×

Чарговая сустрэча з супрацоўнікам ГРАНС

04.10.2019 15:05,

Навучанне школьнікаў правілам бяспекі і правільным паводзінам пры розных надзвычайных сітуацыях — найважнейшы аспект у рабоце не толькі педагогаў, але і ратавальнікаў. Для правядзення чарговай прафілактычнай акцыі ў Крапівенскім яслях-садзе — сярэдняй школе Аршанскага раёна быў запрошаны інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Аршанскага ГРАНС Аляксандр Уладзіміравіч Салаўёў.

—Кожны год мы наведваем гэтую школу, бо сумесная праца дазваляе яшчэ раз нагадаць навучэнцам аб правілах пажарнай бяспекі, паводзінах у крытычных сітуацыях, — расказаў Аляксандр Уладзіміравіч. — Мы заўсёды рады такім сустрэчам, бо яны прыносяць вялікую карысць. Тым больш што напамін пра добрыя паводзіны не толькі ў школе, але і дома ніколі не бывае лішнім. Такія мерапрыемствы запланаваны на працягу ўсяго года, таму са школьнікамі мы яшчэ не раз сустрэнемся.

У 8 класе было праведзена сумеснае цікавае і пазнавальнае мерапрыемства па асновах бяспекі “Калі раптам бяда здарыцца”.

Нягледзячына тое, што, здавалася б, у такім узросце хлопцы і дзяўчаты ведаюць, як паводзіць сябе пры надзвычайных сітуацыях, некаторыя моманты і ў падлеткаў выклікалі цяжкасці. Не лішнім быў напамін пра нумары экстранных службаў. Інспектар падрабязна патлумачыў школьнікам, як правільна сябе паводзіць, а таксама адказаў на пытанні, якія іх цікавілі.

“Я абавязкова стану ратавальнікам”, — чулася ад хлопчыкаў і дзяўчынак. “У іх не толькі прыгожая форма, але вельмі важная задача — ратаваць людзей, весці прафілактычную работу, каб надзвычайных сітуацый было як мага менш”. “Мы абавязкова раскажам нашым бацькам усё, што пачулі сёння ад Аляксандра Уладзіміравіча, раптам дарослыя пра нешта забыліся”.

Сустрэча прайшла ў сяброўскай атмасферы. Такія партнёрскія адносіны — залог бяспекі вучняў. А што можа быць важней?


Таццяна ЗАРУБІЦКАЯ,
настаўніца рускай мовы і літаратуры Крапівенскага ясляў-сада — сярэдняй школы Аршанскага раёна.