×

Чарговая вяршыня Алены Багдановіч

11.01.2020 12:24,

Каторы год запар Полаччына нязменна трымае высокі рэйтынг у сферы адукацыі. Абласны конкурс прафесійнага майстэрства “Метадыст установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” чарговы раз даказаў, што якасць дадатковай адукацыі шмат у чым вызначаецца ўзроўнем прафесійнага майстэрства метадыстаў. Пераможцай конкурсу стала палачанка Алена Багдановіч, метадыст аддзела турызму і актыўнага адпачынку Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

26 самых вопытных, крэатыўных прадстаўнікоў метадычных службаў устаноў дадатковай адукацыі Віцебскай вобласці спаборнічалі за званне лепшага. Праграма фіналу конкурсу ўключала творчае самапрадстаўленне метадыста, прэзентацыю матэрыялаў метадычнага кейса і прадстаўленне планаў-канспектаў вучэбных метадычных мерапрыемстваў. За нестандартныя рашэнні конкурсных заданняў, арыгінальнасць падыходаў журы вызначыла пяць удзельніц з Полацка, Віцебска, Гарадка, Паставаў, Оршы. Імя палачанкі Алены Багдановіч прагучала ў ліку фіналістак.

Алена Сяргееўна працуе ў сістэме дадатковай адукацыі больш за 20 гадоў. Яе сітуацыя — калі прафесія з’яўляецца адным з галоўных захапленняў. Хобі, якое прыносіць, акрамя радасці і задавальнення, яшчэ і заробак, — гэта тое, пра што мараць практычна ўсе. Па адукацыі яна гісторык, скончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, педагогаў якога ўспамінае з удзячнасцю. Менавіта ў час вучобы з’явілася жаданне займацца навукова-даследчай дзейнасцю, а работа ў аддзеле турызму і актыўнага адпачынку дапамагала прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Асабіста для сябе яна вывучае краязнаўства ў ХХ—ХХI стагоддзях на тэрыторыі Полацка. Алена Сяргееўна — распрацоўшчык і каардынатар шматлікіх гісторыка-адукацыйных праектаў, у ліку якіх — “Полацк вачыма дзяцей, або Горад у мініяцюры”, “Краіна майго дзяцінства”, “Стужка часу”. Краязнаўчыя і інтэрактыўныя квесты “Брама гісторыі”,“Полацкія лабірынты”, “У Кантакце з часам” сталі найбольш упадабанымі гульнямі для школьнікаў па вывучэнні гісторыі роднага горада. Алена Сяргееўна працягвае займацца актыўным турызмам, аддаючы перавагу водным відам. Штогод пад яе кіраўніцтвам працуе перасовачны палатачны лагер “Азімут”. У вольны час яна любіць чытаць, прычым аддае перавагу традыцыйнай кнізе, а не шматфункцыянальным дэвайсам.

— З турызмам і краязнаўствам звязана ўсё маё жыццё. Я ніколі не стаяла перад выбарам прафесіі: настолькі была захоплена гісторыяй роднага краю, яе вывучэннем праз актыўны турызм і краязнаўства. Місія метадыста, як я яе бачу, — быць сувязным звяном паміж навуковымі ведамі і практыкай, — адзначае Алена Сяргееўна. — Задача метадыста — знайсці і раскрыць у педагогу іскрынку, дапамагчы яму самавызначыцца, стаць прафесіяналам сваёй справы. Мая работа займае шмат часу, таму кожную вольную хвіліну стараюся прысвяціць родным. Самае галоўнае для мяне ў жыцці — мая сям’я. Адчувала яе падтрымку на працягу ўсяго конкурсу. Дачка Ульяна ўдзельнічала са мной у візітоўцы, муж Дзмітрый і сын Антон дапамаглі з інфармацыйна-камп’ютарным абсталяваннем, бо гэта іх сфера дзейнасці. Мы любім падарожнічаць разам. Асаблівыя месцы для нас — гэта гарады Беларусі і Поўнач Расіі. З апошніх сумесных захапленняў — складанне і вывучэнне радаводу. Зрабілі шмат адкрыццяў, напрыклад, што ў ро­дзе былі святары.

Прафесійнае крэда  Алены — “Ву­чышся сам — вучы іншых!”. Яна актыўна прапагандуе вопыт работы аддзела на канферэнцыях і семінарах. Азіраючыся назад, успамінае, што да вышэйшай прафесійнай прыступкі яе прывёў ланцужок акалічнасцей, людзей, фактаў.

— Конкурс дапамог зразумець, што мы звёны аднаго ланцуга, — усміхаецца метадыст. — Я лічу залогам свайго поспеху добрую дасведчаную каманду, у якой працую. Мы не баімся працы, нават калі яна аднімае шмат часу і сіл, робім яе так, каб не было сорамна. Калі працуеш у групе з таленавітымі калегамі, хочацца развівацца. Работа метадыста шматгранная, я ўвесь час знаходжуся ў руху: завяршаючы адзін праект, адразу бяруся за новы. З атрыманнем узнагароды атрымліваю велізарны ліміт даверу з боку любімага горада, калег, кіраўніка. Перамога ў конкурсе, безумоўна, увой­дзе ў топ важных падзей мінулага года. Гэта паказчык развіцця, доказ, што праца шануецца, а ўпартая праца абавязкова дае вынік.

Віншуем Алену Сяргееўну з перамогай. Такія метадысты, як яна, — сапраўдныя жамчужыны кадравага патэнцыялу Полаччыны. Іх вопыт запатрабаваны ў адукацыйнай прасторы не толькі вобласці, але і краіны.

Наталля СЛЯПЦОВА,
загадчык вучэбна-метадычнага кабінета Полацкага РЦДіМ.