×

Хто зробіць школу шчаслівай?

14.02.2020 13:45,

З мэтай папулярызацыі курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію” ў сярэдняй школе № 2 г. Сянно адбыліся адкрытыя факультатыўныя заняткі “Педагагічная прафесія сёння”. Праведзены заняткі навучэнцамі 10 класаў, якія наведваюць факультатыўны курс. Заняткі ладзіліся ў рамках раённага семінара “Арганізацыя работы педагагічнага класа”.

Факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію” ў нашай рэспубліцы ўведзены з 2015 года. Стварэнне профільных класаў педагагічнай накіраванасці ў рамках дадзенай сістэмы выклікана жаданнем прыцягнуць да навучання на педагагічных спецыяльнасцях найбольш матываваных выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Заняткі адметныя тым, што для іх характэрны дзейнасны і кампетэнтнасны падыходы да навучання, выкарыстанне метадаў актыўнага навучання, інтэрактыўных метадаў, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. 

Адкрытая сустрэча прайшла ў фармаце “Творчая лабараторыя”. Гэты фармат абраны сумесна навучэнцамі і выкладчыкам. Па-першае, факультатыў прадугледжвае інтэрактыўныя формы работы, па-другое, выхаванцы павінны прадэманстраваць арганізатарскія здольнасці. Увогуле, меркавалася, каб у сумесную дзейнасць былі ўключаны ўсе ўдзельнікі семінара. У лабараторыі працавалі чатыры аддзелы: “Прэс-служба”, “Аддзел кінапошуку”,  “Псіхалагічная служба”, “Інфармацыйна-статыстычны цэнтр”.

“Прэс-служба” адшукала, прааналізавала і прапанавала гасцям найбольш значныя і адметныя навіны ў сферы адукацыі з розных краін.

“Аддзел кінопошуку” падабраў і прапанаваў топ-10 найбольш цікавых і вядомых фільмаў пра настаўніка і яго шматгранную прафесію.

“Псіхалагічная служба” падрыхтавала і правяла даследаванні, якія даюць уяўленне аб матывацыі выбару чалавекам прафесіі настаўніка, дапамагаюць зразумець, чаму чалавек ідзе ў педагагічную прафесію. 

“Інфармацыйна-статыстычны цэнтр” распрацаваў пытанні анкеты, а таксама забяспечыў тэхнічную базу. Google Forms стаў механізмам апрацоўкі і прадстаўлення вынікаў апытання і іх далейшага абмеркавання.

Для творчага ўзаемадзеяння паміж гасцямі і навучэнцамі, а таксама канструктыўнага дыялогу ўсім удзельнікам адкрытага мерапрыемства было прапанавана пазнаёміцца: кожны на загадзя падрыхтаваным бэйджыку павінен быў напісаць, як бы ён жадаў, каб да яго звярталіся. 

На пачатку і напрыканцы заняткаў удзельнікі прайшлі невялікі тэст, які  ацэньваў іх эмацыянальны стан. Трэба было адказаць на наступныя пытанні: “З якім настроем вы прыйшлі на семінар?” і “З якім настроем вы пакідаеце дадзеную частку мерапрыемства?”

Пачаліся заняткі з прагляду матывацыйнага роліка — невялікай змястоўнай прыпавесці “Усё ў тваіх руках”. Гэтая мудрасць асабліва актуальна для прафесіі педагога, таму што кожнае дзіця, якое прыходзіць у школу, давярае яму не толькі сваю адукацыю, але і лёс. 

Далей — невялікі даклад выкладчыцы аб факультатыўным курсе “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. У ім адзначалася, што выкладанне дадзенага прадмета ўведзена з мэтай стварэння спрыяльных умоў для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў і фарміравання пазітыўнай устаноўкі на выбар прафесіі педагога. Падкрэслівалася, што заняткі гэтага курса даюць магчымасць старшакласнікам ажыццявіць першасную дыягностыку сваіх педагагічных здольнасцей. 

