×

Галоўны жнівеньскі педсавет правялі педагогі Віцебшчыны

28.08.2019 15:13,
Абласная канферэнцыя работнікаў адукацыі і навукі “Адукацыя — стратэгічны рэсурс стабільнага развіцця рэгіёна”, што адбылася 27 жніўня ў Віцебску, аб’яднала больш за тысячу прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці Паўночнага рэгіёна.
 


У рабоце форуму прынялі ўдзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарстнёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў і член Савета Рэспублікі рэктар Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Шчасны. Да абмеркавання дарожнай карты развіцця сістэмы адукацыі вобласці далучыліся кіраўнікі структурных падраздзяленняў аблвыканкама, намеснікі старшынь рай(гар)выканкамаў і адміністрацый раёнаў Віцебска, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыi, прафсаюзныя лідары, дырэктары ўстаноў адукацыі, вядучыя метадысты і педагогі.

З раніцы перад канцэртнай залай “Віцебск” і ў яе фае на першым і другім паверхах разгарнулася выстава“Сучасная адукацыя”. Гаспадары інтэрактыўных пляцовак — педагогі, навучэнцы і студэнты — прапаноўвалі ўсім жадаючым азнаёміцца з панарамай лепшых устаноў адукацыі і перадавога педагагічнага вопыту, узорамі прадукцыі вучэбных майстэрань і абсталявання, якое задзейнічана ў сучасным адукацыйным працэсе, цікавымі дзіцячымі і маладзёжнымі праектамі, вынікамі даследаванняў юных аматараў навукі, а таксама паглядзець шматлікія прэзентацыі, наведаць трэнінгі і майстар-класы, выступленні тэатраў мод і мастацкіх самадзейных калектываў. У рамках канферэнцыі галоўным упраўленнем па адукацыі Віцебскага аблвыканкама і адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій падпісаны план сумесных мерапрыемстваў па рэалізацыі адукацыйных праектаў ва ўстановах адукацыі вобласці на 2019/2020 навучальны год.

У 11 гадзін у вялікай зале КЗ “Віцебск” пачалося пленарнае пасяджэнне. Працяглымі авацыямі ўдзельнікі віталі тых, хто для многіх пакаленняў жыхароў вобласці з’яўляецца эталонам слова “настаўнік”. Па традыцыі, ветэранам педагагічнай працы (сярод якіх былі і два начальнікі ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, Іван Шчурок і Міканор Гірса, начальнік абласнога ўпраўлення прафадукацыі Рыгор Сутула, першы намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Леанід Сцяпанаў, старшыня абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Суханаў) напярэдадні Дня ведаў уручылі кветкі і падарункі.

З дакладам аб выніках работы за мінулы і задачах на новы навучальны год выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрый Хома. Па яго ацэнцы, рэгіянальная сістэма адукацыі ў цэлым гатова да новага навучальнага года. У мінулым навучальным годзе 536 устаноў, якія рэалізуюць праграму дашкольнай адукацыі, наведвалі 50,5 тысячы выхаванцаў. Забяспечанасць месцамі складае 98 працэнтаў; колькасць дзён, прапушчаных у сярэднім за год адным дзіцем па прычыне хваробы, — 3,9 дня (рэспубліканскі паказчык — 4,7 дзён); ахоп дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй — 94 працэнты; аснашчэнне ўстаноў дашкольнай адукацыі сродкамі навучання — 81,1 працэнта (на гэтыя мэты затрачана больш за 420 тысяч рублёў, на набыццё камп’ютарнай тэхнікі, праграмных прадуктаў накіравана 374 тысячы рублёў).

