×

Маленькія берагошы

20.02.2019 16:51,

Што значыць быць ашчадным? Што і навошта трэба берагчы? Які сэнс беражлівасці? На гэтыя пытанні шукалі адказы выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Наваполацка падчас правядзення ва ўстанове тэматычнага тыдня беражлівасці і эканоміі.

Педагогаў і дзяцей аб'яднала адна агульная справа: вучыліся эканоміць самі і вучылі эканоміць іншых. Увесь тыдзень праходзілі цікавыя пазнавальныя і забаўляльныя мерапрыемствы: дзеці вучыліся эканоміць ваду, святло, газ і іншыя прыродныя рэсурсы не толькі ў сябе дома, але і ў дзіцячым садзе.

Адкрыўся тыдзень беражлівасці святам “У гасцях у Берагошы і яго сяброў”. Дзеці падзяліліся ведамі пра тое, што значыць быць ашчадным, як трэба эканоміць ваду, зберагаць цяпло, электраэнергію. А ў гульнях, праявіўшы кемлівасць і знаходлівасць, прадэманстравалі практычныя ўменні і веды.

У займальнай форме ў сярэдніх і старшых групах прайшлі заняткі “Беражлівасць пачынаецца з малога”, “Зберажом планету нашу”; гутаркі на тэму “Навошта берагчы ваду?”, “Як зберагчы цяпло?”, “Як да нас прыходзіць электрычнасць”; у малодшых групах — гульні-спаборніцтвы, гульні- драматызацыі “Хто хутчэй збярэ смецце”, “Я ашчадны”. А тэатральнае прадстаўленне “Церамок” і конкурс малюнкаў “Беражыце нашу зямлю!” дазволілі праявіць творчыя здольнасці.

На працягу ўсяго тыдня ў групах былі арганізаваны дзяжурствы, падчас якіх нагадвалі аб неабходнасці выключаць святло ў памяшканнях і шчыльна закрываць краны. Дзеці старшых груп разам з педагогамі склалі правілы карыстання вадой, мудрыя парады па эканоміі цяпла і электрычнасці.

У падрыхтоўцы да тыдня беражлівасці і эканоміі актыўны ўдзел узялі бацькі выхаванцаў. Мамы і таты былі жаданымі гасцямі не толькі на адкрытых занятках, святах, на пасяджэннях бацькоўскага клуба, але і на выстаўцы творчых работ “Другое жыццё непатрэбных рэчаў”. Эксклюзіўныя работы сямейнай творчасці з бытавых адходаў упрыгожылі групавыя ўчасткі і памяшканні.

У рамках тыдня прайшла акцыя па зборы другаснай сыравіны. Падключыліся ўсе педагогі, бацькі выхаванцаў і нават бабулі і дзядулі. Дзякуючы такой падтрымцы вынікі акцыі пераўзышлі ўсе чаканні: за адзін дзень мы сабралі 425 кілаграмаў папяровых адходаў, якія адправяцца не на сметнік, а на перапрацоўку. 60 кілаграмаў макулатуры ратуюць ад вырубкі адно дарослае дрэва. Мы выратавалі 7 дрэў!

У завяршэнні тэматычнага тыдня для выхаванцаў сярэдніх і старшых груп адбылося свята “Смецце паасобна збірай, экалогію захавай”. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел і прадстаўнікі біяхімічнага завода бытавых другасных рэсурсаў: інжынер-тэхнолаг Таццяна Карповіч і інжынер-эколаг Ірына Свірко. Дзеці даведаліся пра тое, чаму неабходна сартаваць смецце, што такое прынцып шматкантэйнернага падзелу адходаў і замацавалі новыя веды на практыцы — патрэніраваліся збіраць розныя віды адходаў у кантэйнеры розных колераў.

Педагогі нашага цэнтра ўпэўнены, што калі з першых гадоў жыцця дзіця будзе бачыць у дзіцячым садзе і дома прыклад беражлівага стаўлення дарослых да навакольнага свету, калі яно будзе засвойваць паняцці энерга- і рэсурсазберажэння ў розных відах дзіцячай дзейнасці, то з яго вырасце чалавек, які клапоціцца аб сваёй малой і вялікай радзіме.

Таццяна ПЛІГАЎКА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Наваполацка.