Чаму гэта актуальна менавіта цяпер? Прафесія педагога — адна з самых старажытных. З цягам часу падыходы да адукацыйнага працэсу і патрабаванні да настаўніка змяняліся. Якім павінен быць сучасны настаўнік? Чалавецтва ўступіла ў інфармацыйную эру. Настаўнік павінен мець на ўвазе гэтую новую рэчаіснасць і быць на адной хвалі з вучнямі. Гэта неабходна для таго, каб яго чулі і разумелі, каб прывіць смак вучобы, данесці думку аб тым, што інфармацыя — гэта яшчэ не веды і для набыцця апошніх неабходна прыкласці намаганні, праявіць увагу, волю і ўпартасць. Быць адукаваным — адно з галоўных патрабаванняў, якія час прад’яўляе да ўсіх. 

Каб быць паспяховым, трэба мець матывацыю да дзейнасці. “Псіхалагічная служба” вырашыла правесці невялікае апытанне сярод настаўнікаў нашай школы наконт стаўлення саміх настаўнікаў да прафесіі педагога. Прапанаваліся тры простыя пытанні. На адно з іх “Ці лічыце вы сваю прафесію прэстыжнай?” значная большасць апытаных адказала станоўча. На наступнае “Якія захады вы лічыце неабходнымі для павышэння статусу педагога?” настаўнікі адказалі па-рознаму. Большасць рэспандэнтаў лічаць небходным павышэнне зарплаты і права на аплачваную “перазагрузку”. Некалькі чалавек выбралі з прапанаваных варыянт “паніжэнне працоўнага ўзросту”. Найбольш пазітыўным ванікам мы лічым адказы на пытанне “Назавіце асноўны матыў прыходу ў прафесію?”: ніхто не абраў варыянт  “безвыходнасць”, большасць адказалі “заклік сэрца”. 

З вынікамі апытання былі азнаёмлены нашы госці. А для таго каб даведацца аб іх меркваннях наконт прафесіі педагога, была прапанавана гульня “Асацыятыўная карта”. Прысутныя па чарзе называлі свае асацыяцыі да слова “настаўнік”. Два вучні па ходзе дзеяння на дошцы складалі спецыяльную карту. Такі фармат дазволіў даць уяўленне пра тое, як успрымаюць людзі чалавека прафесіі “настаўнік”. Для кагосьці гэта толькі знешнія прыкметы, такія як “акуляры”, “указка”, “класны журнал”, “заўвагі”. Але многія адзначылі больш важным менавіта ўнутраны свет настаўніка, называючы такія словы, як “мозг”, “душа”, “святло”, “дысцыпліна”, “веды”, “асоба” і інш. 

Вобраз настаўніка знайшоў увасабленне ў кнігах і кіно. “Аддзел кінапошуку” склаў рэйтынг найбольш цікавых, на погляд сучаснай моладзі, фільмаў і серыялаў,  прысвечаных настаўніку. У ім сабрана шмат: ад легенды савецкага кіно “Рэспубліка ШКІД” да нашумелай стужкі “Учительница”. Госці прагледзелі мультымедыйную прэзентацыю, у якой былі прадстаўлены ключавыя кадры з фільмаў і анатацыі да іх. 

Свет педагагічнай прафесіі разнастайны. Коўч і цьютар, блогер і менеджар, фасілітатар і спецыяліст па аўтсорсінгу і фандрэйзінгу — усё гэта варыянты ўвасаблення дзейнасці сучаснага настаўніка. Каб пазнаёміць гасцей з найбольш запатрабаванымі сёння ролямі, у якіх можа выступаць прадстаўнік педагагічнай прафесіі, намі быў створаны і прапанаваны буклет пад назвай “Ролевая картка педагагічнай прафесіі”. Гэты буклет стаў падарункам удзелькнікам семінара. 

