×

Адзінства і братэрства народаў

15.11.2019 15:50,

Ужо другі год запар наша школа (Крапівенскі яслі-сад — сярэдняя школа Аршанскага раёна) супрацоўнічае з муніцыпальнай бюджэтнай дашкольнай адукацыйнай установай “Дзіцячы сад № 73 “Малыш” Смаленска ў галіне грамадзянска-патрыятычнага выхавання. 29 кастрычніка адбылася чарговая сустрэча з калегамі на смаленскай зямлі. 

Для нас галоўным было не толькі абмяняцца вопытам, расказаць пра свой родны горад на Дняпры, яго гістарычнае мінулае і сучаснасць, але і паказаць непарыўную сувязь нашых брацкіх народаў. Рэалізавана гэтая мэта была праз шэраг мерапрыемстваў, якія падрыхтавалі смаленскія педагогі разам са сваімі сацыяльнымі партнёрамі. Пачалося мерапрыемства з прывітальнага слова загадчыка МБДАУ “Дзіцячы сад № 73 “Малыш” Жанны Аляксандраўны Фёдаравай, якая пазнаёміла нас з гасцямі сустрэчы, а таксама расказала пра план сумеснай работы. Мы прыехалі не з пустымі рукамі. Дырэктар школы Ірына Мікалаеўна Філіповіч падзякавала гаспадарам за чарговае запрашэнне і ўручыла выхаванцам сада салодкія пачастункі і сувеніры, якія зрабілі сваімі рукамі навучэнцы нашай школы. Потым педагагічны калектыў дзіцячага сада прэзентаваў работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дашкольнікаў. Дзеці паказалі глыбокія веды пра мінулае свайго горада, знакамітых людзей, якія нарадзіліся на смаленскай зямлі. Заданні інтэлектуальнага зместу ўдала перапляталіся з нумарамі мастацкай самадзейнасці. Чаго тут толькі не было: песні, танцы, гульні! У якасці сацыяльных партнёраў перад намі выступілі тэатр-студыя моды “Алёначка”, дзіцячая школа мастацтваў № 7, сярэдняя школа № 13 імя Э.Д.Балціна, а таксама бацькі выхаванцаў дзіцячага сада. Наступным этапам мерапрыемства стала выступленне старшага выхавальніка Аксаны Анатольеўны Васільевай з прэзентацыяй “Вопыт работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ў інтэграцыі з сацыяльнымі партнёрамі”. У якасці рэфлексіі з гасцямі быў праведзены майстар-клас па вырабе сувеніраў у народных традыцыях. Кожны ўдзельнік змог зрабіць сваімі рукамі саламяную птушачку-абярэг. На заключным этапе загадчыца Ж.А.Фёдарава падзякавала за сумесную плённую работу ўсім прысутным і адзначыла: “У нас адзіныя славянскія карані. І мэта ў нас адна — выхаванне ў навучэнцаў духоўна-маральных якасцей, любові да Радзімы і сям’і, культурнай спадчыны, гісторыі Расіі і Беларусі”. Чарговая сустрэча запланавана на студзень 2020 года ў Крапівенскім яслях-садзе — сярэдняй школе Аршанскага раёна”.

Наталля ВАРАБ'ЁВА, 
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крапівенскага ясляў-сада —сярэдняй школы Аршанскага раёна.