×

Баль юных ратавальнікаў

19.10.2019 10:55,

У Віцебску 16 кастрычніка восеньскім балем юных ратавальнікаў-пажарных завяршылася Рэспубліканская акцыя МНС “Моладзь за бяспеку”.

На ўрачыстасць у Віцебскі гарадскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі разам з бацькамі і педагогамі былі запрошаны лепшыя прадстаўнікі маладзёжнага руху з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра, Віцебскага раёна, Наваполацка і Оршы. Як паведаміла старшы інспектар цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Юлія Пахолкіна, штогод у рэгіянальную маладзёжную арганізацыю ратавальнікаў-пажарных прыходзяць каля 700 навучэнцаў, сёння яна аб’ядноўвае каля 20 тысяч чалавек. Маладыя памочнікі работнікаў МНС — пастаянныя ўдзельнікі творчых, спартыўных і прафілактычных мерапрыемстваў, арганізаваных па ініцыятыве Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Толькі сёлета ў перыяд правядзення акцыі “Моладзь за бяспеку” юныя ратавальнікі-пажарныя Віцебшчыны аказалі шэфскую дапамогу больш як 130 ветэранам, інвалідам, адзі­нокім пажылым людзям, правялі вучэбныя заняткі па бяспецы ў 70 мнагадзетных сем’ях, наведалі і расказалі аб дзейнасці Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных у 115 сацыяльных прытулках, дамах-інтэрнатах, установах вобласці. З 18-годдзем арганізацыі моладзь павіншавалі першыя намеснікі начальнікаў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Андрэй Гаўрыленка і галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч, ветэраны МНС, якія стаялі ля вытокаў руху. Самым адказным, ініцыятыўным і творчым юным ратавальнікам рэгіёна Андрэй Уладзіміравіч уручыў граматы, іх бацькам — падзячныя лісты абласнога ўпраўлення МНС. Узнагароды за ўклад у папулярызацыю Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, актыўную жыццёвую пазіцыю і прапаганду бяспекі жыццядзейнасці атрымалі навучэнцы сярэдняй школы № 14 Віцебска Ягор Мошчанка, гімназіі № 1 Оршы Настасся Камісарава, Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Лізавета і Ганна Бяляевы і сярэдняй школы № 14 Наваполацка Арына Свірко. Падзякамі абласнога ўпраўлення МНС за ўзаема­дзеянне з органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях, папулярызацыю прафесіі ратавальніка-пажарнага і прапаганду бяспекі жыццядзейнасці сярод падрастаючага пакалення адзначаны педагогі і кіраўнікі клубаў юных ратавальнікаў: намеснікі дырэктараў сярэдняй школы № 44 Таццяна Карнакова і сярэдняй школы № 14 Наваполацка Вольга Лісоў­ская, настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі гімназіі № 1 Оршы Аляксандр Мажэйка і нас­таўнік фізічнай культуры і здароўя Акцябрскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Уладзімір Казлоў. Актыўны ўдзел у свяце прынялі ветэраны пажарнай службы на чале са старшынёй Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Дзмітрыем Труханам, якія не толькі па­дзяліліся багатым прафесійным вопытам, але і ўручылі членскія білеты БМГАРП дзесяці навабранцам. Яркімі момантамі сталі творчыя нумары ратавальнікаў-пажарных, а завяршылася свята пад мелодыю вальса, у якім закружылі разам юныя ратавальнікі і іх старэйшыя сябры, аднадумцы і настаўнікі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным упраўленнем МНС.