Летась уведзена ў эксплуатацыю дашкольная ўстанова ў Віцебску (мікрараён Білева), створана дадаткова 781 месца, працавалі 302 кароткачасовыя групы для 2,5 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак, забяспечваўся падвоз да месца навучання і выхавання 1438 дзяцей. На цяперашні час праходзіць дзяржаўную экспертызу праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва ўстановы дашкольнай адукацыі на 200 месцаў у мікрараёне Аэрапорт Полацка, прапрацавана пытанне крэдытавання на стадыі праектавання аналагічных устаноў у Наваполацку, Мёрах, Лепелі і на 560 месцаў у Віцебску, падрыхтавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва ўстановы на 94 месцы ў Паставах, разглядаецца пытанне будаўніцтва ўстановы на 190 месцаў у Оршы за кошт сродкаў замежнага інвестара.

У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі працягвалася работа па павышэнні якасці адукацыі, стварэнні сучасных умоў для навучання і выхавання, росту эканамічнай эфектыўнасці, выбудоўванні эфектыўнай сістэмы прафарыентацыйнай работы. Развіваюцца робататэхніка і праграмаванне, у адукацыйны працэс актыўна ўкараняюцца інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі (для гэтых мэт выкарыстоўваюцца 277 інтэрактыўных дошак, 9 380 персанальных камп’ютараў, 431 камп’ютарны клас, у 267 установах вядуцца электронныя дзённікі). Актыўна развіваецца профільнае навучанне, павялічваецца колькасць класаў і груп прафесійнай (педагагічнай і аграрнай) накіраванасці; у мінулым навучальным годзе ў базавых класах была арганізавана прафесійная падрыхтоўка па 21 прафесіі для 1785 навучэнцаў.

Палепшыліся вынікі цэнтралізаванага тэсціравання (2019 год — 4-е месца ў рэспубліцы, 2018 год — 5-е і 2017 год — 6-е месца), рэспубліканскага конкурсу работ навучэнцаў даследчага характару (2019 год — 23 дыпломы, 2018год — 20 і 2017 год — 14 дыпломаў), заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (2019 год — 85 дыпломаў, 2018 год — 84 і 2017 год — 70 дыпломаў). У 2019 годзе атрыманы 4 медалі на міжнародных алімпіядах (2018 год — 5 і 2017 год —3 медалі). Гэтыя вынікі сталі магчымыя дзякуючы сумеснай рабоце высокакваліфікаваных педагогаў, супрацоўнікаў абласнога інстытута развіцця адукацыі, прафесарска-выкладчыцкага складу УВА вобласці.

Да новага навучальнага года сетка ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі паменшылася на 5 адзінак (4 установы закрыты, адна рэарганізавана ў дзіцячы сад) і склала 344 установы. За кошт крэдытных рэсурсаў працягваецца будаўніцтва агульнаадукацыйнай школы ў Віцебску (мікрараён Білева-2) на 1020 месцаў. Аптымізацыйныя мерапрыемствы дазволілі павялічыць сярэднія паказчыкі па напаўняльнасці школ і класаў. Сэканомленыя сродкі, атрыманыя ад аптымізацыі сеткі, далі магчымасць развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Разумны падыход да аптымізацыі бюджэтных расходаў дазволіў перайсці да стварэння ў рэгіёнах устаноў адукацыі з рабочай назвай “Школа будучыні”. Праект рэалізаваны ў Талачыне, Дуброўне, Верхнядзвінску, у 2019 годзе — у Браславе.

Перад сістэмай прафесійнай адукацыі Віцебшчыны была пастаўлена канкрэтная задача павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў праз узаемадзеянне з заказчыкамі кадраў, мінімізацыі дыстанцыі паміж адукацыяй і вытворчасцю. Былі праведзены рабочыя нарады ў рай(гар)выканкамах і арганізацыях — заказчыках кадраў па адраснай падрыхтоўцы кадраў і ўкараненні ў вучэбныя праграмы новых тэхнік і тэхналогій, апрабавана сістэма практычных экзаменаў,складзена дарожная карта прафесійнай адукацыі, за ўстановамі адукацыі замацаваны базавыя прадпрыемствы. У вобласці адкрыта 5 рэсурсных цэнтраў прафесійнай адукацыі па запатрабаваных у рэгіёне спецыяльнасцях: “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”, “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”, “Грамадскае харчаванне”, “Энергазберажэнне”; за мінулы навучальны год навучанне ў іх прайшлі больш за 1,6 тысячы чалавек.

