×

Калі надыходзіць Дзень ценяў, або Як выбраць будучую прафесію

20.03.2019 15:13,

У кожнага ў жыцці наступае момант, калі пачынаеш задумвацца пра заўтра і месца ў жыцці. Навучэнцы Браслаўскай гімназіі клапоцяцца пра будучыню ўжо з моманту паступлення ў гэтую ўстанову адукацыі.

Гімназісты-пяцікласнікі мараць стаць знакамітымі і паспяховымі ўрачамі, педагогамі, банкірамі, бізнесменамі, ратавальнікамі, міліцыянерамі. Выбіраючы профіль навучання ў дзясятым класе, хлопцы і дзяўчаты вызначаюць жыццёвы шлях. У гэты момант вельмі важна пазнаёміцца з будучай прафесіяй бліжэй, каб быць упэўненым выбары. Менавіта з такой мэтай штогод гімназія пры супрацоўніцтве з арганізацыямі і прадпрыемствамі Браслава арганізоўвае і праводзіць Дзень ценяў для навучэнцаў дзясятых класаў. Яны атрымліваюць унікальную магчымасць пабыць у ролі прадстаўніка абранай прафесіі і прайсці так званую міні-практыку на вытворчасці, ва ўстанове або ў арганізацыі.

У рамках Тыдня прафарыентацыі нашы гімназісты паспелі прымераць на сябе многія прафесіі, у тым ліку змаглі пабыць урачамі, агентамі Белдзяржстраха, міліцыянерамі, выхавальнікамі, вярстальшчыкамі раённай газеты, работнікамі МНС, Беларусбанка і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, турыстычнага і навуковага аддзелаў НП “Браслаўскія азёры”.

Пасля заканчэння “працоўнага дня” ўсе ўдзельнікі Дня ценяў сабраліся разам, каб падзяліцца ўражаннямі, абмяняцца думкамі і меркаваннямі аб той ці іншай прафесіі. “Я з самага дзяцінства марыла быць урачом, хаця крыху сумнявалася, ці змагу. А пасля таго, як правяла дзень у бальніцы, зразумела, што гэта на самай справе маё. Я ўбачыла, куды імкнуся”, — кажа Алеся Адахоўская.

А Дар’я Кострыкава, наадварот, адзначыла, што быць выхавальнікам ёй спадабалася, але гэтая прафесія вельмі складаная і адказная, паколькі вельмі цяжка даваць увагу кожнаму выхаванцу, і таму яна, напэўна, не хацела б працаваць у дзіцячым садзе.

Дзень ценяў не толькі дае магчымасць школьнай моладзі правесці некалькі гадзін разам з прадстаўніком той ці іншай прафесіі і на практыцы даведацца разнастайныя аспекты, але і для супрацоўнікаў гэта выдатная магчымасць натхніць будучых калег на мэтанакіраваную кар’еру, а таксама магчымасць зірнуць на сваю прафесію і яе будні збоку.

Вольга ЛУКША,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Браслаўскай гімназіі.