×

Дыялог моў

08.04.2019 16:58,

Сёлета Беларусь адзначае 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтай даты сумесна з дэпутацкай групай “Белая Русь” Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў філалагічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава правёў агульнаўніверсітэцкую акцыю “Праз дыялог моў — да душы, да сэрца”.

Паколькі па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўныя ў нас дзве мовы, то па-беларуску і па-руску правялі дыктоўкі, удзел у якіх прыняў рэктарат, прафесарска-выкладчыцкі склад універсітэта, а таксама студэнты.

Для дыктоўкі на беларускай мове быў прапанаваны тэкст паводле Васіля Быкава “Памяць пра вайну”, дзе ўзнята тэма Вялікай Айчыннай вайны, болю, які перажыў савецкі народ.

Намеснік дэкана філалагічнага факультэта па вучэбнай рабоце Святлана Васільеўна Мартынкевіч нагадала правілы напісання дыктоўкі, папярэдзіла аб магчымых пытаннях і пажадала поспехаў. Дыктавала студэнтка другога курса філалагічнага факультэта Аліна Карпызіна.

Завяршылася акцыя праверкай тэксту і абвяшчэннем вынікаў. Падобныя мерапрыемствы — цудоўная магчымасць праверыць веды, стаць бліжэйшым адзін да аднаго. Дзякуючы філалагічнаму факультэту такія акцыі будуць праводзіцца і надалей, збіраць яшчэ больш удзельнікаў.

Пасля напісання дыктоўкі прадстаўнікі філалагічнага факультэіта запрасілі ўсіх у актавую залу, дзе ўдзельнікі “Паэтычнага тэатра на філалагічным” (мастацкі кіраўнік — кандыдат педагагічных навук, дацэнт Людміла Іванаўна Шаўцова, рэжысёр-пастаноўшчык — доктар філалагічных навук, прафесар Алена Юр’еўна Муратава) прадставілі інсцэніроўку “Датыкальныя светы”.

Аліна КАРПЫЗІНА,
студэнтка Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.