×

Лета цікавае, лета карыснае

17.08.2019 12:41,

Яркімі ўражаннямі, новымі знаёмствамі, важнымі справамі, падарожжамі і сяброўскімі сустрэчамі адзначаны летнія канікулы навучэнцаў Сенненскай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

З наступленнем канікул работа ў сталярнай і швейнай майстэрнях не спынялася, бо старшакласнікі выйшлі на прафесійную практыку. Для кожнага будучага гаспадара гэта добрая магчымасць адшліфаваць патрэбныя ў жыцці ўменні і навыкі, а для школы-інтэрната — аднавіць лінейку вырабаў з дрэва і тэкстылю як для ўласных патрэб, так і на продаж: восеньскія кірмашы не за гарамі! Летняя пара год корміць, так што клопатаў прыбавілася і на агародзе з парнікамі, дзе радавалі вока роўныя радкі бульбы, цыбулі, морквы, буракоў, капусты, наліваліся важкай спеласцю агуркі, памідоры ды перцы. Рупліва шчыруюць над ураджаем і дарослыя, і дзеці, бо разумеюць: уся вырашчаная ўласнымі рукамі смаката потым апынецца на школьным стале. Лішкі пойдуць на продаж дзяржаве і насельніцтву — нялішняя прыбаўка да пазабюджэту. Трэба было прыкласці рукі і ў нарыхтоўцы сена для двух коней, якіх утрымлівае школа-інтэрнат для гаспадарчых патрэб.


Валанцёры праводзяць майстар-клас па арыгамі.

— Дзеці ў нас знаходзяцца і ў канікулярны перыяд, за выключэннем тых, хто адправіўся на аздараўленчы адпачынак у беларускія патранатныя сем’і, італьянскія сем’і, — адзна­чае дырэктар школы-інтэрната Леанід Казлоў. — Важна аптымальна арганізаваць іх вольны час, каб комплекс заняткаў па інтарэсах і культурна-развіццёвых мерапрыемстваў забяспечваў  псіхалагічны камфорт і неабходнае развіццё, у тым ліку фізічнае і маючае аздараўленчы эфект. У будныя дні з панядзелка па суботу да абеду мы сваімі сіламі арганізоўваем працоўныя справы дзяцей — гэта істотна, таму што наша тэрыторыя, восем з паловай гектара, мае патрэбу ў доглядзе, пастаянным развіцці і рэалізацыі праектаў. Але, калі гаворым пра працоўныя справы, на іх адведзена толькі дзве гадзіны ў першай палове дня, у каго вытворчая практыка — не больш за 3—4 гадзіны. Далей, пакуль дазваляла надвор’е, было купанне — па групах, з 11 да 13 га­дзін дня. А потым — заняткі на стадыёне і адпачынак. Пасля абеду мы зноў збіраемся і займаемся добраўпарадкаваннем тэрыторыі, рознымі творчымі справамі, хо­дзім на экскурсіі ў горад і ў паходы. Пад вечар разам глядзім фільм, даглядаем насаджэнні. У прынцыпе, жыццё і побыт дзяцей адладжаныя, сістэматызаваныя, лета ў іх сапраўднае.

Трэба дадаць, што стадыён і абсталяваны пляж знаходзяцца на прышкольнай тэрыторыі. Разам з тым кожнае дзіця чакае ад лета падзей не толькі цікавых, але і незвычайных. Іх таксама было багата, у значнай ступені дзякуючы дапамозе валанцёраў. Практычна штотыдзень школа-інтэрнат прымала гасцей. Валанцёрскія групы прыязджалі з канцэртна-забаўляльнымі праграмамі, наладжвалі салодкія сталы, спартыўныя матчы і фестывалі. Мора эмоцый, пазітыўных уражанняў, карысных навыкаў пакінулі спаборніцтвы па батуце і лазертагу, бадмінтоне, міні-футболе, дартсе, настольным тэнісе, валейболе, майстар-класы па касметычным доглядзе, лепцы, арыгамі, пляценні бранзалетаў з бісеру. У чэрвені на працягу двух тыдняў навучэнцы разам з валанцёрамі дабрачыннай місіі “Рука ў руцэ” займаліся музыкай і спевамі, вучыліся іграць на гітары, вывучалі англійскую мову.


Таварыскі матч па міні-футболе паміж камандамі навучэнцаў школ-інтэрната і замежных студэнтаў віцебскіх УВА.

— Характэрна, што валанцёрскі рух пашыраецца, да яго далучаюцца многія прадпрыемствы і арганізацыі, — працягвае Леанід Леанідавіч. — Цудоўна, калі наведва­юць школу-інтэрнат дарослыя са станоўчым жыццёвым вопытам разам са сваімі сем’ямі, дзецьмі: актывізуюцца зносіны, адбываецца абмен кантактамі, навучэнцы знаходзяць новых сяброў-равеснікаў. Напрыклад, мы даўно супрацоўнічаем з калектывам прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “БелТрансСпадарожнік”. Партнёры дапамаглі нам з рамонтам, абсталявалі пакой для гульняў, арганізоўваюць экскурсіі, аказваюць дзецям, якія маюць у тым патрэбу, персанальную падтрымку. У маі і верасні яны звычайна прыязджаюць да нас з сем’ямі, мы праводзім цэлы цыкл мерапрыемстваў. Мы ведаем, што ў нас ёсць надзейныя сябры, на якіх мы можам абапірацца. Нават пры дастатковым бюджэтным фінансаванні такая дапамога ніколі не лішняя, яна павінна быць для паўнавартаснага развіцця дзіцяці і дае магчымасць нашым дзецям у пэўных аспектах быць нават больш разнастайна адукаванымі ў параўнанні з дзецьмі з поўных сем’яў. Летам нашы навучэнцы наведваюць гарады і вядомыя мясціны Беларусі, знакамітыя храмы, памятныя месцы баёў, дзе мы добраўпарадкоўваем помнікі. Экскурсію на ІІ Еўрапейскія гульні спансіравала адкрытае акцыянернае таварыства “ПрыватЛізінг” — таксама нашы даўнія сябры, яны аказалі неацэнную дапамогу ў рамонце і арганізацыі трох дадатковых факультатыўных курсаў для дзяцей па англійскай мове, праграмаванні і шахматах.

Напярэдадні 1 верасня ў школе-інтэрнаце завяршаюцца маштабныя работы па рамонце і добраўпарадкаванні. За кошт бюджэтных сродкаў сёлета ўстанова ажыццяўляе рамонт спальных пакояў і пераходаў у спальным корпусе, рамонт і афарбоўку ў класах. Замену падлогі на першым паверсе вучэбнага корпуса ўзяла на сябе брыгада з ААТ “Адраджэнне”. Прывабны выгляд набыў фасад галоўнага ўвахода, старыя вокны ў вучэбным корпусе заменены на сучасныя шклопакеты — таксама дзякуючы спонсарам. Усе будаўнічыя работы ў якасці дабрачыннай дапамогі прафінансавала ААТ “ПрыватЛізінг”, а выканалі якасна і ў запланаваныя тэрміны будаўнічая кампанія
“СП-ИзумрудСтройИнвест” і прыватнае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Макс Стайл”. З новымі сіламі і ў адноўленым выглядзе школа-фабрыка рыхтуецца дастойна сустрэць надыходзячы навучальны год.

 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.