×

ІТ: рэальнасць сёння і перспектывы заўтра

23.05.2019 11:43,

Двухдзённы рэспубліканскі семінар “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі: вопыт, магчымасці, перспектывы” прайшоў на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа.


Азнаёміцца з выставай высокатэхналагічнай прадукцыі для ўстаноў адукацыі ўдзельнікаў семінара запрасілі вядучыя прад­прыемствы Віцебска.

Удзел у семінары прынялі дырэктар галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэр­ства адукацыі Рэспублікі Беларусь Павел Ліс, кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў цэнтра, намеснік начальніка інфармацыйна-аналітычнага цэнтра прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Вольга Бялоцкая, кіраўнікі і метадысты ўстаноў прафадукацыі, адказныя за інфарматызацыю адукацыі работнікі абласных упраўленняў адукацыі і вучэбна-метадычных цэнтраў з усіх рэгіёнаў рэспублікі.

Праблемнае поле семінара ўключала ключавыя пытанні інфарматызацыі і новых адукацыйных тэхналогій. У рамках пленарнага пася­джэння разглядаліся перспектыўныя напрамкі лічбавай трансфармацыі адукацыі, магчымасці адноўленага варыянта офіснага пакета для работы з лічбавай, тэкставай і мультымедыйнай інфармацыяй Microsoft Office 2019, асноўныя трэкі FutureSkills. На пляцоўках “Лічбавыя інструменты для стварэння эфектыўнага адукацыйнага асяроддзя” і “Мадэляванне навучальнага асяроддзя” вядучыя спецыялісты ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій прадставілі свае распрацоўкі, інавацыйны вопыт устаноў прафесійнай адукацыі рэспублікі. Майстар-класы правялі выкладчык ВДТК, метадыст Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Пятрова (па выкарыстанні сэрвісаў Google ў адукацыйным працэсе) і настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 31 Віцебска Ларыса Малыгіна (па анлайн-сэрвісах для правя­дзення мабільных апытанняў).

Удзельнікі семінара азнаёміліся з адукацыйнай праграмай АСКОН: “Будзь інжынерам!”, вопытам укаранення мультымедыйных і дыстанцыйных тэхналогій, мабільнага навучання, тэхналогій дапоўненай і віртуальнай рэальнасці ў практыку работы ўстаноў прафесійнай адукацыі, а таксама выкарыстання сацыяльных сетак для распаўсюджвання адукацыйнага кантэнту і ІТ-тэхналогій пры вывучэнні асобных вучэбных дысцыплін.

Таццяна БОНДАРАВА.