×

Галоўнае — у выніках працы, а не ў знешнім антуражы

06.06.2019 15:50,

У ходзе рабочай паездкі міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў Лёзненскі раён Віцебскай вобласці.

Першым пунктам маршруту па Лёзненшчыне стала сярэдняя школа № 1 райцэнтра, дзе Ігар Карпенка дэталёва азнаёміўся з асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу, вучэбна-метадычнай і матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, сустрэўся з настаўнікамі і навучэнцамі. Па словах дырэктара Ірыны Апет, у школе вялікая ўвага ўдзяляецца дапрофільнай падрыхтоўцы і профільнаму навучанню. Штогод, у адпаведнасці з запытамі навучэнцаў і рэсурснымі магчымасцямі, вывучаюцца на павышаным узроўні матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, руская, беларуская мова на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. З гэтага навучальнага года матэматыку і фізіку на павышаным узроўні пачалі вывучаць васьмікласнікі. Адкрыта педагагічная група, а таксама аграгрупа і арганізавана прафесійнае навучанне па спецыяльнасцях “Швачка” і “Сталяр” для дзесяцікласнікаў. Каля 95 працэнтаў школьнікаў наведваюць факультатыўныя заняткі. У 16 аб’яднаннях па інтарэсах рознай накіраванасці задзейнічана трэць навучэнцаў. Акрамя таго, яны займаюцца ў гуртках і спартыўных секцыях пры раённых цэнтрах культуры, дзяцей і мола­дзі, Доме рамёстваў, фізкультурна-спартыўным клубе і дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, сельскіх установах культуры па месцы жыхарства. За апошнія пяць гадоў 11 выпускнікоў атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым або сярэбраным медалём, 22 — пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай. Дастойны ўзровень ведаў выпускнікі дэманструюць на цэнтралізаваным тэсціраванні: у актыве школы — 100- бальны сертыфікат па англійскай мове. Станоўчая дынаміка назіраецца па выніках удзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах, сёлета ўпершыню атрыманы дыплом І ступені на заключным этапе алімпіяды па рускай мове і літаратуры (у мінулым і пазамінулым го­дзе — дыпломы ІІ і ІІІ ступені адпаведна). Лёзненскія школьнікі — у ліку пераможцаў абласнога і заключнага этапу рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я ведаю”.

Дырэктар сярэдняй школы № 1 Ірына Апет: “У 2018/2019 навучальным годзе щ інтэлектуальных дыстанцыйных конкурсах абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню прынялі ўдзел 597 нашых дзяцей і заваявалі 55 дыпломаў I ступені, 69 — II ступені, 75 — III ступені. Пяцёра навучэнцаў сталі абсалютнымі пераможцамі ў Міжнародным конкурсе па інфарматыцы і вылічальнай логіцы “Бабёр-2018”. Прыклад сваім вучням падаюць настаўнікі, якія актыўна займаюцца інавацыйнай, эксперыментальнай і творчай дзейнасцю, штогод удзель­нічаюць і перамагаюць у прафесійных конкурсах. Сярод нашых педагогаў — пераможцы і лаўрэаты раённага і абласнога этапу конкурсаў педагагічнага майстэрства “Настаўнік года”, “Лепшы малады спецыяліст”.

Красамоўны факт: падчас знаходжання міністра адукацыі ў школе стала вядома, што лёзненцы папоўнілі скарбонку вобласці яшчэ адной важкай перамогай — у скла­дзе каманды Віцебшчыны заваявалі 1-е месца на 47 Рэспубліканскім злёце-конкурсе юных інспектараў дарожнага руху, што прайшоў у Магілёве. Ва ўстанове адукацыі абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база, інтэнсіўна развіваецца інфармацыйнае асяроддзе: абсталяваны сучасныя вучэбныя кабінеты фізікі, хіміі, 3 лінгафонныя кабінеты, 2 камп’ютарныя класы, пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій на базе школы адкрыты раённы Scratch-цэнтр. Акрамя таго, рэсурсныя цэнтры працуюць на базе вучэбных кабінетаў фізікі, хіміі, біялогіі, матэматыкі, гісторыі, англійскай, рускай і беларускай мовы. Кабінеты абсталяваны інтэрактыўнымі дошкамі, пастаянна выкарыстоўваецца мабільны клас, для работы навучэнцам і педагогам прадастаўлены высакаскорасны інтэрнэт. Функцыянуюць школьны сайт, сістэма “Электронны журнал” і “Электронны дзённік”.

Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці школы на працягу пяці гадоў з’яўляюцца грамадзянска-патрыятычнае, экалагічнае, духоўна-маральнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця, адказных і бяспечных паводзін. У бягучым навучальным годзе вучні школы сталі прызёрамі абласных і рэспубліканскіх этапаў зімовага мнагаборства “Здароўе” і “Снежны снайпер”.

