×

Калі фантазія не мае меж

11.01.2020 12:15,

Настаўнікі Віцебскай вобласці гэтым разам як ніколі актыўна прынялі ўдзел у рабоце шматлікіх секцый IX Рэспубліканскага каляднага фестывалю педагагічнага майстэрства ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Яго дэвізам сталі словы: “Педагагічныя тэхналогіі — сучасна, эфектыўна, вынікова”.

Яз’яўляюся членам суполкі настаўнікаў-метадыстаў Беларусі “Імкненне” і наведваю фестываль трэці год запар, удзельнічаю ў секцыі “Замежныя мовы”. Два гады давала майстар-класы, якія выклікалі ў маіх калег непадробную цікавасць. У 2019 годзе вырашыла заявіцца на ўдзел у раздзеле “Неканферэнцыя”, дзе настаўнікі прэзентуюць свае творчыя прадукты.

Апошнія два гады фармат фестывалю змяніўся такім чынам, што дазваляе кожнаму педагогу краіны прадэманстраваць уласныя напрацоўкі, вопыт. Для таго каб атрымаць такую магчымасць, настаўніку трэба падрыхтаваць рэкламу метадычнага прадукту. І тут фантазія не мае меж: ад відэаролікаў да спецыяльна складзеных вершаў, ад таямнічых скарбонак да прафесійных маркетынгавых тэкстаў. У “Неканферэнцыі” з дваццаці настаўнікаў толькі пяцёра выступаюць, іх павінны выбраць прысутныя. Пасля рэкламы кожны можа аддаць голас толькі за чатыры майстар-класы, напружанне расце… Гэтым разам пашанцавала! Мой майстар-клас “Магчымасці інтэрактыўнага відэа на ўроках замежнай мовы. Стварэнне ўласнага відэа­кантэнту” набраў большасць галасоў, дзякую калегам за давер.

Што стаіць за кожным метадычным прадуктам? Карпатлівая праца настаўніка, які недасыпаў начэй, ахвяраваў вольным часам, шукаў новыя ідэі, каб атрымаць у тым ліку свае 15 мінут славы, падзяліцца вопытам выніковай працы. Я заўсёды знаходжуся пад уражаннем ад выступленняў маіх калег. Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць кіраўніку секцыі “Замежныя мовы” Галіне Сільвестраўне Хадасевіч, якая штораз імкнецца зрабіць работу секцыі разнастайнай і цікавай. Мы пазнаёміліся з элементамі актыўнай ацэнкі, даведаліся аб 29 спосабах заставацца крэатыўнымі, пачалі работу над стварэннем “Кнігі Міру”, якую прапанавала нам Мая Мяфодзьеўна Дароніна з Браслаўскай гімназіі. У выніку было прынята рашэнне арганізаваць рэспубліканскую творчую групу настаўнікаў для работы над “Кнігай Міру” на розных замежных мовах, якія выкладаюцца ў нашай краіне.

Вельмі прыемна сустракаць на фестывалі калег, якія прымалі з табой удзел у конкурсах прафесійнага майстэрства, у тым ліку “Настаўнік года”, “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Іх імкненне навед­ваць фестываль свед­чыць аб тым, што яны не стаяць на месцы, імкнуцца да самаўдасканалення. Менавіта непаўторны дух мерапрыемства, пошук новых ідэй, дапытлівы розум настаўнікаў, зносіны і работа з педагогамі з усёй краіны матывуюць нас развівацца ў прафесійным плане, удзельнічаць у фестывалі.

Падчас падвядзення вынікаў са сцэны гучалі словы ўдзячнасці, калегі дзяліліся ўражаннямі — як заўсёды, творча і нестандартна. Удзельнікі секцыі “замежнікаў” выступілі на чатырох замежных мовах, “інфарматыкаў” — арганізавалі жывы бягучы радок, “эстэтычнага цыкла” — выканалі навагоднюю песню. На фестывалі нарадзіўся слоган “2020 — вітаем фестываль X!” Калі вы хочаце даведацца аб тэхналогіі RACE, пазнаёміцца з мадэллю GROW або вас цікавіць эльдэтыка, то я на правах заўзятага ўдзельніка запрашаю вас далучацца!

Аліна СТЭЛЬМАЧОНАК,
настаўніца нямецкай мовы, настаўнік-метадыст Зялёнкаўскага дзіцячага сада — базавай школы імя Т.С.Марыненка Полацкага раёна.