×

Далучаемся да спорту ўсёй сям’ёй

22.10.2019 14:25,

Займацца спортам разам, тым больш у акружэнні сваёй сям’і — прыемная і карысная справа. З гэтым пагадзіліся і ўдзельнікі раённага свята “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, якое прайшло 19 кастрычніка на базе фізкультурна-спартыўнага комплексу “Ураджай” Віцебскага раёна.

За званне самай спартыўнай, дружнай і вясёлай змагаліся восем сем’яў з арганізацый і ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. У складзе кожнай каманды — тры чалавекі: мама, тата і дзіця.

Ноўкінскую сярэднюю школу Віцебскага раёна прадстаўляла сям’я Івана Парфяненкі, навучэнца 4 “А” класа. Удзельнікам спаборніцтваў трэба было паказаць моц, спрыт і цягавітасць у вясёлых спартыўных эстафетах. У ходзе выпрабаванняў усе сем’і паказалі не толькі сілу волі і імкненне да перамогі, але і кемлівасць. Гледачы сачылі за ходам падзей і хваляваліся.

Спартыўную частку змяніла не менш цікавая творчая. Віцебскі раённы Дом культуры сумесна з дзіцячай школай мастацтваў падрыхтавалі забаўляльную праграму. Выступленне артыстаў было, як заўсёды, яркае і эмацыянальнае.

У завяршэнне свята каманды былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і каштоўнымі падарункамі. Усе ўдзельнікі атрымалі выдатны зарад бадзёрасці і мора станоўчых эмоцый. 

Таццяна ІСАКОВІЧ,
выхавальніца ГПД Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.