Старшыня Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў Тамара Дрылёнак: “Цэнтр работы па выхаванні грама­дзянскасці і патрыятызму, гор­дасць не толькі ўстановы адукацыі, але і ўсяго раёна — гэта школьны музей народнай славы, вядомы як у нашай краіне, так і за яе межамі. Асабліва цесна музей супрацоўнічае з нашымі суседзямі расіянамі. Развіццю грамадзянска-патрыятычных якасцей, фарміраванню актыўнай жыццёвай пазіцыі спрыяе работа навучэнцаў у грамадскіх аб’яднаннях. Старшыня піянерскай дружыны ўзначальвае раённую дзіцячую палату БРПА, у склад якой уваходзяць яшчэ два прадстаўнікі школы, 16 яе навучэнцаў з’яўляюцца членамі маладзёжнай палаты пры раённым Савеце дэпутатаў (дарэчы, яна ў нас адна з найстарэйшых у вобласці і рэспубліцы)”.

Пры наведванні Лёзненскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі “Вясёлка” і раённага цэнтра дзяцей і мола­дзі (тры ўстановы размешчаны ў адным будынку і цесна супрацоўнічаюць — па прызнанні педагогаў, гэта вельмі ўдалае рашэнне і садзейнічае павышэнню эфектыўнасці работы) Ігар Карпенка асаблівую ўвагу звярнуў на абсталяванне і спецыфіку функцыянавання вучэбных кабінетаў, кабінетаў ранняй комплекснай дапамогі, сенсорнага пакоя, на характар і метадалагічныя асаблівасці дзейнасці псіхолага-медыка-педагагічнай камісіі, арганізацыю адаптыўнай фізічнай культуры, умовы пражывання, навучання і выхавання дзяцей. Міністр адукацыі ўручыў дырэктару сацыяльна-педагагічнага цэнтра Аляксандру Цыганкову сертыфікаты на ноўтбукі. У якасці падарунка ў адказ гаспадары ўстаноў сумесна падрыхтавалі і правялі інклюзіўную канцэртную праграму.

Начальнік аддзела па адукацыі Лёзненскага райвыканкама Рыгор Асіран: “Мы працуем, і пэўныя поспехі ёсць. Упэўнены, што і ў гэтым навучальным годзе раён пакажа дастойныя вынікі”.

У завяршэнне паездкі Ігар Карпенка правёў сустрэчу з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі раёна і педагогамі ў Дабрамыслінскай сярэдняй школе Лёзненскага раёна. У фармаце адкрытага дыялогу былі абмеркаваны многія актуальныя пытанні і асноўныя напрамкі далейшага развіцця сістэмы адукацыі ў адпаведнасці з прынятымі на Рэспубліканскім педагагічным савеце канцэптуальнымі падыходамі, у тым ліку завяршэнне навучальнага года, летні адпачынак, уступная кампанія ва ўстановы прафесійнай адукацыі і ўдасканальванне іх работы, прадастаўленне роўных умоў атрымання якаснай адукацыі для навучэнцаў гарадскіх і сельскіх школ, вучэбна-метадычнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, арганізацыя ў раёнах пляцовак Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, аптымізацыя і пераход устаноў на нарматыўнае фінансаванне, падвоз навучэнцаў, паэтапнае павышэнне заработнай платы і матэрыяльнае стымуляванне педагогаў па выніках працы, работа сацыяльна-педагагічнай службы, атэстацыя педработнікаў, абгрунтаванасць вучэбнай нагрузкі, рэгламентацыя напаўняльнасці класаў, мэтазгод­насць змяненняў у форме правядзення выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання.

