×

Аснова эфектыўнай работы — міжведамаснае ўзаемадзеянне

10.10.2019 12:23,

Двухдзённы семінар “Сістэма работы органаў аховы дзяцінства па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх” для галоўных спецыялістаў аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў Віцебска, якія курыруюць пытанні аховы дзяцінства, адбыўся на базе ўстаноў адукацыі Сенненскага раёна і абласнога цэнтра.

Педагогі Сенненшчыны пазнаёмілі з сістэмай адукацыі раёна, прадставілі рэгіянальную мадэль абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, паказалі ў дзеянні механізм рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў інтарэсах дзяцей. У сярэдняй школе № 1 Сянна імя З.І.Азгура гасцей віталі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Зоя Фаміна і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Вілюгіна.

— Дзейнасць сістэмы адукацыі Сенненскага раёна накіравана на забеспячэнне даступнасці і роўных магчымасцей атрымання якаснай адукацыі на ўсіх узроўнях у адпаведнасці з актуальнымі і перспектыўнымі патрэбамі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, запытамі інфармацыйнага грамадства, — праінфармавала Алена Аркадзьеўна. — На пачатак навучальнага года яна прадстаўлена 12-ю ўстановамі агульнай сярэдняй і 5-ю — дашкольнай адукацыі, установай дадатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічным цэнтрам, цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Асаблівасцю раёна з’яўляецца тое, што на нашай тэрыторыі размешчаны 3 дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, дзе адукацыйны працэс арганізаваны аддзелам па адукацыі. Гэта Сенненская школа-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў (калектыў навучэнцаў складаюць 97 чалавек), Багушэўская санаторная школа-інтэрнат для дзяцей з загасальнымі формамі туберкулёзу (дзе на сёння аздараўляюцца 64 дзіцяці) і Багушэўскі дом-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (на дзяржаўным забеспячэнні тут знаходзяцца 77 непаўналетніх выхаванцаў, з іх 39 дзяцей-сірот). Спадзяюся, што прадстаўлены намі вопыт у сферы аховы дзяцінства будзе цікавы, карысны і дапаможа калегам у далейшай рабоце.

Сацыяльна-педагагічная сфера сістэмы абароны дзяцінства ў раёне прадстаўлена органамі аховы дзяцінства аддзела па адукацыі, сеткай спецыяльных устаноў (сацыяльна-педагагічны цэнтр, Сенненская школа-інтэрнат), сацыяльна-педагагічнымі і псіхалагічнымі службамі ўстаноў адукацыі, замяшчальнымі сем’ямі. З чатырох спецыялістаў сектара аховы дзяцінства 3 маюць вопыт работы ў гэтым напрамку звыш 10 гадоў. Сацыяльна-педагагічныя і псіхалагічныя службы створаны ў 11 установах адукацыі, а ўсяго на Сенненшчыне працуюць 30 педагогаў сацыяльных і педагогаў-псіхолагаў. Больш за трэць з іх — маладыя спецыялісты, таму павышэнне прафесійнай кампетэнцыі прынята адной з прыярытэтных задач. У сацыяльна-педагагічным цэнтры штотыднёва праходзіць дзень СППС, у Viber створана інфармацыйная група з прыёмнымі бацькамі, рэгулярна праводзяцца тэматычныя сустрэчы-дыялогі і лекторыі для мола­дзі ва ўстановах адукацыі. У мэтах паспяховай сацыялізацыі, развіцця здольнасцей усе непаўналетнія школьнага ўзросту ўцягнуты ў работу аб’яднанняў па інтарэсах і спартыўных секцый на базе ўстаноў адукацыі. Аналіз кантынгенту навучэнцаў, якiя ажыццяўляюць правапарушэнні, сведчыць: гэта ў асноўным дзеці падлеткавага ўзросту. Каб далучыць схільных да дэвіянтных паво­дзін падлеткаў да цікавых і карысных форм занятасці, арганізаваны клубы “Падлетак” (Багушэўская сярэдняя школа), “Падары сабе заўтра” (сацыяльна-педагагічны цэнтр), ваенна-спартыўны клуб “Спарта” (раённы Цэнтр дзяцей і моладзі). Акрамя таго, падлеткамі запатрабаваны і такія формы, як удзел у камандзе КВЗ “НЕпадарункі” і ансамблі барабаншчыц (РЦ ДіМ). З гэтага навучальнага года ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі пашырылася коль­касць аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнай накіраванасці.

На Сенненшчыне развіваецца і паспяхова функцыянуе інстытут прыёмных сем’яў. Найбольшая іх колькасць тут назіралася ў 2015 годзе: у 45 сем’ях выхоўвалася 71 дзіця. На цяперашні час відавочная тэндэнцыя агульнага скарачэння сацыяльнага сіроцтва. Сёння ў раёне 29 прыёмных бацькоў выхоўваюць 68 дзяцей-сірот, 33 дзіцяці перададзены 21 апякунскай сям’і. У наступным годзе ў сувязі з 20-гадовым юбілеем прафесійнага замяшчальнага бацькоўства сенненцы плануюць правесці раённы конкурс прафесійнага майстэрства сярод прыёмных бацькоў. Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Святлана Рубанава падзялілася вопытам міжведамаснага ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў у арганізацыі работы па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.

