×

Эфектыўнае супрацоўніцтва

06.07.2019 15:22,

У рамках кластарнай мадэлі развіцця педагагічнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі асаблівую ўвагу ўдзяляе інавацыйнай дзейнасці. Сістэма адукацыйных кластараў дапамагае дзіцяці з ранняга ўзросту знайсці свой вектар развіцця і ў будучыні стаць высакакласным спецыялістам.

Хочацца адзначыць бесперапынны рост інавацыйнай актыўнасці ў рэгіёне (у 2019/2020 на­вучальным годзе 159 устаноў адукацыі будуць рэалізоўваць 54 праекты). Наладжана сацыяльнае партнёрства з ВДУ, ВДТУ, БДПУ, НІА, АПА, Паркам высокіх тэхналогій. Цеснае ўзаема­дзеянне дазволіла ства­рыць практыка-арыентаванае адукацыйнае асяроддзе, якое дае магчы­масць выбудоў­ваць індывідуальныя адукацыйныя траек­торыі прафесійнай самарэалізацыі. З 2015 года ў Віцебскай вобласці вядзецца актыўная работа па развіцці маладзёжнага прадпрымальніцтва. У 13 установах адукацыі ажыццяўляецца абласны творчы праект “Укараненне мадэлі “Школьная бізнес-кампанія”. Рэалізаваны два міжнародныя праекты: “Школьныя бізнес-кампаніі: патэнцыял бізнес-адукацыі школьнікаў” пры падтрымцы Фонду “Еўразія” за кошт сродкаў Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAID) і “Стварэнне і развіццё школьнага эколага-арыентаванага бізнесу ў Віцебскім раёне як фактар устойлівага эканамічнага развіцця рэгіёна” ў рамках праекта ЕС / ПРААН “Са­дзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.

Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі вядзецца работа па падрыхтоўцы настаўнікаў па пытаннях арганізацыі навучэнскага бізнесу: праведзены ў дыстанцыйным рэжыме курсы  павышэння кваліфікацыі “Бізнес-адукацыя дзяцей і моладзі. Асновы бізнес-планавання”, серыя семінараў. На базе інстытута прайшоў форум школьных бізнес-кампаній “Першы крок у бізнес”. Важную ролю ў развіцці школьнага прадпрымальніцтва адыгрывае прэзентацыя школьнага бізнесу на розных эканамічных і інвестыцыйных форумах, конкурсах бізнес-ідэй. Школьныя бізнес-кампаніі сталі пастаяннымі ўдзельнікамі Міжнароднага форуму “Інавацыйнае прадпрымальніцтва Віцебскай вобласці “Ад малога да вялікага”, Міжнароднага эканамічнага форуму “Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы”. Асаблівая ўвага ўдзяляецца профільным класам аграрнай накіраванасці. Рэалізоўваецца праграма факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” ў 19 раёнах Віцебскай вобласці (у мінулым навучальным годзе па гэтай праграме займаліся 173 дзесяцікласнікі). Мэта заняткаў — ствараць неабходныя ўмовы для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Наладжана супрацоўніцтва з Віцебскай дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны, сельскагаспадарчымі каледжамі. У праектнай дзейнасці па тэме энергазберажэння ўзаемадзейнічаюць усе ўстановы адукацыі Віцебскай вобласці на ўсіх узроўнях: ад дашкольнай — да вышэйшай. Каардынатарам работы з’яўляецца абласны інстытут развіцця адукацыі.

Сёння праграмаванне — гэта другая адукаванасць. Многія навучэнцы, азнаёміўшыся з мовай праграмавання ў школе, вызна­чаюць сябе ў прафесійным свеце як IT-спецыялісты. У верасні 2016 года ва ўстановах Віцебска, Наваполацка, Оршы стартаваў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці навучэнцаў I і II ступені агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Scratch” (2016—2018). Для педагогаў вобласці ІРА арганізоўвае навучанне на ПК, право­дзіць вучэбныя тэматычныя семінары, дыстанцыйныя алімпіяды па праграмаванні на мове Scratch. Створаны сеткавыя аб’яднанні педагогаў. Установы адукацыі рэгіёна ўдзельні­чаюць у конкурсе “Scratch-майстар”, арганізаваным галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама, конкурсе “Крэатыўнае праграмаванне ў асяроддзі Scratch”.

З 2016/2017 навучальнага года сярэдняя школа № 29 Віцебска імя В.В.Піменава з’яўляецца ўдзельніцай інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання фінансавай дасведчанасці як адной з кампетэнцый навучэнцаў пры дапамозе стварэння інфармацыйнага адукацыйнага медыяасяроддзя”. За два гады рэалізацыі праекта факультатыўны курс “Асновы эканамічных ведаў” стаў папулярным сярод навучэнцаў. У выніку сярод 10-х класаў была адкрыта профільная эканамічная група з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і англійскай мовы.

Педагогі-наватары, працуючы над праектам, стварылі метадычныя прадукты з мэтай іх апрабацыі на ўроках і факультатыўных занятках. Гэта зборнікі кантэкстуальных задач па матэматыцы (5, 6 клас), па фізіцы (8 клас), распрацоўкі факультатыўных заняткаў і ўрокаў з элементамі фінансавай дасведчанасці. Для ўрокаў геаграфіі скла­дзены цыкл прэзентацый “Геаграфія на грашовых знаках Беларусі і краін свету”. Найбольш значным метадычным прадуктам стаў вучэбна-метадычны комплекс да факультатыўнага курса “Асновы эканамічных ведаў” для 5 класа, распрацаваны настаўнікам матэматыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Н.Е.Байдэн. Ён складаецца са зборніка планаў-канспектаў для настаўніка, рабочага сшытка для навучэнцаў (на друкаванай аснове), задачніка па матэматыцы для развіцця фінансавай дасведчанасці.

Фарміраваць фінансавую дасведчанасць немагчыма без цеснага супрацоўніцтва з фінансавымі арганізацыямі. Так, з навучэнцамі праводзяцца заняткі на базе Віцебскай інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь. Спецыялісты ААТ “АСБ Беларусбанк” рэгулярна праводзяць вучэбныя заняткі для школьнікаў і педагогаў. Інавацыйны вопыт устаноў адукацыі Віцебскай вобласці знаходзіць сваё ўвасабленне ў такіх адукацыйных прадуктах, атрыманых падчас інавацыйнай дзейнасці, як новыя праграмы, праекты, тэхналогіі, распрацаваныя вучэбна-метадычныя матэрыялы, вучэбныя комплексы, у тым ліку прадукты інавацыйнай дзейнасці, гатовыя для выкарыстання ў практычнай дзейнасці адукацыйных устаноў горада; новыя формы, метады, сродкі навучання.

Вольга ВОЛКАВА,
загадчык кафедры кіравання развіццём адукацыйных сістэм Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.