×

Горад старажытны, малады, мабільны

28.09.2019 12:22,

У Полацку прайшоў Еўрапейскі тыдзень мабільнасці — 2019. Яркімі і запамінальнымі мерапрыемствамі сустрэў тыдзень мабільнасці калектыў Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

Як паведаміла дырэктар установы дадатковай адукацыі Ірына Страленка, аддзел інавацыйнай і тэхнічнай творчасці арганізаваў конкурс на самую мабільную ўстанову адукацыі “Мабільны я, мабільная краіна”. Прыём відэаролікаў на сёння працягваецца, з 28 верасня па 1 лістапада яны будуць размешчаны на сайце цэнтра дзяцей і моладзі для актыўнага анлайн-галасавання, пасля чаго адбу­дзецца падвядзенне вынікаў.

Удзельнікі клуба інтэлектуальных гульняў “Афіны” сустрэліся ў інтэлектуальным марафоне “Моладзь і мабільнасць”. Сумесна з Полацкай дзяржаўнай гімназіяй № 1 імя Францыска Скарыны аддзелы мастацкай творчасці і культурна-адпачынкавай дзейнасці і маладзёжнага лідарства і прасоўвання ініцыятыў арганізавалі работу гульнявых, анімацыйных пляцовак. Да конкурсу дзіцячага малюнка “Транспарт будучыні”, які праводзіў аддзел мастацкай творчасці і культурна-адпачынкавай дзейнасці, далучыліся 30 выхаванцаў узорнай студыі “Рознакаляровая палітра” і гуртка “Малюнак і жывапіс”.

Аддзел экалагічнага выхавання і краязнаўства запрасіў моладзь на экалагічны квест “Чыстыя гульні”, у якім спаборнічалі 11 каманд устаноў адукацыі Полаччыны. Пасля прахо­джання 10 станцый лепшы вынік прадэманстравалі прадстаўнікі ясляў-сада — сярэдняй школы № 15 Полацка. На другім месцы — каманда Заазерскага дзіцячага сада — базавай школы Полацкага раёна, трэцяе падзялілі каманды базавай школы № 3 і сярэдняй школы № 6 райцэнтра.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Полацкім раённым цэнтрам дзяцей і моладзі.