— У працэсе рэалізацыі заканадаўства ў сферы абароны дзяцінства ў нас сфарміравалася адзіная міжведамасная прастора, якая даволі паспяхова вырашае задачы рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў гэтым напрамку, дазваляе стварыць умовы для забеспячэння абароны правоў і інтарэсаў дзяцей, іх рэабілітацыі, — адзначыла Святлана Мікалаеўна. — Дзяржаўныя органы і арганізацыі рэалізуюць патрабаванні заканадаўства ў пытаннях выяўлення дзіцячага недабрабыту па новых крытэрыях правядзення сацыяльнага расследавання, аказання сацыяльна-педагагічнай падтрымкі, псіхалагічнай дапамогі. Каб пазбегнуць суб’ектыўнасці, рашэнне аб прызнанні становішча дзіцяці сацыяльна небяспечным і вызначэнне мерапрыемстваў, накіраваных на ліквідацыю прычын сямейнага недабрабыту, дэлегіравана каардынацыйнаму савету па ажыццяўленні Дэкрэта № 18. З улікам вопыту педагагічнай дзейнасці і кваліфікацыйных катэгорый забяспечаны дыферэнцыраваны падыход у падрыхтоўцы кадраў. Выкарыстоўваюцца ў тым ліку метадычныя аб’яднанні, сістэма настаўніцтва, дні СППС у сацыяльна-педагагічным цэнтры, дыстанцыйныя вучэбныя мерапрыемствы і семінары, трэнінгі і кансультацыі; распрацоўваюцца неабходныя рэкамендацыі, буклеты, прыкладныя ўзоры дакументаў. Другі напрамак у нашай рабоце — ранняе выяўленне дзіцячага і сямейнага недабрабыту на міжведамаснай аснове. У сувязі з увядзеннем рэгламенту ўзаемадзеяння па выяўленні фактаў знаходжання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы і прызнанні іх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, зацверджанага Віцебскім абласным Саветам дэпутатаў і пракуратурай Віцебскай вобласці, значна актывізавалася ўзаемадзеянне па інфармаванні органаў апекі і папячыцельства з органамі энергазбыту, Сенненскім РАУС, Следчым камітэтам, адміністрацыйнай камісіяй выканкама, разліковым цэнтрам Сянна. Дзейнасць аддзела і ўстаноў адукацыі па правядзенні сацыяльных расследаванняў па атрыманых звестках ажыццяўляецца з прыцягненнем прадстаўнікоў сельскіх Саветаў, супрацоўнікаў Сенненскага РАУС, Сенненскага РАНС, медыцынскіх работнікаў; вынікі сацыяльных расследаванняў разглядаюцца на пасяджэннях саветаў прафілактыкі. Разам з усімі зацікаўленымі структурамі мы працуем і па такіх напрамках, як вядзенне і штомесячная актуалізацыя ўліковых даных аб непаўналетніх, знаходжанне якіх прызнана сацыяльна небяспечным, ліквідацыя прычын і ўмоў сямейнага недабрабыту, аказанне неабходнай дапамогі, накіраванай на паляпшэнне сітуацыі ў сям’і.

На пытаннях сацыяльнай накіраванасці ў выхаваўча-прафілактычнай рабоце ўстановы адукацыі акцэнтаваў увагу дырэктар школы № 1 Сянна Аляксандр Ладыжын. Узор работы каманды КВЗ “НЕпадарункі” як універсальнай формы арганізацыі вольнага часу моладзі прэзентаваў педагог дадатковай адукацыі Леанід Шняк. Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра Сянна Святлана Новікава падрабязна і на мностве яркіх прыкладаў прааналізавала ролю СПЦ у рэгіянальнай мадэлі па абароне дзяцінства. У эфектыўнасці выкарыстання метадаў ландшафтнай арт-тэрапіі як сродку гарманізацыі дзіцяча-бацькоўскіх адносін у няўдалых сем’ях пераканала намеснік дырэктара Студзёнкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ніна Печанькова. Дырэктар Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Сенненскага раёна Алена Васілёнак прысвяціла сваё выступленне абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а намеснік дырэктара Беліцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Наталля Стрэльская расказала аб узаемадзеянні ўстановы адукацыі з прыёмнымі бацькамі. Старонкі “Кнігі жыцця” (з вопыту прыёмных бацькоў) усе прысутныя прагарталі разам з Аленай Еўдакімавай, Вольгай Ігнатавай, Аленай Малахавай, Ірынай Жудро і Міхаілам Данілавым.

У Сенненскай школе-інтэрнаце ўдзельнікі семінара пазнаёміліся з умовамі жыцця і навучання, формамі занятасці, прафесійнай падрыхтоўкай навучэнцаў. Установай адукацыі быў прадстаўлены вопыт работы педагагічнага калектыву па адаптацыі і сацыялізацыі дзяцей і падлеткаў, падрыхтоўцы іх да сямейнага жыцця, стварэнні практыка-арыентаванага адукацыйнага асяроддзя, арганізацыі вытворчай дзейнасці і практычнага разумення фінансавай дасведчанасці. Выдатны канцэрт падарылі гасцям навучэнцы школы-інтэрната.