Дзякуючы падтрымцы Міністэрства адукацыі, 2 верасня будзе адкрыты рэсурсны цэнтр у Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы па машынабудаўнічым кірунку, на які ўжо выдаткавана з рэспубліканскага бюджэту 2300 тысяч і з абласнога — 4000 тысячы рублёў. Будзе адкрыты і рэсурсны цэнтр па прафесіях будаўнічага профілю ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы.

Актыўнаму ўключэнню дзяцей і моладзі ў сацыяльнае, эканамічнае, навукова-тэхнічнае, культурнае жыццё грамадства спрыяе дзейнасць 29 устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у якіх распрацаваны і рэалізуюцца 1578 адукацыйных праграм. Арганізавана дзейнасць 3129 аб’яднанняў па інтарэсах для 35 194 навучэнцаў, больш за палову з іх працуе ў выхадныя дні і 30 працэнтаў — у вячэрні час. Толькі за апошні год па выніках удзелу ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных конкурсах, турнірах, выставах, спаборніцтвах, фестывалях, навукова-практычных канферэнцыях навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі атрымалі 2510 дыпломаў (у тым ліку 592 — міжнародныя і 761 —рэспубліканскі). Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі адзначыў дасягненні, скіраваў увагу прысутных на актуальныя пытанні развіцця сістэмы адукацыі на ўсіх узроўнях, даў разгорнуты аналіз наяўных рэсурсаў, акрэсліў стратэгію развіцця і паставіў канкрэтныя задачы для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

— Сёння ў вобласці на ўсіх узроўнях кіраўніцкай улады склалася дакладнае разуменне перспектыў развіцця сістэмы адукацыі, ролі адукацыі ў развіцці эканомікі, выхаванні падрастаючага пакалення, фарміраванні законапаслухмяных паводзін, пазітыўных адносін да здаровага ладу жыцця і працы, — запэўніў Дзмітрый Леанідавіч. — Ці па сілах нам выкананне пастаўленых задач? Адназначна, так. Таму што ў нас ёсць самы галоўны рэсурс — таленавітыя дзеці і высокаадукаваныя і кваліфікаваныя педагогі!

Вызначальнай умовай стабільнага развіцця сістэмы з’яўляецца дзейсная праца кожнага з нас: кіраўніка, настаўніка, метадыста, педагога, тых, хто працуе ў дзіцячым садзе, школе, ліцэі, каледжы або ўніверсітэце, развівае таленты і здольнасці дзяцей ва ўстановах дадатковай адукацыі. Найвялікшым натуральным рэсурсам з’яўляюцца розумы нашых дзяцей, і ўсе мы працуем на іх развіццё і самарэалізацыю, разумеючы важнасць і значнасць кожнага ўзроўню адукацыі, кожнага дзіцяці, кожнага педагога і кіраўніка.

У ходзе пасяджэння ўвазе ўдзельнікаў былі прапанаваны відэафільмы “Дзе прайшло тваё дзяцінства — там і пачынаецца Радзіма” (пра сістэму дашкольнай адукацыі Полацкага раёна), “Дадатковая адукацыя — магчымасць самарэалізацыі” (пра развіццё дашкольнай адукацыі ў рэгіёне) і відэарэпартаж з чэмпіянату WorldSkills у Казані. Агульны святочны настрой падтрымлівалі дзіцячыя самадзейныя калектывы вобласці, якія падарылі педагогам лепшыя канцэртныя нумары.

