×

За фізічнай актыўнасцю — на #CАД

20.08.2019 12:29,

Ужо трэці жнівеньскі чацвер запар на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле праходзіць марафон здаровага ладу жыцця #CАД — Спартыўны, Актыўны, Даступны! Сотні мінчан рознага ўзросту з радасцю прыходзяць пазаймацца фізічнай актыўнасцю на свежым паветры ў сапраўды вялікай кампаніі.

Азнаёміцца з праграмай на найбліжэйшы чацвер і выбраць штосьці сабе па душы можна на сайце марафонзож.бел. Там жа можна і зарэгістравацца на выбраны від занятку. Напрыклад, 15 жніўня ўдзельнікі марафону мелі магчымасць пратэсціраваць сардэчна-сасудзістую сістэму, пракансультавацца ва ўрача-неўролага, паўдзельнічаць у кулінарным батле, прайсці трэніроўку па ММА, паспрабаваць сябе ў фітнесе і стрэтчынгу, футболе, пілатэсе, функцыянальным мнагаборстве, капаэйры і ў дзясятку іншых заняткаў. Калі вам падалося, што марафон #CАД — гэта больш для дарослых, то не. Ледзь не палову ўдзельнікаў складаюць дзеці. Ёсць зусім малышы, па якіх бачна, што яны толькі нядаўна навучыліся хадзіць, ёсць дзеці сярэдняга ўзросту, ёсць і падлеткі. Для іх тут арганізавана некалькі пляцовак. Напрыклад, спартыўная гімнастыка ад Клуба аздраўленчай і спартыўнай гімнастыкі для дзяцей.

— Мы дзелім дзяцей па ўзроставых групах: адны ідуць на паласу перашкод, другія займаюцца на дыванках, трэція скачуць на батутах, — гаворыць трэнер клуба Марына Заржыцкая. — У нас ёсць спецыялісты на кожнай станцыі, якія займаюцца з дзецьмі, сочаць, каб з імі нічога не здарылася.

Пляцоўка спартыўнай гімнастыкі адна з самых ажыўленых. Вось дзіця вырашыла пралезці праз вялікую трубу, а за ім ужо гоніцца наступнае — яму ж таксама цікава! З іншага боку даносіцца “А зараз адвялі ножку ў бок, цяпер — у другі, малайцы!”. Якраз там, дзе цягнуць ножкі, займаецца 8-гадовая Алена Меснік. Яе мама, Таццяна, назірае за дачкой і часам фатаграфуе.

— Мы ўжо каля года займаемся гімнастыкай у трэнера Марыны. Вырашылі прыйсці сюды, падтрымаць яе. Гэта вельмі класная ініцыятыва. Ёсць шмат пляцовак, дзіця можа ўсё паглядзець, пахадзіць. І бацькі таксама. Мабыць, у іх сына ці дачкі схільнасці да чагосьці раскрыюцца або ён ці яна менавіта тут знойдуць, чым захочуць займаецца далей. Вельмі здорава! Думаю, усе бацькі толькі “за” такія мерапрыемствы.

Таксама дзяцей можна было ўбачыць і на іншых пляцоўках.

Футбол. Разам з трэнерам Юрыем Цыркуновым яны выконвалі вясёлыя практыкаванні на ўважлівасць і каардынацыю, рабілі расцяжку, вывучылі некалькі футбольных фішак.

Ментальная арыфметыка. Навучанне плаванню. Для лэдзі і джэнтльменаў ад 4 гадоў. Трэнер Аляксандр Кавалькоў расказвае пра тое, што такое ментальная арыфметыка і як з яе дапамогай можна навучыцца плаваць.

Агульная зарадка, якую правяла бронзавы прызёр чэмпіянату свету — 2011 па лёгкай атлетыцы Настасся Мірончык-Іванова. 

Кікбоксінг. Дзеці 5 гадоў і старэйшыя атрымалі энергічную трэніроўку ад майстра спорту па рукапашным баі і кікбоксінгу Пятра Чарнова.

Для некаторых пляцовак увогуле няма ўзроставых абмежаванняў, таму ў наступны чацвер можна смела браць сваё дзіця і разам бегчы насустрач здароваму целу і радасным эмоцыям.


Марафон #САД праходзіць у рамках праекта “Белмед”, які спансіруецца Еўрапейскім саюзам. Праграма накіравана на садзейнічанне папярэджанню неінфекцыйных захворванняў і ўмацаванне нацыянальнай сістэмы аховы здароўя. Арганізатарамі марафону выступаюць Міністэрства аховы здароўя, Прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь, ЮНПФА і СААЗ.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.