×

Адзін дзень у Мінску

27.08.2019 12:25,

Палёт на верталёце МНС, знаёмства з сабакамі-ратавальнікамі, экскурсія ў музей пажарнай службы, забавы ў парку Горкага і многае іншае чакалі вучаніцу 3 “А” класа сярэдняй школы № 1 Новалукомля Віталію Мацарскую разам з іншымі пераможцамі конкурсу”Адзін дзень у Мінску”, арганізаванага часопісам “Юный спасатель”.

У прызначаны дзень мы прыбылі да цэнтральнага ўваходу чыгуначнага вакзала ў Мінску: менавіта там праходзіў агульны збор усіх 12 пераможцаў і іх бацькоў. Пакуль чакалі транспарт, для нас правялі гульню на знаёмства. Шыкоўны аўтобус МНС спачатку павёз дзяцей на аэрадром “Ліпкі”, дзе нас сустракалі супрацоўнікі дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-ратавальнай установы “АВІЯЦЫЯ”. Дзеці пазнаёміліся з рознай выратавальнай тэхнікай: верталётамі, беспілотнымі авіяцыйнымі комплексамі, матацыкламі, квадрацыкламі, машынай медыцынскай службы МНС, пажарнымі машынамі. Супрацоўнікі не толькі расказалі аб прынцыпах работы рознай тэхнікі, але і далі магчымасць зазірнуць у кожную машыну, паглядзець яе абсталяванне, прымерыць форму пажарнага-ратавальніка, уявіць сябе ў ролі пілота за штурвалам і, вядома, сфатаграфавацца. Асаблівае ўражанне пакінула знаёмства з сабакамі-ратавальнікамі Оскарам і Кірай. Паглядзелі і на іх “транспарт”: машыну кіналагічнай службы МНС. Супрацоўнікі спецназа МНС расказалі пра спецыфіку сваёй працы. Яшчэ была прэзентацыя аб беспілотных авіяцыйных комплексах. З захапленнем мы назіралі за дэсантаваннем ратавальнікаў з верталёта Мі-2. У небе луналі парашутысты са сцягам нашай краіны і сцягам МНС.

І вось Мі-2 гатовы зноў да ўзлёту. На борт падымаюцца не ратавальнікі, а дзеці і іх бацькі. Палёт над Мінскам стаў незабыўнай прыгодай у гэты выдатны дзень! Пасля палёту ўсіх паклікалі агледзець знутры самы вялікі ў свеце выратавальны верталёт: там гасцінныя гаспадары-ратавальнікі накрылі салодкі стол.

Наступным прыпынкам у гэты дзень стаў рэстаран з сімвалічнай назвай “101”. Свяцільні-вогнетушыцелі, афіцыянты ў параднай форме МНС, пажарная машына ўнутры будынка, смачны абед перапыняўся шматлікімі конкурсамі, гульнямі — усё гэта зрабіла час вясёлым і цікавым. Пасля абеду арганізатары мерапрыемства запрасілі ў музей гісторыі пажарнай службы. Якім было пажарнае абсталяванне ў пачатку свайго стварэння і якім яно стала на сучасным этапе дзеці змаглі ўбачыць падчас экскурсіі.

Кульмінацыяй сустрэчы ў Мінску стаў Цэнтральны дзіцячы парк імя М.Горкага. Там кожны ўдзельнік атрымаў рукзак з сімволікай МНС з усякімі карыснымі дробязямі: альбомамі, нататнікамі, размалёўкамі. Асаблівае захапленне выклікалі канверты з 10 (!) квіткамі на розныя атракцыёны.

“Адзін дзень у Мінску” пакінуў у нас толькі станоўчыя ўражанні і эмоцыі. Мерапрыемства атрымалася не толькі забаўляльным, але і пазнавальным. Мы даведаліся шмат новага пра службу ратавальнікаў, а таксама ад душы правялі час у парку.

Алена МАЦАРСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, інфарматыкі сярэдняй школы № 1 Новалукомля.