— Лічаныя дні застаюцца да пачатку навучальнага года. Ужо стала добрай традыцыяй разам у гэтай зале падводзіць вынікі, абмяркоўваць праблемныя пытанні і вызначаць напрамкі работы, — звярнуўся да педагагічнай грамадскасці Мікалай Шарстнёў. — Наша задача застаецца ранейшай: ствараць аптымальныя ўмовы для плённай работы педагогаў і навучэнцаў. Тры гады мы мэтанакіравана працуем над удасканаленнем матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, павышаючы эканамічную эфектыўнасць сістэмы адукацыі, і накіроўваем сэканомленыя сродкі на дасягненне канкрэтнага выніку. За азначаны час гэтая сума склала больш за 90 мільёнаў рублёў, у тым ліку на набыццё абсталявання — 22,5 мільёна. На заахвочванне адораных дзяцей і педагагічных калектываў за дасягненні ў спаборніцтвах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню сёлета мы выдаткавалі 620 тысяч рублёў. Праведзена вялікая работа, і станоўчыя яе моманты, пазітыўныя змены ўжо відавочныя. Поспехі пацвярджаюць правільнасць выбранага намі курса праз стварэнне ўмоў і стымуляванне да забеспячэння якасці адукацыі. Разам з тым задача сучаснай школы — дапамагчы дзіцяці вызначыцца з выбарам далейшага шляху, паспяхова рэалізавацца ў жыцці, у тым ліку і ў прафесіі. Якасць адукацыі, на мой погляд, гэта не столькі добрыя адзнакі, колькі правільна сфарміраваная жыццёвая пазіцыя, мэтанакіраванасць, працавітасць. Галоўным крытэрыям у новым навучальным годзе будуць вынікі не толькі алімпіяд, конкурсаў, выпускных экзаменаў і ЦТ, але і прафарыентацыйнай работы.

Уладзімір Цярэнцьеў зрабіў акцэнт на выхаваўчай рабоце, мерапрыемствах, праведзеных пад знакам 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і дзейнасці музеяў (ва ўстановах адукацыі вобласці іх створана 186, з якіх 18 — комплексныя, 37 — музеі баявой славы, 14 — народныя). Маштабныя мерапрыемствы і акцыі мелі каласальны выхаваўчы патэнцыял, прадэманстравалі адзінства пакаленняў. Наступны год — год 75-й гадавіны перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Эстафеты памятных падзей працягваюцца ў рэгіёнах. У мінулым навучальным годзе ў вобласці знойдзена 29 раней невядомых месцаў пахаванняў, адноўлена 900 прозвішчаў загінуўшых землякоў, каля 3000 загінуўшых абаронцаў Айчыны. Актыўную работу праводзяць навучэнцы Віцебскага кадэцкага вучылішча, сярэдніх школ №№ 40 і 24 Першамайскага раёна Віцебска. Бясцэннымі захавальнікамі памяці, маякамі пераемнасці выступаюць музейныя каштоўнасці і экспанаты.Тэма канферэнцыі адлюстроўвае сацыяльную значнасць адукацыі ў пытаннях фарміравання падрастаючага пакалення з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, вырашэння задач эканамічнага развіцця вобласці.

— Праз выхаванне на прыкладзе подзвігу, адчуванне ўласнай далучанасці да гістарычных падзей, вывучэнне сваіх каранёў, традыцый, культуры забяспечваецца непарыўная сувязь пакаленняў, заснаваная на грамадзянскасці і патрыятызме, — выказаў упэўненасць Уладзімір Уладзіміравіч. — Мы павінны ісці ў нагу з часам, рухаць наперад перадавыя ідэі, укараняць прагрэсіўныя тэхналогіі. Вобласць па праве ганарыцца сваімі таленавітымі педагогамі, такімі як Міхаіл Волкаў, Вераніка Лакціна, Сяргей Крывенка, Алена Маруцько, Алена Казлова, Ала Мараліна, Валянціна Перастароніна, Алена Яско. Але мне як старшыні абласнога Савета дэпутатаў хацелася б, каб побач з гэтымі вядомымі імёнамі штогод з’яўлялася ўсё больш імёнаў маладых і перспектыўных настаўнікаў. Мы ўступілі ў вялікую электаральную кампанію і ўжо традыцыйна тысячы педагогаў, адміністратараў будуць і пачынаюць ужо ўдзельнічаць у ёй у якасці членаў акруговых выбарчых камісій, назіральнікаў, членаў ініцыятыўных груп і даверных асоб, кандыдатаў у дэпутаты. Спадзяюся, што наша прафесійная і грамадская дзейнасць будуць крочыць поруч і мы дастойна правядзём выбарчую кампанію.

