×

“Мая любоў, маё каханне…”

15.11.2019 11:20,

Традыцыйна першы тыдзень другой чвэрці ў ДУА “Ноўкінская сярэдняя школа Віцебскага раёна” прысвечаны беларускай мове і літаратуры. І на сустрэчу з вучнямі запрашаюцца стваральнікі жывога слова – беларускія пісьменнікі. На гэты раз школу наведала старшыня Віцебскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка.  

Пісьменніца расказала школьнікам шмат цікавага, асабліва іх уразіў лёс гэтай мужнай жанчыны. Нарадзілася яна ў Бранскай вобласці. Свой першы верш напісала ў 7 гадоў, а ў 15 ужо была прынята ў літаратурнае аб’яднанне юных паэтаў пры Бранскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў СССР. Выйшла замуж за ваеннага. У 1974 годзе сям’я пераехала ў Беларусь на новае месца службы мужа. У хуткім часе нарадзіўся сын, які таксама абраў прафесію ваеннага. Так атрымалася, што ў трагічных абставінах загінулі сын і муж. Але ў Беларусі яе напаткала яшчэ адно каханне і мацярынскае шчасце.

Кожны крок нялёгкага жыцця Тамары Іванаўны знайшоў адлюстраванне ў паэзіі. Гэта і любоў да Радзімы, і да Беларусі, гэта і каханне, і боль ад страты. Яе творы друкуюцца ў часопісах, альманахах, літаратурных зборніках, вялікімі тыражамі выходзяць кнігі.

Паэтэса ў 2007 годзе ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны за літаратурную дзейнасць, з’яўляецца пераможцай ІІ Міжнароднага конкурсу паэзіі “Я ни с кем никогда не расстанусь” (Масква, 2007), лаўрэатам Міжнароднага конкурсу “И помнит мир спасённый” (Масква, 2010).

Бібліятэцы Ноўкінскай школы Тамара Іванаўна падарыла кнігу “Дзіцячы свет”, выдадзеную ў 2017 годзе. Асабліва спадабаліся вучням вершы на пастаноўку правільнага націска ў словах. Прачытаць гэтую кнігу будзе карысным як дзецям, так і дарослым.

Паэтэса чытала вершы, дзеці задавалі пытанні, адно з іх тычылася яе двайнога прозвішча. Яна адказала, што такім чынам ушанавала памяць свайго першага мужа, пасля таго, як у другі раз выйшла замуж. А яшчэ дзеці даведаліся, што Тамара Іванаўна з’яўляецца аўтарам гімна горада Віцебска, які быў афіцыйна прыняты 27 сакавіка 2013 года. 

Вучні вельмі ўразіліся сустрэчай з Тамарай Іванаўнай Красновай-Гусачэнка. І, можа, хто-небудзь з іх, натхнёны незгасальнай энергіяй паэтэсы, напіша і свой першы верш.

Таццяна ІЛЬІНОВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Ноўкінская сярэдняя школа Віцебскага раёна”.