць. Мова настаўнiка — адна з асноўных крынiц развiцця мовы гімназіста. Неабходна праводзіць работу з падрастаючым пакаленнем так, каб беларуская мова стала сапраўды роднай, а дзеці ведалі традыцыі і культуру свайго народа.

Тыдні, прысвечаныя роднай мове, нікога не пакідаюць раўнадушнымі да таго, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса, — да гонару за сваю мову! 

Наталля ЯНУКОВІЧ,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 31 Мінска.