Мікалай Шарстнёў і Уладзімір Цярэнцьеў уручылі ўзнагароды Віцебскага аблвыканкама і Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў педагогам, якія дабіліся найбольшых поспехаў у мінулым навучальным годзе. Сертыфікаты на набыццё школьных аўтобусаў былі перададзены начальнікам аддзелаў (упраўленняў) па адукацыі рай(гар)выканкамаў; на атрыманне камп’ютарных класаў — начальнікам аддзелаў па адукацыі Наваполацкага гарвыканкама, Чыгуначнага раёна, Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў Віцебска. Дырэктарам дзяржаўных устаноў адукацыі, якія паказалі высокія вынікі ў падрыхтоўцы высокаматываваных навучэнцаў, уручаны грашовыя сертыфікаты на суму да 45 тысяч рублёў на абсталяванне вучэбных кабінетаў.

Ігар Карпенка адзначыў, што станоўчай ацэнкай работы нацыянальнай сістэмы адукацыі з’яўляецца ў тым ліку і ўмацаванне яе пазіцыі на сусветным узроўні. Гэта праяўляецца найперш у росце колькасці замежных грамадзян, якія выбіраюць Беларусь для месца вучобы, а таксама ў перамогах нашых дзяцей на міжнародных конкурсах і алімпіядах: толькі сёлета 61 удзельнік міжнародных алімпіяд прынёс нашай краіне 43 медалі, у цэлым за апошнія тры гады 180 удзельнікаў прынеслі 145 медалёў. На момант канферэнцыі ў Казані праходзіць Міжнародны чэмпіянат прафесійнага майстэрства WorldSkills, дзе нашы прадстаўнікі змагаюцца ў 36 кампетэнцыях. Высокія вынікі — плён карпатлівай працы кожнага педагога, які рупіцца ў дзіцячым садзе, школе, ліцэі, каледжы, універсітэце, тых, хто развівае здольнасці і таленты ва ўстановах дадатковай адукацыі. Ігар Васільевіч асобна спыніўся на поспехах сістэмы адукацыі Віцебшчыны і нацэліў педагогаў на эфектыўную работу, выкананне пастаўленых задач. Сярод найважнейшых з іх — выхад на новы ўзровень арганізацыі работы з таленавітай і адоранай моладдзю, асабліва ў пытаннях фарміравання тэхнічнага і тэхналагічнага мыслення, арганізацыя дзейнасці рэгіянальных пляцовак дзіцячага тэхнапарка і далейшага суправаджэння дзяцей, якія пройдуць на іх навучанне. У выступленні былі дэталёва прааналізаваны пытанні аднаўлення вучэбных праграм і падручнікаў, змянення крытэрыяў 10-бальнай сістэмы, арганізацыі выніковай атэстацыі і правядзення ўступнай кампаніі, удасканалення выхаваўчай работы (у тым ліку ў рамках шостага школьнага дня і рэалізацыі праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”), супрацоўніцтва з грамадскімі аб’яднаннямі, зніжэння вучэбнай нагрузкі, профільнай падрыхтоўкі і прафесійнай падрыхтоўкі старшакласнікаў у рамках працоўнага навучання (у мінулым навучальным годзе яе прайшлі 21 тысяча навучэнцаў, сёлета плануецца ахапіць каля 42,5 тысячы), мадэрнізацыі матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, забеспячэння роўных умоў для атрымання якаснай адукацыі ва ўсіх відах устаноў, прафілактыкі сямейнага недабрабыту і сацыяльнага сіроцтва, развіцця інклюзіўных працэсаў, праектнай дзейнасці і ІТ-тэхналогій у адукацыі, фарміравання прафесійных стандартаў, на аснове чаго сістэма адукацыі будзе выбудоўваць падрыхтоўку кадраў для эканомікі будучыні, ствараць вучэбныя планы і праграмы новага пакалення.

