×

Круглая выдатніца

10.03.2020 11:42,

Так раней гаварылі пра школьніц, якія вучыліся на адны “пяцёркі“. Цяпер у адукацыі 10-бальная шкала ацэньвання ведаў. А ці можна вучыцца толькі на “дзясяткі“? Верагодна, многія скажуць, што так немагчыма або вельмі цяжка. Аднак у нашай установе адукацыі ёсць адзінаццацікласніца, якая мае па ўсіх вучэбных прадметах выключна “дзясяткі“.

Вікторыя Заруцкая — гордасць школы. Валодаючы шырокім кругаглядам і грунтоўнымі ведамі, яна ўсё ж выбрала для паглыблення рускую мову і літаратуру. Тут вялікая заслуга належыць і настаўніцы гэтага прадмета Вользе Міхайлаўне Вячэрскай. Ужо ў 5 класе педагог звярнула ўвагу на высокі ўзровень ведаў, развітое лагічнае мысленне, настойлівасць, адказнасць дзяўчынкі. Тады ж стала право­дзіць з Вікай стымулюючыя заняткі, і гэта дало жаданы вынік. Ужо ў 8 класе навучэнка прыняла ўдзел у Рэспубліканскай алімпіядзе па рускай мове і літаратуры: атрымала дыплом I ступені на абласным і дыплом III ступені на заключным яе этапах. На працягу наступных двух гадоў Вікторыя мэтанакіравана паляпшала свой вынік на рэспубліцы: яна заваявала дыпломы II ступені ў 2017/2018 навучальным годзе і I ступені ў 2018/2019 навучальным годзе. Акрамя рэспубліканскай алімпіяды, Віка прымае ўдзел і ў іншых значных мерапрыемствах, непасрэдна звязаных з любімым вучэбным прадметам. Так, у 2018 годзе паўдзельнічала ў заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, а ў 2019 го­дзе стала пераможцай гэтай алімпіяды, атрымала дыплом II ступені. Дзякуючы высокім вынікам, дасягнутым у алімпіядным руху, Вікторыя ўвайшла ў лік стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Аднак нельга сказаць, што жыццё нашай зорачкі звязана толькі з рускай мовай. Некалькі гадоў яна актыўна прымала ўдзел у дзейнасці школьнага аб’яднання па інтарэсах “ЮІР”, якое неаднаразова з’яўлялася пераможцам абласнога і рэспубліканскага этапаў конкурсу юных інспектараў дарожнага руху (дарэчы, кіраўнік гэтага гуртка — Вольга Міхайлаўна Вячэрская). Два гады назад Вікторыя паспяхова выступіла на абласным і рэспубліканскім этапах тэлевізійнага праекта “Я ведаю”. Зараз зноў рупліва рыхтуецца да ўдзелу ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Разам з тым усё гэтак жа атрымлівае “дзясяткі” па ўсіх вучэбных прадметах. Хочацца пажадаць, каб усе яе мары ў жыцці абавязкова спраўдзіліся.

Таццяна ПАЎЛАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Лёзна.