×

Крэатыўна і вынікова

28.05.2019 15:01,

Прадстаўнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі Віцебшчыны вынікова выступілі на Міжнародным фестывалі творчых прафесій “Мінскі вернісаж — 2019”.

Будучыя цырульнікі з Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа здолелі пакарыць журы не толькі майстэрствам і творчым падыходам да справы, але і прафесіяналізмам дэманстрацыі прычосак, арганічнасцю, дэталёвай прадуманасцю вобразаў. У гэтым канкурсантам дапамог вядомы далёка за межамі вобласці народны тэатр моды “Стыль”, якім славіцца ўстанова адукацыі. Дзякуючы яму, напрыклад, удзельнікі і госці “Мінскага вернісажу” мелі магчымаць атрымаць уяўленне аб цудоўнай новай калекцыі адзення “Кантыненты”, створанай навучэнцамі і педагогамі каледжа. Да кожнай мадэлі маладыя майстры прыдумалі і ўвасобілі прычоскі, асабліва ўразіла іх шыкоўная “Азія”. ВДІТК удала дэбютаваў на мінулым фестывалі: 3 бронзавыя медалі, 2 чацвёртых і пятае месцы. Сёлета каманда ўстановы (гонар альма-матар абаранялі 7 навучэнцаў) пераўзышла сваіх папярэднікаў: два залатыя, тры сярэбраныя і бронзавы медалі, адзін дыплом лаўрэата. У гэтым годзе на “Мінскім вернісажы” ўпершыню працавала секцыя “Тэхналогія моды”, у якой прадстаўнікі каледжа таксама паспрабавалі сілы. Вынік — дзве ўзнагароды І ступені ў намінацыях “Дызайн жаночага адзення” (у кірунках мас-маркет і ад куцюр), ІІІ ступені — у pret-a-porter і дыплом лаўрэата — у намінацыі “Дызайн дзіцячага адзення. Школьная форма”. У апошняй сваю распрацоўку на суд журы прадставіла першакурсніца Ганна Грынцэвіч, так што лаўрэацкі дыплом, на думку выкладчыкаў, не менш важкі, чым заваяваныя яе больш вопытнымі сяброўкамі па камандзе медальныя. Дарэчы, усе канкурсанты ад ВДІТК атрымліваюць падрыхтоўку на ступені прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

Майстар вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа Вольга Фаміна: “Мы вучым ствараць не проста прычоску, а цэласны вобраз. Вырабіць, калі патрабуецца, пасціжы, знайсці мадэль, падабраць адпаведныя макіяж, касцюм, аксесуары. Вельмі важны момант — дэманстрацыі: лічу, што поспех на конкурсных паказах на 50 працэнтаў залежыць ад мадэлі. На “Мінскім вернісажы” мы атрымалі карысны вопыт і плануем у перспектыве палепшыць вынікі”.

Полацкі дзяржаўны хіміка-тэхналагічны каледж прымаў удзел у фестывалі трэці раз. Навучэнцы разам з педагогамі многа сіл і часу аддалі падрыхтоўцы да фестывалю, што сябе апраўдала: каманда з 9 чалавек прывезла дадому ўнушальную калекцыю дыпломаў, у якой 4 — найвышэйшай вартасці. Палачане прызнаны лепшымі ў намінацыях “Мужчынская сучасная стрыжка “Кроп”/ Crop”, “Модны жаночы вобраз STREET STYLE, “Накручванне валасоў на каклюшкі” (на рахунку каманды і 2-е месца ў той жа намінацыі), “Модная жаночая стрыжка з укладкай з двума пажаданнямі” (уладальніца 1-га месца Людміла Скавародка ў згаданай намінацыі адзначана дыпломам “Прыз за афарбоўку” і заняла 5-е месца ў агульным заліку ў “Моднай мужчынскай стрыжцы з укладкай” сярод юніёраў). Узнагароды ў некалькіх намінацыях сталі для маладых майстроў з Полацка зайздроснай тэндэнцыяй таксама і ў конкурсе візажыстаў.