Нельга адмаўляць той факт, што ў сучаснай адукацыі існуе шэраг праблем. Мы ведаем, што праблема — гэта супярэчнасць паміж пажаданым і існуючым. Яна патрабуе асэнсавання, тлумачэння і абмеркавання ўсіх пазіцый для сумеснага пошуку іх вырашэння. Мы з удзельнікамі творчай лабараторыі вырашылі агучыць і абмеркаваць найбольш злабадзённыя пытанні, якія існуюць у школах менавіта нашага раёна. Некаторыя з іх пры больш дыталёвым абмеркаванні нават не разглядаліся як сапраўдныя праблемы, напрыклад, праблема недахопу сродкаў. Больш увагі надавалася пытанням, якія сапраўды хвалююць усіх: і вучняў, і настаўнікаў. Перш за ўсё гэта праблема недастаткова прадуманай, на наш погляд, арганізацыі вучэбных заняткаў на ІІІ ступені адукацыі. Мы бачым найбольш аптымальным варыянт правядзення ўрокаў парамі, як у каледжах і ўстановах вышэйшай адукацыі. Гэта дае магчымасць больш глыбока перапрацаваць вывучаемы матэрыял, зменшыць колькасць прадметаў, якія неабходна падрыхтаваць да наступнага дня, а значыць, паменшыць вучэбную нагрузку. Акрамя гэтага, ёсць два гады, каб падрыхтавацца да адукацыі на вышэйшым этапе. Мы мяркуем, што такі падыход больш тэхналагічны, ён дазволіць палепшыць якасць навучання. Не менш актуальным лічым супярэчнасць паміж актыўным укараненнем ІКТ у адукацыйны працэс і забаронай выкарыстання гаджэтаў у навучанні. Паміж забаронай смартфонаў і выпрацоўкай правілаў іх карэктнага выкарыстання на ўроках мы выбіраем апошняе. Адзін смартфон замяніў нам шмат розных зручных сродкаў. Назавіце чалавека, які зараз адмовіцца ад разумнай тэхнікі, якая заўсёды побач. Мы лічым, што здольны самі разам з настаўнікамі выпрацаваць карэктныя ўмовы выкарыстання гаджэтаў для агульнай карысці ў навучанні. 

Першапачаткова абраны фармат адкрытага дыялогу дапамог усім прысутным прыняць актыўны ўдзел у абмеркаванні. Наша лабараторыя стала сапраўды творчай: ставіліся праблемы, агучваліся розныя погляды, прапаноўваліся варыянты іх вырашэння. 

Былі праблемы, погляды на якія кардынальна разыходзіліся, але галоўнае тое, што і настаўнікі, і вучні разам шукалі адказ на галоўнае пытанне: “Хто можа зрабіць школу шчаслівай?”.

Размова атрымалася сапраўды адкрытая, прадукцыйная. Усе ўдзельнікі нашай лабараторыі сышліся ў меркаванні, што трэба абавязкова сустрэцца яшчэ не раз. Гэта паказвае і апытанне ацэнкі эмацыянальнага стану нашых гасцей. Вынікі наступныя: каардынальна змянілі сваё меркаванне 67% удзельнікаў заняткаў, не дарма патрацілі час 22%, стан не змяніўся ў 11%. Прыемна было тое, што варыянт “мне ўсё роўна” не абраў ніхто. Гэта сапраўдны поспех: нашы намаганні нікога не пакінулі абыякавымі. 

І ўсё ж які ён, сучасны настаўнік? Знайсці адказ складана, але неабходна. Свет мяняецца імкліва. Мы павінны быць гатовыя да таго, што нас чакае заўтра. І кожны, хто абраў прафесію “настаўнік”, павінен даць адказ на гэтае складанае пытанне сам. Будучыня залежыць у першую чаргу ад таго, якім будзе настаўнік. А заўтра пачынаецца цяпер.


Алена МІЗАЎЦОВА, 
настаўніца гісторыіі і грамадазнаўства ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Сянно”.
Іван КВАШКО,
навучэнец 10 “А” класа, слухач факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію” ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Сянно”.