×

“Жартуем” — 25 гадоў!

02.11.2019 14:18,

У гэтым годзе ўзорнаму фальклорнаму ансамблю “Жарт” споўнілася 25 гадоў. Свой юбілей калектыў адзначыў вялікім святочным канцэртам, які адбыўся ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач” Мінска.

Па чалавечых мерках 25 гадоў — гэта юны ўзрост, калі ўсё жыццё наперадзе і кожны дзень поўны новых уражанняў і фарбаў. Але для творчасці 25 гадоў — гэта зусім нямала. Фальклорны ансамбль “Жарт” створаны ў 1994 годзе. З гэтага года і па сённяшні дзень нязменным кіраўніком калектыву з’яўляецца Ларыса Гаўрылаўна Гайдук. Ансамбль аб’ядноўвае розныя пакаленні хлопчыкаў і дзяўчынак, якія захоўваюць і распаўсюджваюць традыцыі беларускай фальклорнай творчасці.

У аснову работы ансамбля пакладзены нацыянальны фальклор, заснаваны на традыцыях продкаў, іх культурнай і нацыянальнай самабытнасці, якія адлюстроўваюцца ў мове, літаратуры, музыцы, танцы, гульнях, звычаях і абрадах.

Асноўная творчая ідэя калектыву — выхоўваць любоў і павагу да нацыянальнай культуры, мастацтва і традыцый беларускага народа. Вопытныя педагогі ансамбля развіваюць у дзяцей і моладзі цікавасць да пошуку і вывучэння нацыянальных песні, танца, самабытных музычных інструментаў, гульняў, далучаюць падрастаючае пакаленне да сцэнічнага майстэрства і канцэртнай дзейнасці, даюць шырокія магчымасці для папулярызацыі нацыянальнай культуры і мастацтва не толькі ў сваёй краіне, але і за мяжой.

Павіншаваць калектыў прыйшлі яго адданыя прыхільнікі — навучэнцы, іх бацькі, былыя выпускнікі, су­працоўнікі цэнтра і адміністрацыі Савецкага раёна Мінска. Прысутныя ўбачылі лепшыя канцэртныя нумары калектыву. Вядома, не абышлося і без падарункаў. Але самы галоўны падарунак для ўзорнага фальклорнага ансамбля “Жарт” — адданасць і любоў гледачоў.

Сёння ў калектыве шмат творчых ідэй і планаў на будучыню. Наперадзе мноства падзей, яркіх дат, здзяйсненняў і адкрыццяў.

Кацярына РЫМША,
метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Светач”.