У Дабрамыслях знаходзіцца самая буйная ў раёне сельская ўстанова адукацыі як па колькасці навучэнцаў, так і па памеры прышкольнай тэрыторыі. Больш за палову вучняў падвозіцца на заняткі з сямі населеных пунктаў двума школьнымі аўтобусамі. З дзецьмі працуюць дасведчаныя педагогі, больш за 80 працэнтаў з якіх маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Вопыт у прафесіяналаў перай­маюць іх маладыя калегі. На тэрыторыі школы знаходзіцца воінскае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны — гэта цэнтр патрыя­тычнага і грамадзянска-прававога выхавання навучэнцаў, месца памяці, дзе праходзяць мітынгі, прыём у піянеры. У школьным музейным пакоі право­дзяцца тэматычныя і віртуальныя экскурсіі, вядзецца актыўная пошукава-даследчая работа. Сярод устаноў адукацыі раёна школа з’яўляецца лідарам па колькасці заваяваных дыпломаў творчых конкурсаў і з 2006 года ўтрымлівае 1-е месца ў круглагадовай спартакія­дзе. Многія з выпускнікоў — навучэнцы школы алімпійскага рэзерву. У складзе вялікай школьнай спартыўнай базы — адзі­ны ў раёне вераўчаны гарадок, папулярная ў моладзі спартыўная пляцоўка і аб’ект пазабюджэтнай дзейнасці. Ва ўстанове абсталяваны сучасныя кабінеты фізікі, хіміі, інфарматыкі, тэхнічнай і абслуговай працы, карэкцыйны кабінет, бібліятэка, актавая зала; працуюць школьны сайт, сэрвісы “Электронны дзённік”, “Электронны журнал”; на павышаным узроўні на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі вывучаюцца матэматыка, фізіка, біялогія, беларуская і замежныя мовы; з 1 верасня на базе 10 класа арганізавана профільная група аграрнай накіраванасці. Школа выступае абласной інавацыйнай пляцоўкай даследчага праекта “Выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў для развіцця інтэлектуальных здольнасцей школьнікаў на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Дырэктар Дабрамыслінскай сярэдняй школы Ігар Атрошчанка: “Мы актыўна займаемся вытворчасцю агародніннай прадукцыі для патаннення харчавання, пазабюджэтнай дзейнасцю. З сакавіка бягучага года ўстанова адукацыі з’яўляецца партнёрам праекта Праграмы развіцця ААН “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, фінансаванага Еўрапейскім саюзам. Гэта адзіная ініцыятыва, якая выйграла фінансавы грант ЕС у названым напрамку ў Віцебскай вобласці. Частка сродкаў у памеры 17 тысяч долараў ЗША будзе выдаткавана нам для абсталявання экалагічнага класа, набыцця ноўтбука, праектара, фота- і відэакамер, мікраскопаў, прыбораў кантролю паветра, веласіпедаў, формы для вучняў. Навучэнцы сумесна з работнікамі лясніцтва будуць расстаўляць ферамонавыя пасткі для караедаў, ствараць экалагічную сцежку, замерваць параметры паветра, здымаць відэаролікі”.

— Характэрна, што мы сабраліся менавіта ў сельскай школе. Некалі ў такім жа дружным рознаўзроставым калектыве я пачынаў працоўную дзейнасць, і гэта стала добрай жыццёвай школай, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Для мяне як міністра вельмі важная зваротная сувязь з рэгіёнамі, педагагічнымі калектывамі і іх прадстаўнікамі, каб комплексна бачыць, што мы павінны рабіць, як нам рухацца і далей развівацца. Галоўнымі для нас заўсёды былі і застаюцца дзве задачы: павышэнне якасці адукацыі і падрыхтоўка адпаведных педагагічных кадраў. З іх вынікаюць усе астатнія задачы. Многае залежыць ад арганізацыі работы на месцах, ініцыятывы і кампетэнтнасці канкрэтнага дырэктара і яго намесніка, настаўніка, класнага кіраўніка. Установа агульнай сярэдняй адукацыі павінна вучыць і выхоўваць, развіваць асобасныя якасці, фарміраваць устойлівую матывацыю да выбранай прафесіі. На жаль, эфектны знешні антураж часам падмяняе карпатлівую індывідуальную работу (а сёння на Лёзненшчыне мы ўбачылі яе добры плён). Магчыма, такая работа не надта кідкая з пункту гледжання арганізацыі масавых мерапрыемстваў, але выключна важная для падрыхтоўкі маладога чалавека да самастойнага жыцця. Катэгарычнае непрыманне выклікаюць спробы разглядаць сістэму адукацыі як сферу камерцыйных паслуг. Як вынік — ёсць пытанні па якасці работы недзяржаўных устаноў адукацыі. Думаю, што гэтыя моманты мы адрэгулюем: калі размова ідзе пра роў­насць розных форм уласнасці, то давайце як роўныя выконваць і ўсе адпаведныя функцыі. Там, дзе выдаецца дыплом, атэстат, пасведчанне або іншы дакумент дзяржаўнага ўзору, павінен быць адзіны падыход і патрабаванні незалежна ад месца знаходжання ўстановы, формы падпарадкавання і ўласнасці. Адукацыя не бізнес-асяроддзе і не сфера аказання паслуг, а пляцоўка сацыялізацыі моладзі, дзе фарміруецца светапогляд маладых людзей, і нам не ўсё роўна, які базіс установа адукацыі закладвае разам з бацькамі і якімі выпускнікі выйдуць у самастойнае жыццё. Недапушчальна, калі педагог свае інтарэсы ставіць вышэй за інтарэсы дзіцяці. Для тых, хто пайшоў у педагогіку, уласныя амбіцыі — на другі план. Іншага не дадзена.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.