×

Кірунак на супрацоўніцтва

12.11.2019 14:38,

Семінар для настаўнікаў інфарматыкі ўстаноў адукацыі Віцебскай вобласці і шэраг цікавых мерапрыемстваў для навучэнцаў, студэнтаў і педагогаў арганізавалі ў рамках “Тыдня ІТ” на факультэце матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій ВДУ імя П.М.Машэрава.

Напярэдадні, у сярэдзіне кастрычніка, факультэт разам з абласным інстытутам развіцця адукацыі пачаў падрыхтоўку навучэнцаў вобласці да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах. Першымі ў ВДУ сабраліся 60 перспектыўных знаўцаў матэматыкі. Заняткі па тэме “Цэлыя і дробавыя лікі і іх прымяненне да рашэння задач” правёў для іх дацэнт кафедры алгебры і методыкі выкладання матэматыкі Васіль Маліноўскі. “Тыдзень ІТ” адкрыла традыцыйная алімпіяда па інфарматыцы, на якой сёлета была зафіксавана рэкордная коль­касць каманд — 18 навучэнскіх і 5 студэнцкіх.

— У мінулым годзе аналагічны ты­дзень у нас стартаваў з ІТ-форуму, які сёлета запланаваны на снежань. Праграма крыху змянілася, — праінфармаваў загадчык кафедры прыкладнога і сістэмнага праграмавання Сяргей Ермачэнка. — Па колькасці ўдзельнікаў, разнастайнасці мерапрыемстваў “Тыдзень ІТ — 2019” атрымаўся нават больш маштабным і прадстаўнічым. Асаблівую ўвагу мы акцэнтавалі на ўзаемадзеянні з ІТ-кампаніямі. На працягу трох дзён нашы партнёры з EPAM Systems, Innowise Group, iTechArt Group сустракаліся ў фармаце Open Day са студэнтамі, знаёмілі са спецыфікай работы сваіх кампаній, прапаноўвалі паўдзельнічаць у конкурсах на веданне ІТ. Праграмісты расказвалі, якія цікавыя задачы яны рашаюць, НR-менеджары — пра магчымасць сумяшчэння вучобы з працай, трэнінгі, стажыроўкі, патрабаванні да кандыдатаў. Дарэчы, EPAM Systems больш за 10 гадоў назад адкрыла на нашай базе сваю вучэбную лабараторыю, дзе двойчы ў год праводзіць бясплатныя курсы, а ў мінулым го­дзе поўнасцю абнавіла ў ёй абсталяванне. З красавіка бягучага года на факультэце працуе лабараторыя iTechArt, неўзабаве чакаем адкрыцця лабараторый Innowise Group і LaCIT.

Шматлюдна было і на штогадовым кірмашы вакансій. Фармат тут усім вядомы: спачатку ў канферэнц-зале прэзентуюць сваю дзейнасць вядучыя ІТ-кампаніі, якія працуюць у рэгіёне, потым удзельнікі размяркоўваюцца па розных аўдыторыях. Групы збіраюцца па жаданні, таму адразу відаць, хто з патэнцыяльных наймальнікаў здолеў мацней зацікавіць студэнтаў. EPAM Systems арганізавала для моладзі Fight Club. Перад удзельнікамі была пастаўлена задача напісаць праграму для кіравання віртуальным танкам, потым машыны змагаюцца за перамогу на палігоне. Спаборніцтва блізкае да спартыўнага праграмавання, толькі падрыхтавацца можна не ў працэсе, а загадзя. І, нарэшце, упершыню ў рамках тыдня адбыўся семінар “Работа з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі” для настаўнікаў інфарматыкі.

— Мы рухаемся ў напрамку інфарматызацыі адукацыі, і шлях развіцця тут відавочны: школа — установа прафесійнай адукацыі, універсітэт — прадпрыемства, — адзначыла дацэнт кафедры Алена Карчэўская. — Таму наш факультэт актыўна супрацоўнічае як з працадаўцамі, так і са школамі, у тым ліку ў рамках ІТ-акадэміі, дзе займаецца даволі вялікая колькасць навучэнцаў, падрыхтоўкі да алімпіяд, арганізацыі даследчыцкай работы. Школьныя настаўнікі дапамагаюць вучням стварыць пэўны прадукт, вызначыцца з напрамкам пошуку, вектарам прыкладання атрыманых ведаў і навыкаў. Дапамагчы выявіць навуковы кампанент даследавання — гэта ўжо наша задача. На семінары, арганізаваным пры падтрымцы абласнога інстытута развіцця адукацыі, былі прадстаўлены ўсе гарады і раёны рэгіёна. У першую чаргу мы засяродзілі ўвагу на асноўных этапах і складніках даследчыцкай работы. Настаўнікі і выкладчыкі абмяняліся кантактамі, абмеркавалі перспектывы развіцця ІТ, новыя формы ўзае­мадзеяння і арганізацыі адукацыйнага працэсу, праблемныя моманты ў падрыхтоўцы кадраў для ўстаноў адукацыі і ІТ-сферы. Па завяршэнні семінара адбыліся практычныя заняткі па падрыхтоўцы да ўдзелу ў дыстанцыйных алімпіядах па матэматыцы і інфарматыцы, майстар-класы па алімпіядным і Scratch-праграмаванні. Акрамя нашых выкладчыкаў, з калегамі працавала настаўніца гімназій №№ 1, 2 і 8 Віцебска Вераніка Лакціна.

Завяршыўся марафон ІТ-хакатонам “Пер­спектыўнае бачанне будучыні”. Адначасова з “Тыднем ІТ” на факультэце прайшоў тур матэматычнай алімпіяды “Турнір гарадоў”, у якім прынялі ўдзел больш за 250 навучэнцаў, а літаральна ўслед за ім — ініцыіраваны галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама, абласным інстытутам развіцця адукацыі і ВДУ імя П.М.Машэрава абласны турнір юных матэматыкаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ФМіІТ Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.