×

Да ведаў — праз працу і творчасць

04.06.2019 14:21,

Абласны фестываль міжкультурных камунікацый прайшоў на базе гімназіі № 2 Віцебска. Свае таленты, веды і здольнасці ў пяці конкурсных намінацыях (“Я — прамоўца” па тэме “Ці лёгка быць маладым?”, “Я — гід” па тэме “Нацыянальны касцюм”, “Прэс-цэнтр” па тэме “Цуды нанатэхналогій”, конкурс міні-тэатраў і “Фабрыка зорак”) прадэманстравалі лепшыя знаўцы замежных моў і культуры краін,  мова якіх вывучаецца, з усіх гарадоў і раёнаў Віцебшчыны.

Па традыцыі для перамогі ўдзельнікам трэба было паказаць не толькі выдатнае веданне замежнай мовы, але і творчыя здольнасці, аратарскае, выканаўчае, тэатральнае майстэрства. 

— Фестываль спрыяе выхаду навучэнцаў за рамкі ўрокаў, ствараючы ўмовы для пашырэння іх кругагляду, засваення дадатковых ведаў па прадмеце, развіцця творчага патэнцыялу, падтрымання матывацыі да вывучэння замежных моў, далучэння да культурнай спадчыны сваёй краіны і краіны,  мова якой вывучаецца, узаемадзеяння і абмену вопытам з навучэнцамі не толькі сваёй школы, але і раёна, вобласці, як вынік — фарміравання гатоўнасці да міжкультурнага дыялогу, — расказала метадыст аддзела агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ніна Клокава. — Маючы велізарны педагагічны і культуратворчы патэнцыял, фестываль уяўляе сабой узор рознаўзроўневых зносін, задавальняе патрэбы навучэнцаў у змене відаў дзейнасці, грамадскай ацэнцы сваёй працы, эстэтычнай творчасці, самавыяўленні, цікавай і карыснай справе, далучэнні да сацыяльна значных мэт.

Традыцыйна фестываль міжкультурных камунікацый накіраваны на прэзентацыю і ўкараненне ў практыку работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі эфектыўнага педагагічнага вопыту па арганізацыі пазакласнай работы па замежных мовах, стварэнне аптымальных умоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі таленавітых творчых педагогаў і садзейнічанне росту іх прафесійнага майстэрства, падтрымку інавацыйных распрацовак і тэхналогій, выяўленне таленавітых і здольных навучэнцаў, арганізацыю далейшай працы па пашырэнні сферы іх інтарэсаў і паглыбленні ведаў, фарміраванне навыкаў самастойнай вучэбнай дзейнасці навучэнцаў праз прымяненне асобасна арыентаванага падыходу ў адукацыйным працэсе. Арганізатары фестывалю — галоўнае ўпраўленне па адукацыі аблвыканкама і абласны інстытут развіцця адукацыі. Сёлета маштабны маладзёжны творчы форум праводзіўся восьмы раз і аб’яднаў больш за 100 аматараў замежных моў. Пераможцы ўзнагаро­джаны дыпломамі і памятнымі прызамі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.