×

Гульні логікі і розуму

10.03.2020 11:45,

Чацвёрты раз у нашым горадзе адбыўся адкрыты інтэлектуальны турнір “Сафійскія гульні ў Полацку” для навучэнцаў 8—11-х класаў, прысвечаны Году малой радзімы і 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Такім чынам, сфарміравалася і замацавалася яшчэ адна традыцыя ў полацкім інтэлектуальным руху: у адкрытага асінхроннага турніру “Скарынаўскія гульні”, які штогод праходзіць у пачатку верасня ў рамках Скарынаўскіх дзён у Полацку, з’явіўся турнір-“пабрацім”. Яго арганізатарамі выступаюць упраўленне па адукацыі райвыканкама і раённы Цэнтр дзяцей і моладзі.

Iнтэлектуальны батл разгарнуўся на пляцоўцы Цэнтра культуры “Полацк”. Сёлета ў “Сафійскіх гульняў” з’явіўся спонсар — Полацкі малочны камбінат, які ў ходзе турніру наладзіў дэгустацыю сваёй прадукцыі і пачаставаў удзельнікаў смачнымі і карыснымі глазураванымі сыркамі, ёгуртамі і тварожнымі дэсертамі. У спаборніцтве сустрэліся 24 каманды з 9 рэгіёнаў краіны: Мінска, Беразіна, Гомеля, Віцебска, Гарадка, Дзісны, Бароўкі Лепельскага раёна, Наваполацка і Полацка. І паколькі статус мерапрыемства значыўся як “адкрыты”, то да нас прыехалі не толькі юніёры і ювеналы, але і каманды ва ўзроставай катэгорыі “дзеці”. Праграма складалася з трох гульняў: “Сафійскія вітражы” (аўтарская медыягульня), “Свая гульня” і “Што? Дзе? Калі?”. Самымі аўтарытэтнымі і медыйнымі персонамі турніру былі філолаг, педагог, тэлевядучы, гулец “Што? Дзе? Калі?”, гамяльчанін Леанід Валянцінавіч Клімовіч, метадыст Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, член дзіцячай камісіі Беларускай лігі інтэлектуальных каманд, арганізатар чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па інтэлектуальных гульнях сярод школьнікаў, дзеючы чэмпіён Рэспублікі Беларусь па інтэлектуальнай гульні “Эрудыт-квартэт” Канстанцін Віктаравіч Бусаў і педагог дадатковай адукацыі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі, кіраўнік клуба інтэлектуальных гульняў “Палада” — і, дарэчы, аўтар пытанняў “Сафійскіх гульняў” — Сяргей Пятровіч Красоўскі. У прызавыя тройкі ў агульным заліку па выніках усіх гульняў увайшлі наступныя каманды (1—3-е месцы адпаведна): ва ўзроставай катэгорыі “юніёры” — “Дайце бланк (!)” (Полацк), “Флорэнс П’ю — добрая актрыса?” (Віцебск), “Психотворение” (Полацк); ва ўзроставай катэгорыі “ювеналы” — “51-ы калібр” (Гомель), “Восьмы цуд свету” і “Ілюмінаты” (абедзве Полацк); ва ўзроставай катэгорыі “дзеці” — “Next” (Полацк), “Лудусяне” і “Лабірынт” (абедзве Наваполацк). Пераможцы турніру ўзнагароджаны медалямі і кубкамі абноўленага дызайну.

Адна з фішак турніру — гульня-сюрпрыз. Напачатку ўдзельнікі робяць прагноз у трох намінацыях: якія каманды перамогуць у агульным заліку, а таксама на якое месца трапіць іх каманда. Аўтары найбольш дакладнага прагнозу атрымліваюць дыплом і каштоўны прыз. А тыя каманды, якія па прагнозах называліся часцей за астатнія, — дыплом са званнем “Самая аўтарытэтная каманда”. Гэтым разам самай празорлівай была каманда “Гімн Азіі”, яна і атрымала “Кубак Прадказамуса”.

Вера ЛІСОВІЧ,
метадыст аддзела маладзёжнага лідарства і прасоўвання ініцыятыў Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.