×

Дацягнуцца да зорак

09.01.2020 12:27,

Якое дзіця не марыла паляцець у космас, убачыць зоркі і нашу планету з ілюмінатара касмічнага карабля? Але космас велізарны, а чалавек абмежаваны — перш за ўсё законамі фізікі. Унікальная магчымасць дакрануцца да таямніц сусвету для навучэнцаў розных краін і гарадоў прадастаўляецца дзякуючы міжнароднаму конкурсу навукова-тэхнічных і мастацкіх праектаў па касманаўтыцы “Зорная эстафета”.

Заснавальнік конкурсу — навукова-даследчы выпрабавальны цэнтр падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына і Аўтаномная некамерцыйная арганізацыя садзейнічання ў распаўсюджванні асветніцкіх і адукацыйных праграм аб касманаўтыцы, касмічнай тэхніцы і гісторыі космасу “Аб’яднаныя космасам” (Расійская Федэрацыя). На працягу некалькіх гадоў фінал конкурсу праводзіцца ў Зорным гарадку Маскоўскай вобласці.

У красавіку 2019 года навучэнцы Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Іван Афанасенка, Арцём Мядзведзеў, Мікалай Маркевіч, Вольга Селядзец сталі пераможцамі рэгіянальнага этапу конкурсу “Зорная эстафета” і разам са сваімі кіраўнікамі былі запрошаны для прэзентацыі праектаў у фінале міжнароднага конкурсу, які быў прысвечаны 85-годдзю з дня нараджэння Юрыя Гагарына. Навучэнец 11 класа Мікалай Маркевіч разам з кіраўніком навуковага таварыства навучэнцаў нашай школы Хрысцінай Віктараўнай Куставай прынялі ўдзел у фінале конкурсу.

На працягу трох дзён для дзяцей былі арганізаваны экскурсіі па Зорным гарадку, а таксама па Маскве. Канкурсанты змаглі пазнаёміцца з асноўнымі славутасцямі сталіцы Расійскай Федэрацыі. Для ўсіх удзельнікаў конкурсу гэта магчымасць не толькі паўдзельнічаць у конкурсе і абмеркаваць з аднагодкамі свае праекты, але і пазнаёміцца з развіццём сучаснай касманаўтыкі, убачыць розныя касмічныя апараты, модулі, ракеты і іншую тэхніку для падрыхтоўкі касманаўтаў да палётаў.

Па выніках конкурсу ўсе ўдзельнікі атрымалі дыпломы фіналістаў і памятныя падарункі, якія стануць выдатным напамінам наведвання Зорнага гарадка і ўдзелу ў конкурсе “Зорная эстафета”.

Юлія ЦЯРЭШЧАНКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.