×

Да Мэт устойлівага развіцця — упэўненымі “ШАГ”амі

10.08.2019 15:26,

Лета — пара адпачынку, забаў, новых адкрыццяў, пошуку сяброў і цікавых заняткаў. Для ўдзельнікаў навучэнскага самакіравання Браслаўскай гімназіі лета — гэта яшчэ і ўнікальная магчымасць сабрацца разам у аздараўленчым лагеры “ШАГ” і распрацаваць маладзёжныя праекты для прасоўвання ідэй устойлівага развіцця на Браслаўшчыне.

“Школа актыўнага гімназіста” сёлета сабрала актывістаў гімназіі, каб бліжэй пазнаёміць дзяцей з комплексна-мэтавымі праграмамі, па якіх працуе ўстанова адукацыі, а таксама прадумаць акцыі для рэалізацыі ў новым навучальным годзе сіламі гімназічнай супольнасці. На працягу дзевяці насычаных дзён удзельнікі лагера не толькі актыўна адпачывалі, але і прымалі ўдзел у трэнінгах і лекцыйных занятках, выносілі свае ініцыятывы на ўсеагульнае абмеркаванне, шукалі аднадумцаў, вывучалі асновы цімфайндынгу.

Аднак для вызначэння, якія ідэі неабходна рэалізаваць, каб зрабіць свет вакол сябе лепшым, трэба цалкам паглыбіцца ў гэты свет, яго традыцыі і праблемы. З гэтай мэтай удзель­нікі змены наведалі музей традыцыйнай культуры Браслава, дзе пагутарылі з яго работнікамі і прынялі ў­дзел у практыкуме па пляценні паясоў на дош­чачках. У выніку нарадзілася ідэя стварэння майстэрняў па адраджэнні традыцыйных браслаўскіх рамёстваў падчас зімовага лінгвакультуралагічнага лагера “Спадчына” — “Рамёствы нашых продкаў”. І гэта была не адзіная ініцыятыва, народжаная за час змены.

Навучэнцы прапанавалі ўключыць у план работы гімназічнага самакіравання ініцыятыву “#ВелоBras”, мэтай якой з’яўляецца арганізацыя вела­квестаў па Браславе і раёне для ўсіх жадаючых, стварэнне веламаршрутаў для тых, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і культурай роднага краю; ідэю “Крокі да МУР”, якая заключаецца ў вядзенні асобнай старонкі ў штоквартальным гімназічным часопісе “Магістр”, прысвечанай Мэтам устойлівага развіцця, дзе будуць размяшчацца навіны, звязаныя з дзейнасцю гімназістаў у гэтым кірунку; акцыю “Разам ва ўстой­лівую будучыню”, якая будзе праведзена для жыхароў горада ў рамках “Аднаго дня міру” сумесна з выхаванцамі Браслаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, а таксама з удзельнікамі сацыяльнага клуба для пажылых і інвалідаў “Акадэмія Gold”.

Такім чынам, можна з упэўненасцю сказаць, што ўдзельнікі лагера “Школа актыву гімназіі” — ініцыятыўныя і творчыя людзі, яны энергічныя, валодаюць дастатковай доляй знаходлівасці і прадпрымальнасці, свабодна выказваюцца і заўсёды гатовы асабіста адказваць за наступствы прынятых імі рашэнняў. “Мы рады, што зможам унесці свой уклад у прасоўванне ідэй устойлівага развіцця на Браслаўшчыне, прапаноўваючы і рэалізоўваючы свае ідэі, — гаворыць Софія Цыўнель, адна з удзельніц лагера. — Бо “ШАГ” даў нам магчымасць навучыцца быць ініцыятарамі, дасягац­ь сваіх мэт і, самае галоўнае, знаходзіць падтрымку сваім ідэям”.

Вольга ЛУКША,
начальнік лагера “Школа актыву гімназіі — 2019”.