×

Інтэлектуальны клуб & прафарыентацыя

27.02.2020 11:17,

29 каманд школьнікаў, навучэнцаў і выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі аб’яднаў “Інтэлектуальны марафон”.

Адкрыты штогадовы конкурс, арганізатарам якога выступае Віцебскі дзяржаўны політэхнічны прафесійны ліцэй, сёлета прымаў Індустрыяльна-педагагічны каледж Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Кароткае азнаямленне з рэгламентам, правіламі — і марафон стартуе! Удзельнікі спаборнічалі ў “Сваёй гульні” і “Што? Дзе? Калі?”. Па словах намесніка дырэктара ВДППЛ па вучэбнай рабоце Андрэя Каржэўскага, “Інтэлектуальны марафон” вырашае шэраг задач. Гэта традыцыйныя для падобных конкурсаў  задачы — развіццё інтэлектуальных здольнасцей, аналітычнага і творчага мыслення, пашырэнне кругагляду і эрудыцыі навучэнцаў, грамадзянска-патрыятычнае і эстэтычнае выхаванне навучэнцаў, прадастаўленне ім дадатковых магчымасцей для творчай самарэалізацыі, актыўнай і карыснай занятасці ў вольны час, папулярызацыя інтэлектуальнай творчасці і інтэлектуальна-гульнявога руху, але першарадныя задачы — гэта прафарыен­тацыя і забеспячэнне ўзаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Так, партнёрам турніру выступіла гандлёвая сетка “Віцебскія прадукты” ААТ “Віцебскмясамалпрам”: для ліцэя яна з’яўляецца вядучым заказчыкам кадраў, з якім ажыццяўляецца цеснае ўзаемадзеянне як па арганізацыі практык, так і па стажыроўцы майстроў вытворчага навучання, дапамозе ліцэю ў набыцці сучаснага тэхналагічнага абсталявання. “Віцебскія прадукты” дапамаглі забяспечыць вялікі прызавы фонд “Інтэлектуальнага марафону” і прапанавалі ўвазе мола­дзі эфектную прэзентацыю сваёй дзейнасці. Яркія канцэртныя нумары і сваю прэзентацыю падрыхтаваў і індустрыяльна-педагагічны каледж.

—“Інтэлектуальны марафон” — адкрытая прафарыентацыйная пля­цоўка і найбуйнейшае мерапрыем­ства сезона нашага інтэлектуальнага клуба з самым вялікім складам удзель­нікаў, — адзначыў Андрэй Віктаравіч. — Сёлета ён прысвечаны 60-гадоваму юбілею нашай установы адукацыі. Таксама кожны год мы праводзім турнір па “Што? Дзе? Калі?” для першакурснікаў ліцэя, каб дапамагчы ім адаптавацца ў сістэме інтэ­лектуальнага клуба, і серыю гульняў, у тым ліку на базе Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны (удзельнічаюць усе групы ліцэя, запрашаюцца школьнікі, студэнты і навучэнцы акадэміі і яе аграрнага каледжа ў Лужасне), а таксама турнір валанцёраў сумесна з прытулкам для безнаглядных жывёл (пачынаем з акцыі ў ліцэі па зборы дапамогі прытулку), “Толькі футбол” (“Свая гульня” праходзіць з удзелам футбалістаў і трэнераў ФК “Віцебск”).

У асноўным конкурсным заліку (сярод навучэнцаў ліцэя) першае месца заваявалі пераможцы апошніх трох марафонаў, прадстаўнікі групы 26. “Серабро” атрымалі навучэнцы групы 24: раней яны тры разы запар таксама займалі другое месца. А вось трэцімі нечакана сталі першакурснікі з групы 15-19, для якіх гэта быў першы марафон. Сярод гасцей пераможцамі сталі каманды сярэдняй школы № 29 Віцебска імя В.В.Піменава, выпускнікоў ліцэя (18/10) і сярэдняй школы № 19 Віцебска.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.