×

Асновы духоўнасці і патрыятызму

09.01.2020 12:34,

Пытанне духоўна-маральнага выхавання дзяцей — адна з ключавых праблем, якія стаяць перад кожным з бацькоў, грамадствам і дзяржавай у цэлым. Здаўна духоўна-маральнае выхаванне на аснове праваслаўных традыцый фарміравала асобу, станоўча ўплывала на ўсе бакі і формы ўзаемаадносін чалавека са светам, на яго светапогляд, грамадзянскую пазіцыю, сямейныя каштоўнасці, інтэлектуальны патэнцыял, агульнае фізічнае і псіхічнае развіццё. У гэтым мне дапамагае факультатыў “Асновы праваслаўнай культуры”.

Заняткі па факультатыве праводзяцца з 2018/2019 навучальнага года, паколькі наша ўстанова другі год удзельнічае ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара”.

Вучэбная праграма факультатыва з’яўляецца складовай часткай вучэбна-метадычнага комплексу па духоўна-маральным выхаванні навучэнцаў пачатковых класаў, які распрацаваны ў мэтах выканання мерапрыемстваў Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай праваслаўнай царквой. Супрацоўніцтва арыентавана на выкарыстанне патэнцыялу праваслаўных традыцый і каштоўнасцяў у фарміраванні асобы, духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

Для дасягнення мэты і вырашэння пастаўленых задач я выкарыстоўваю наступныя формы і метады арганізацыі дзейнасці вучняў: гутарку, аповед, абмеркаванне прачытанага, гульні “Ці верыце вы…”, “Так — не”, прэзентацыі, праслухоўванне аўдыязапісаў, прагляд відэафільмаў, мультфільмаў па тэме факультатыву, экскурсіі да адметных мясцін, праваслаўных святыняў рэгіёна, завочныя экскурсіі славутых мясцін Беларусі, правядзенне сумесна з бацькамі Калядаў, класных гадзін “Іх імёнамі названы вуліцы горада”, калектыўныя работы на тэму “Мой любімы горад”, “Дрэва дружбы”.

У нашым невялікім горадзе Барань Аршанскага раёна ёсць храм Праабражэння Гасподняга, настаяцелем якога з’яўляецца іерэй Вадзім Котаў. Святар — часты госць у вучняў майго класа. Ён тлумачыць дзецям некаторыя праваслаўныя традыцыі, культуру праваслаўных святаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі з цікавасцю наведваюць храм у родным горадзе. На занятках вучні не толькі знаёмяцца з вытокамі народнай культуры і праваслаўнымі традыцыямі, але і атрымліваюць асновы духоўнага развіцця і маральнага выхавання.

Калі сёння параўнаць маіх вучняў з тымі, якія прыйшлі некалькі гадоў таму ў 1 клас, то можна заўважыць істотную розніцу. Многія з дзяцей становяцца больш памяркоўнымі, вучацца слухаць адзін аднаго, разумець, суперажываць. Дзеці вучацца любіць сваю краіну, вывучаючы вытокі яе культуры, і ганарыцца ёй.

Ірына ДУЙНОВА,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 18 Барані Аршанскага раёна.