×

Да роднай мовы крок зрабіць

05.02.2019 16:25,

Тое, што сёння адна з самых мілагучных моў свету знаходзіцца не ў лепшым стане, які зусім не адпавядае статусу дзяржаўнай, — факт, які не стане аспрэчваць нават самы заўзяты аптыміст. Чаму беларускія дзеці ў школах вучаць ахвотней замежную мову — пытанне рытарычнае. Ды і азначэнне “родная мова” для маленькіх беларусаў, на жаль, страчвае сэнс у сучасным рускамоўным грамадстве. Памятаеце гэты здзеклівы выраз: “Беларусы настолькі шануюць і берагуць роднуюмову, што не гавораць на ёй”?

“Што ж можа зрабіць настаўнік беларускай мовы і літаратуры, каб мова Коласа і Купалы “заняла свой пачэсны пасад” у свядомасці вучняў?” — пытанне ўжо зусім іншага кшталту. І адказ залежыць ад кожнага неабыякавага педагога, які штодзённа (у 10, 11 класах — раз на тыдзень!!!) запрашае ў чароўны свет мовы, якой пагражае знікненне.

Вядома, у кожнай установе адукацыі склаліся свае традыцыі святкавання Дня роднай мовы, хтосьці штогод шукае новыя формы (нашы настаўнікі — такія штукары!). У Коханаўскай школе Талачынскага раёна, якая ў гэтым годзе адзначыла 150-гадовы юбілей, цікава прайшоў месячнік “Да роднай мовы крок зрабі”. Нам падалося, што адзін дзень — гэта мала. Таму ў пазамінулым годзе праграма святкавання Дня роднай мовы расцягнулася на месяц.

Першы крок — тыдзень “Малюем родную мову”. Вучні ілюстравалі малавядомыя беларускія словы: альтанка, коўзанка, ажыны і г. д. Быў арганізаваны конкурс — выстаўка малюнкаў, а лепшыя работы сёння размешчаны ў “галерэі роднай мовы”, якую мы наладзілі каля кабінета беларускай мовы і літаратуры. Хочацца сказаць, што гонар нашай галерэі — вялікае пано “Краскі роднай мовы”, над якім доўгі час працавалі вучні, бацькі і настаўнікі Коханаўскай школы. Тут расквітнелі валошкі, стакроткі, браткі, званочкі, ружа, рамонак, сланечнік, півоня, зробленыя з ільняной тканіны.

Другі крок — тыдзень “Гуляем у родную мову”. Нашы настаўнікі арганізавалі і правялі гульні: “Скарбы роднай мовы”, “Свая гульня”, “Знаўцы беларускай мовы”. А старшакласнікі захапілі вучняў малодшых класаў беларускімі народнымі гульнямі.

Трэці крок — тыдзень “Чытаем беларускую мову”. Цікава і карысна прайшоў фестываль “Паэтычны ветразь”, на якім школьнікі па-мастацку чыталі творы пісьменнікаў-юбіляраў. А на перапынках быў арганізаваны “Свабодны мікрафон”: вучні чыталі любімыя беларускія вершы. А ў відэасалоне дэманстраваліся вучнёўскія відэаролікі паводле вершаў беларускіх паэтаў.

Чацвёрты крок — тыдзень “Спяваем родную мову”. Беларуская музыка гучала паўсюль: на калідорах, у сталовай, у кабінетах. Кульмінацыя тыдня — канцэрт-свята з такой жа назвай, у якім удзельнічалі вучні разам з класнымі кіраўнікамі. Як жа хораша гучалі сучасныя і народныя песні на родненькай беларускай мове! Многія настаўнікі ўпершыню выйшлі на школьную сцэну, каб навучыць дзяцей адчуваць меладычнасць і прыгажосць беларускага слова.

Падвёўшы вынікі “Месяца роднай мовы”, хочацца засведчыць: мэта дасягнута. Малюючы, маленькія беларусы пазналі новыя словы роднай мовы, а створаная галерэя і сёння дапамагае ўзбагагіць моўны запас. Гуляючы, дзеткі актывізавалі пазнавальную дзейнасць і развівалі беларускае маўленне. Чытаючы беларускамоўныя творы, вучні развівалі чытацкую і камунікатыўную кампетэнцыі, выхоўвалі літаратурны густ. Выступаючы на сцэне, школьнікі атрымалі магчымасць адчуць задавальненне ад таго, як яны спяваюць на беларускай мове, якая міжнароднай арганізацыяй ЮНЕСКА прызнана другой пасля італьянскай па меладычнай прыгажосці.

Зразумела, што ў такой канцэнтрацыі вакцыну беларускай мовы падчас правядзення месячніка атрымаў не кожны вучань Коханаўскай школы. Важна адно: вучні рускамоўнай школкі атрымалі цудоўную магчымасць — да роднай мовы крок зрабіць.

Жанна БЕРАСНЯКОВА,
настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры Коханаўскай сярэдняй школы iмя I.П. Кожара Талачынскага раёна.