×

Бяспечны шлях

07.09.2019 14:28,

Цэлы тыдзень у Ноўкінскай сярэдняй школе Віцебскага раёна з вучнямі праводзіліся мерапрыемствы, накіраваныя на вывучэнне правіл бяспечных паводзін.

Прайшлі класныя гадзіны, на якіх абмяркоўваліся дзеянні пры ўзнікненні небяспечных сітуацый, гутаркі па пытаннях забеспячэння пажарнай бяспекі, бяспекі на дарогах, на вадаёмах, у лесе, у інтэрнэце. Малодшым школьнікам ўдалося паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў-маршрутаў “Дарога дадому”. Хлопчыкам і дзяўчынкам трэба было намаляваць свой маршрут ад школы да дому з указаннем небяспечных месцаў на гэтым шляху або адлюстраваць самы небяспечны адрэзак шляху.

Самы жаданы час для кожнага школьніка — выхадныя. Кожнае дзіця чакае іх з нецярпеннем ў прадчуванні вясёлых забаў і цікавага адпачынку. І каб гэты адпачынак на працягу года быў бяспечным і сапраўды прыемным, у нашай школе прайшла спартыўная квест-гульня, прымеркаваная да адзінага дня бяспекі. Паралелі пазмагаліся і высветлілі, хто лепш ведае правілы бяспекі. У маршруце трэба было праехаць на веласіпедзе, адказаць на пытанні віктарыны, перавязаць пацярпелага, надзець форму пажарнага на хуткасць і разгарнуць сапраўдны рукаў пажарнай машыны. Скончылася мерапрыемства гутаркай з супрацоўнікамі МНС і праглядам мультфільма пра бяспеку. Бацькі і дзеці атрымалі незабыўныя ўражанні і паўтарылі такія важныя правілы.

Алена ВАСІЛЁНАК,
настаўніца пачатковых класаў.