×

Марафон добрых спраў

03.12.2019 16:18,

У снежні ўсіх добрых і спагадлівых вучняў і педагогаў гімназіі № 3 Віцебска абяднаў Марафон добрых спраў.

У рамках Сусветнага дня валанцёра актывісты цімураўскага штаба піянерскай дружыны гімназіі правялі акцыю “Перадай дабро па Крузе” сярод вучняў 2—6 класаў. Падчас інтэрактыўных перапынкаў навучэнцы з педагогамі абмеркавалі пытанні чалавечнасці, добразычлівасці, спагады, міласэрнасці і дабрачыннасці. Навучэнцы спявалі дзіцячыя песні аб міры і сяброўстве. Сярод вучняў 1—4 класаў была праведзена ў гульня “Ветліва — няветліва”.

Педагог-арганізатар Уладзіслаў Маёраў расказаў, што ёсць дзеці, якія жывуць з захворваннямі цэнтральнай нервовай сістэмы і парушэннямі апорна-рухальнага апарата, яны маюць патрэбу ў леках, у сродках рэабілітацыі і спецыяльным абсталяванні, што вельмі неабходна і жыццёва патрэбна. І запрасіў навучэнцаў гімназіі прыняць актыўны ўдзел у дабрачыннай акцыі. Надзею на дапамогу дзецям змог падарыць кожны з навучэнцаў і педагогаў гімназіі, прыняўшы ўдзел у сацыяльным праекце “Новае жыццё ў абмен на коркі”. Гаворка пра звычайныя пластыкавыя коркі з-пад напояў. Дзеці збіраюць коркі і прыносяць іх ва ўстаноўленыя кантэйнеры, якія знаходзяцца ў фае другога паверха нашай гімназіі. Сабраны пластык перадаецца перапрацоўчым арганізацыям, а за кошт сродкаў, атрыманых ад яго продажу, будуць набытыя лекі для маючых патрэбу ў дапамозе дзяцей.

У Сусветны дзень валанцёра былі падведзены вынікі збору коркаў, а найбольш актыўныя ўдзельнікі акцыі былі прызнаныя чэмпіёнамі добрых спраў і ўзнагароджаны дыпломамі.

Марафон добрых спраў  працягнулі актывісты валанцёрскага атрада “Добрае сэрца”: наведалі з падарункамі і падрыхтаванай канцэртнай праграмай інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху. Спяшайцеся і вы рабіць дабро!

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі