×

Майстэрства, праца, вынік

23.01.2020 12:20,

Упершыню вучні настаўнікаў матэматыкі гімназіі № 2 Віцебска Аляксандра Шугаля і Святланы Матросавай заваявалі медалі Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды.

Аляксандр Шугаль, Мікалай Юдзін, Вольга Матросава і юная матэматычная змена гімназіі.

— Аляксандр Ула­дзі­міравіч і Святлана Рыгораўна працуюць у нас праз паралель, — расказвае дырэктар гімназіі Канстанцін Кісялёў. — Гэта ўлюбёныя ў прадмет, ініцыятыўныя і творчыя, адданыя матэматыцы і педагогіцы лю­дзі — прафесіяналаў такога ўзроўню адзінкі на адукацыйнай прасторы вобласці. Многае ў падрыхтоўцы навучэнцаў, у тым ліку да рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, педагогі робяць разам. За няпоўныя пяць гадоў з іх склаўся ўнікальны прафесійны тандэм, які адрознівае высокая выніковасць: у дачыненні да алімпіяд — больш за трыццаць пераможцаў абласнога этапу і 5— заключнага, цяпер — удалы міжнародны дэбют.

Сёлета на абласны этап алімпіяды выйшлі дзевяць вучняў Аляксандра Шугаля і Святланы Матросавай, усе яны сталі пераможцамі. Тым часам яшчэ двое — самыя моцныя маладыя матэматыкі гімназіі адзінаццацікласнікі Мікалай Юдзін і Віктар Макоўскі, за плячыма якіх перамогі ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды, — прадстаўлялі Віцебшчыну і нашу краіну на XVІ Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе школьнікаў па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы ў Алматы (Казахстан). І абодва прынеслі ў скарбонку беларускай каманды бронзавыя медалі! Як жартуюць у гімназіі, з улікам медаля такой жа вартасці іх аднакласніка Андрэя Далецкага (інфарматыка, настаўніца Вераніка Лакціна), атрымалі “бронзу” ў кубе. І неацэнны вопыт — а значыць, небеспадстаўнае спадзяванне на паспяховае выступленне іх здольных і працавітых наступнікаў на дадзеным спаборніцтве ў будучым годзе.

— Жаўтыкаўская алімпіяда штогод пашырае геаграфію і колькасць удзельнікаў, расце канкурэнцыя, больш напружаным і цікавым становіцца спаборніцтва, — дзеліцца назіраннем Аляксандр Шугаль. — Напрыклад, калі браць выніковасць па балах: бронзавы медаль па матэматыцы 2019 года атрымалі тыя, хто набраў дзесяць балаў і вышэй, сёлета ж патрабавалася як мінімум пятнаццаць. У Мікалая дваццаць адзін бал: летась гэта было б “золата”, цяпер — “бронза”. Тым не менш далей з улікам таго, што матэматычны напрамак у гімназіі мы пастаянна развіваем, у перспектыве будзем прэтэндаваць на “серабро” і “золата”.

— Перамогу, несумненна, абумоўліваюць матываванасць і здольнасці, але найперш — вялікая праца, — дадае Святлана Матросава. — А ў алімпіядзе гэта яшчэ і псіхалагічны настрой, вопыт і ў пэўнай меры ўдача. Зрэшты, калі любіш тое, што робіш, то і перамога будзе. Мы пастараемся лепш.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.