— Найважнейшая формула сям’і — забеспячэнне асабістага шчасця, узнаўленне і выхаванне маладога пакалення дзякуючы дзейснай узаемадапамозе і ўзаемнай маральнай адказнасці, — у ходзе знаёмства з сістэмай сямейнага выхавання ва ўстанове падкрэсліў намеснік дырэктара школы-інтэрната па выхаваўчай рабоце Яўген Кісялёў. — Педагагічныя і псіхалагічныя даследаванні пацвярджаюць, што падрыхтоўка да сямейнага жыцця павінна ажыццяўляцца на ўсіх этапах узроставага развіцця і быць непадзельнай з агульнымі праблемамі выхавання. Асоба не фарміруецца па частках: адсутнасць выхавання ў адной сферы дэфармуе яго вынікі ў іншых. Дзецям трэба ў працэсе самога жыцця пераймаць ад старэйшых пакаленняў веды пра стаўленне да чалавека іншага полу, шлюбу і сям’і, засвойваць нормы паводзін. Асноўная традыцыйная форма сямейнага выхавання ўключае асабісты прыклад бацькі, маці, дзядулі, бабулі, брата, сястры, пабудову асабістых адносін, узаемадзеянне, планаванне сямейнага бюджэту, формы працы і адпачынку, адносіны з суседзямі, сваякамі. Пачуцці таварыства, сяброўства, сумленнасці, годнасці фарміруюцца рана і становяцца асновай развіцця ўяўленняў пра каханне як найвышэйшы чалавечы вопыт, шлюбна-сямейныя адносіны. Навучыць дзяцей, якія выраслі без сям’і, быць добрымі сем’янінамі гэтак жа няпроста, як навучыць плаваць па падручніку. Перад калектывам школы стаіць задача максімальна наблізіць умовы пражывання ў школе-інтэрнаце да сямейных, скарэкціраваць негатыўныя наступствы таго вопыту, які дзеці набылі ў бацькоўскай сям’і. Нашы выхаванцы не жывуць у раскошы ў сэнсе поўнай бяздзейнасці і чыстага спажывальніцтва. Мы разам у дастатковай ступені працуем і адпачываем, вучымся і вучым працаваць на карысць сабе і іншым, успрымаць працу як форму самавыяўлення і аснову дабрабыту, як лад жыцця. Наш педагагічны калектыў, мне здаецца, выйшаў на новы віток пабудовы ўзаемаадносін, дзе дарослы для дзіцяці — гэта не толькі педагог, але і сябар у самым правільным разуменні ў сістэме “дарослы — дзіця”. Простыя словы — “мама”, “тата”, вышэйшая ступень даверу і павагі — “баця”, “бацька”, з якімі дзеці звяртаюцца да сваіх педагогаў, гавораць самі за сябе. Педагагічны калектыў нашай школы, спецыялісты і вялікая частка тэхнічнага персаналу ўяўляюць сабой даволі пазітыўнае выхаваўчае асяроддзе, агульны стаж работы ў школе-інтэрнаце на ўсіх перавышае 150 гадоў, сярэдні на сям’ю — больш за 25 гадоў. Чым не прыклад для выхаванцаў? Мы вучым дзяцей жыць сярод людзей па этычных законах і нормах. Адзіны спосаб выхаваць маральныя пачуцці — уключыць іх у адносіны ўсеагульнага клопату і ўвагі. Толькі так можна паступова падвесці выхаванца да разумення, што значыць быць дзіцем сваіх бацькоў, сябрам або сяброўкай, братам або сястрой. І тады мы зможам спадзявацца, што нашы дзеці, нашы выпускнікі будуць шчаслівымі, будуць ствараць моцныя сем’і, нараджаць і гадаваць здаровых дзяцей, якія будуць расці ў бацькоўскай любові і клопаце.

На другі дзень пляцоўкай семінара стаў Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Да работы далучыліся першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Алена Багдановіч, старшы памочнік пракурора вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Антон Волкаў, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Тамара Аляхновіч, галоўныя спецыялісты і намеснікі кіраўнікоў структурных падраздзяленняў аблвыканкама і Віцебскага гарвыканкама, кіраўнікі і вядучыя спецыялісты іншых зацікаўленых арганізацый і структур.

Насычаны парадак дня ўключаў вялікае кола пытанняў па ўсіх напрамках міжведамаснага ўзаемадзеяння — ад сістэмы работы органаў аховы дзяцінства па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, прафілактыкі правапарушэнняў і сямейнага недабрабыту, постынтэрнатнага суправа­джэння дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, да асноўных тэндэнцый у сферы нацыянальнага ўсынаўлення і метадычнага забеспячэння дзейнасці спецыялістаў па пытаннях функ­цыянавання замяшчальных сем’яў. Вынікі семінара былі падведзены за круглым сталом.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.