 

Загадчык аддзялення Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Юлія Коршунава: “Трэцяе агульнакаманднае месца і 22 дыпломы — дасягненне несумненнае, хаця і не выключнае. Да нас прыходзіць таленавітая моладзь, у калектыве працуюць моцныя выкладчыкі і майстры вытворчага навучання. У падрыхтоўцы мы робім акцэнт на ўніверсальнасці, дапамагаем навучэнцам засвоіць максімум напрамкаў у рамках профілю”.

Індустрыяльна-педагагічны каледж ВДТУ са­браў у сваю скарбонку самую вялікую ­колькасць узнагарод. У камандным першынстве “Кандытары і кулінары” — 1-е месца. Даспадобы журы прыйшліся віцебскія “Крэатыўныя пернікі ручной работы”. У гэтай намінацыі прадстаўнікі ВДІПК літаральна акупавалі лідарскі п’едэстал: у Ірыны Маркевіч абсалютная перамога і залаты медаль (у яе таксама 3-е месца і бронзавы медаль за “Вясельны торт”) , тры дыпломы ІІ ступені і сярэбраныя медалі, два дыпломы ІІІ ступені і бронзавыя медалі. За “Вясельны торт” заваяваны “серабро” і дзве “бронзы”, за CandyBar, “Банкетную гарачую страву” (юніёры), “Кандытарскі выраб дэсерт” (юніёры) — па адным і за “Вясельны фуршэтны стол” — два бронзавыя медалі. Адзін з іх прынёс камандзе Улад Вайтовіч — разам з серабром за “Фуршэтны стол для вегетарыянскага вяселля”. Кулінары прадэманстравалі нестандартны падыход у стварэнні аўтарскіх рэцэптур, сучасныя тэндэнцыі ў афармленні і сервіроўцы. Традыцыйныя прадукты (крапіва, проса, грыбы, цыбуля, журавіны і да гэтага падобнае), якія ёсць у кожнай сям’і, выкарыстоўваліся ў новым цікавым выглядзе: буракі — у мусе, шчаўе — у суфле.

У камандным першынстве “Тэхналогія моды” каледж зноў апынуўся па-за канкурэнцыяй. Толькі ў намінацыі “Дызайн дзіцячага адзення. Школьная форма” (статус навучэнцы) былі заваяваны залаты, сярэбраны і тры бронзавыя медалі. Парадавалі перамогамі будучыя візажысты і цырульнікі: 1-е месца і залаты медаль за “Фантазійны макіяж” (статус навучэнцы), адпаведна два сярэбраныя медалі ў намінацыях “Мужчынская сучасная стрыжка Undercut” (статус юніёры) і “Мужчынская сучасная стрыжка “Кроп”/ Crop”, тры “бронзы” ў жаночых майстроў — за “Модную стрыжку з двума пажаданнямі” (статус навучэнцы), “Гатовую пасціжорную работу” і  “Накручванне валасоў на каклюшкі” (абедзве — статус юніёры).

Ірына Віктараўна Міронава, загадчык вучэбна-вытворчых майстэрняў Індустрыяльна-педагагічнага каледжа Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, адзначыла: “У кожным “Мінскім вернісажы” ўдзельнічаюць нашы цырульнікі і візажысты, цяпер да іх далучыліся кулінары і майстры швейных вырабаў. Творчасць — адна з крыніц радасці. Энтузіязм, асабістая зацікаўленасць, упартая праца ў вольныя ад заняткаў гадзіны, жаданне развівацца ў абранай прафесіі паслужыла базай для поспеху. Арыгінальнасць ідэй, якасць выканання вырабаў, улік сучасных тэндэнцый моды, арганізаванасць і згуртаванасць дапамаглі заваяваць лідарства ў камандным заліку”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ўстановамі адукацыі — удзельнікамі фестывалю.