×

Дзень роднай мовы ў сярэдняй школе № 40 Віцебска

01.03.2019 18:05,

Традыцыйная форма пазаўрочнай работы ў нашай школе — прадметныя тыдні. Гэта заўсёды і цікава, і займальна. Сёлета мы вырашылі паспрабаваць новы падыход: правесці некалькі мерапрыемстваў за адзін дзень, каб ён быў яркі, насычаны, запамінальны. Для эксперымента быў абраны Дзень роднай мовы.

З раніцы ўсім, хто гатовы быў паспрабаваць увесь дзень размаўляць па-беларуску, дзяжурныя давалі спецыяльны знак.

Была арганізавана выстаўка віншавальных паштовак, якія да Дня роднай мовы зрабілі вучні 5—7 класаў. Школьнікі і настаўнікі маглі не толькі разгледзець іх, але і стаць удзельнікамі галасавання за лепшую работу.

На экране дэманстраваліся відэаролікі “Размаўляй па-беларуску”. Іх падрыхтавалі вучні 9—11 класаў. Па выніках інтэрактыўнага галасавання, што праходзіла на сайце школы, відэаролік 10 “Б” класа набраў 184 галасы і стаў пераможцам.

Настаўніца хіміі Валянціна Аляксандраўна Качан і настаўніца матэматыкі Валянціна Васільеўна Грабар праводзілі ўрокі на беларускай мове. У гэты ж дзень знаўцы мовы мераліся ведамі ў рэспубліканскім конкурсе “Буслік-2019”.

Навінкай гэтага навучальнага года стала інтэрактыўная гульня “Беларус, роднай мовы сваёй не цурайся!”, якая праводзілася сярод 5-х класаў. Па адным прадстаўніку ад класа ўключаны ў групу “Мова” на Viber. На кожным перапынку настаўнік дасылаў заданне, адказ на якое трэба было адправіць да званка на ўрок.

У школьнай бібліятэцы прайшлі конкурс чытальнікаў вершаў “Сэрцам роднага слова” і конкурс красамоўства “Табе складаю шчыры свой санет, прапрадзедаў маіх жывая мова” для навучэнцаў 7-х і 8-х класаў. Шасцікласнікі з захапленнем дэманстравалі веды, крэатыўнасць і ўменне працаваць у камандзе ў інтэлектуальнай гульні “Мая Беларусь”.


Наталля БАРАНАВА,
кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 40 Віцебска.