×

Калі метэастанцыя — у школе

07.12.2019 12:16,

Двухдзённы навучальны семінар­практыкум у рамках праекта “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэння кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН у Беларусі ў партнёрстве з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, прайшоў у Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі. У семінары былі задзейнічаны прадстаўнікі ўстаноў адукацыі— удзельнікі праекта “Зялёныя школы”, у тым ліку рэсурсных цэнтраў і клубаў экалагічнага маніторынгу.

—Уадпаведнасці з праектам на базе ўстаноў адукацыі нашай краіны створаны 18 пілотных пляцовак па экаманіторынгу з сучаснай метэаралагічнай тэхнікай. Тры з іх дзейнічаюць у нашым рэгіёне: наш абласны рэсурсны цэнтр і клубы экаманіторынгу ў Оршы і Копысі, — паведаміла загадчык асноўнага сектара “Прырода і творчасць” абласнога Палаца дзяцей і моладзі Ганна Іванова. — У рамках семінара педагогі зялёных школ вучыліся працаваць з абсталяваннем для вымярэння параметраў навакольнага асяроддзя і якасці атмасфернага паветра.

Праграма семінара прадугледжвала знаёмства з відамі і ўзроўнямі экалагічнага маніторынгу (прэзентацыю правялі метадыст Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Настасся Парфіяновіч і старшыня дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Разам для лепшай будучыні” Святлана Станкевіч), правядзенне круглых сталоў “Далучэнне грамадскасці да вырашэння экалагічных пытанняў” (мадэратар кіраўнік Орхускага цэнтра ­БелНДЦ “Экалогія” Вольга Захарава) і “Праект дагавора паміж пілотнымі пляцоўкамі і Белгідраметам” (мадэратары вядучы інжынер­хімік службы экалагічнай інфармацыі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Алена Мельнік і загадчык аддзела Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Сідарэнка). Адбылася  прэзентацыя маніторынгу атмасфернага паветра, а таксама серыя практыкумаў з прымяненнем інтэрактыўных метадаў па правядзенні экаманіторынгу, па патрабаваннях да яго, па эксплуатацыі і тэхнічным абслугоўванні метэастанцый, ападказборнікаў, кандуктаметраў, рН­метраў, снегамерных рэек, газааналізатараў (заняткі правялі спецыялісты філіяла “Віцебскаблгідрамет”, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя). Алена Сідарэнка правяла трэнінг па арганізацыі, вядзенні, прадастаўленні справаздачнасці і прыняцці мер па выніках маніторынгу. З запаўненнем і вядзеннем электроннага дзённіка назіранняў, работай з электроннай базай даных для рэсурсных пляцовак педагогі падрабязна азнаёміліся на інтэрактыўнай лекцыі каардынатара ініцыятыў праекта “Далучэнне грамадскасці да экалагічнага маніторынгу і паляпшэння кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні” Пятра Сачака.

Да канца года абсталяванне па экаманіторынгу бу­дзе працаваць у тэставым рэжыме. Плануецца, што са студзеня супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і Белгідрамета значна актывізуецца. Атрыманыя даныя павінны заносіцца на анлайн­платформу, дзе іх будуць адсочваць, збіраць, аналізаваць і верыфікаваць спецыялісты Белгідрамета. Вэб­сайт з дадзенай інфармацыяй будзе даступны для ўсіх краін свету. У перспектыве па меры назапашвання інфармацыі не выключана яе выкарыстанне ў камерцыйнай дзейнасці, у прыватнасці, для складання каротка­ і доўгатэрміновых метэапрагнозаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі.