×

Чароўны свет пушкінскіх казак

05.07.2019 15:46,

Да 220-годдзя з дня нараджэння вялікага рускага паэта Аляксандра Пушкіна ў бібліятэцы імя У.С.Караткевіча ў Наваполацку адкрылася выстаўка малюнкаў студыі выяўленчага мастацтва “Хамелеон” — “Чароўны свет казак А.С.Пушкіна”.

Выстаўка рыхтавалася з мэтай павышэння ў навучэнцаў цікавасці да творчасці Пушкіна, далучэння да свету літаратуры, усведамлення яе ролі ў жыцці чалавека, пашырэння кругагляду і літаратурных ведаў.

Юныя мастакі з цікавасцю ўзяліся за раскрыццё гэтай цікавай і аб’ёмнай тэмы. Было прадстаўлена 19 найлепшых работ. Навучэнцы студыі выяўленчага мастацтва ў малюнках пастараліся адлюстраваць найбольш вядомыя сюжэты казак і твораў Пушкіна, у тым ліку “Казкі пра цара Салтана”, “Руслана і Людмілы”, “Казкі пра рыбака і рыбку”.

На адкрыцці выставы, акрамя аўтараў малюнкаў, іх бацькоў і знаёмых, педагогаў, прысутнічалі навучэнцы прышкольнага лагера сярэдняй школы № 14. Яны з цікавасцю далучыліся да абмеркавання тэматыкі малюнкаў, з захапленнем удзельнічалі ў літаратурных гульнях і віктарынах, якія падрыхтавала і правяла загадчык бібліятэкай імя У.С.Караткевіча Вольга Бараўлёва.

Экспазіцыя малюнкаў будзе працаваць ўсё лета. Запрашаем усіх акунуцца ў чароўны свет казак А.С.Пушкіна!

Таццяна АСТАШКЕВІЧ,
кіраўнік студыі выяўленчага мастацтва “Хамелеон” Палаца дзяцей і моладзі г. Наваполацка.
Фота аўтара.