— Галоўнай задачай застаецца якасць адукацыі, — падкрэсліў міністр. — Яна не павінна вымярацца выключна адзнакамі, яе трэба ацэньваць па ўзроўні асобаснага і сацыяльнага развіцця навучэнца. У гэтыя дні ў ліку найважнейшых задач — належная падрыхтоўка ўсіх дзяцей да школы незалежна ад сацыяльнага статусу і матэрыяльнага дабрабыту сем’яў. Прашу вас узяць пад асаблівую ўвагу дзяцей з мнагадзетных сем’яў і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Выкарыстоўваючы гэтую трыбуну, звяртаюся да ўсіх работадаўцаў вобласці: акажыце матэрыяльную дапамогу сваім работнікам, якія маюць дзяцей і зараз іх збіраюць у школу. Дзень ведаў павінен быць святам для ўсіх. Выхаванне з’яўляецца неад’емным арганічным складнікам педагагічнай дзейнасці, інтэграваным у адукацыйны працэс. У гэтай зале я хацеў бы паставіць кропку: давайце спынім размовы пра неўласцівыя функцыі. Павінен педагог ведаць, у якіх умовах жыве і развіваецца дзіця, з кім кантактуе па-за межамі школы. Для каардынацыі дзейнасці педагогаў-псіхолагаў устаноў адукацыі, сацыяльна-педагагічных цэнтраў на базе Інстытута псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка створаны Цэнтр псіхалагічнай дапамогі, які ўжо з 2 верасня пачне аказанне практычнай псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім і іх законным прадстаўнікам, педагагічным работнікам, у тым ліку ў рэжыме анлайн. Важна выбудаваць узаемадзеянне ўсіх зацікаўленых са спецыялістамі цэнтра. Да комплексных пытанняў адукацыі мы яшчэ раз вернемся на найбліжэйшай нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, якая адбудзецца да канца гэтага года. Я папрасіў бы, каб і педагогі Віцебшчыны далучыліся да вырашэння гэтых пытанняў. Яны сёлета неаднойчы гучалі падчас сустрэч з педагагічнай грамадскасцю ў ходзе маіх рабочых паездак па раёнах вобласці, іх шырока абмяркоўваюць. Прапаную разам выпрацаваць узгодненае рашэнне, якое дазволіць нам далей рухаць сістэму адукацыі наперад, развіваць яе і ўзнімаць на новы якасны ўзровень. Таму што сутнасць нашых пераўтварэнняў — каб кожны настаўнік усвядоміў іх жыццёвую неабходнасць і далучыўся да агульнай працы ўсімі сваімі сіламі.

Лепшым педагогам рэгіёна Ігар Карпенка ўручыў нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацыі” і ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі.

Нагрудным знакам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь “Выдатнік адукацы”" ўзнагароджаны рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Аляксей Ягораў, першы прарэктар ВДУ імя П.М.Машэрава Валянціна Багатырова, дырэктар сярэдняй школы № 16 Полацка Ірына Зімніцкая, дырэктар Клясціцкага дзіцячага сада— сярэдняй школы Расонскага раёна Таццяна Мельман, дырэктар гімназіі № 1 Наваполацка Наталля Алданава, дырэктар Далжанской сярэдняй школы Віцебскага раёна Міхаіл Ходас, настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 20 Оршы Валерый Герасімаў, настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 23 Віцебска Алена Сяглюк.

Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны дырэктар Бароўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна Дзіяна Мысіна, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Верхнядзвінскай гімназіі Наталля Лабейка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Глыбоцкай раённай гімназіі Марына Лукашэвіч, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 18 Барані Аршанскага раёна Святлана Лукашэнка.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.