×

Мець суму ведаў або рэалізаваць сябе як асоба?..

09.12.2019 14:53,

З 2 снежня на базе Мазалаўскай сярэдняй школы стартаваў метадычны тыдзень для кіраўнікоў і педагогаў Віцебскага раёна па тэме “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу на вучэбных занятках”.

У праграме мерапрыемстваў было прадугледжана засваенне тэарэтычных асноў кампетэнтнаснага падыходу, наведванне і аналіз вучэбных заняткаў, дэманстрацыя з вопыту работы педагогаў і распрацоўка педагагічнай шпаргалкі. 

Школу наведалі 57 педагогаў і кіраўнікоў. Кожны папоўніў сваю педагагічную скарбонку новымі ідэямі і прыёмамі. Ірына Выхадцава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце, адкрыла сакрэты праектавання ўрока ў рамках кампетэнтнаснага падыходу педагогаў Мазалаўскай школы. Настаўнік пачатковых класаў Святлана Іванова па-майстэрску прадэманстравала арганізацыю групавой работы, настаўніца рускай мовы Алена Кучынская прадставіла вопыт арганізацыі самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў у рамках методыкі “перакулены клас”, настаўнік матэматыкі Людміла Бурынская навучыла нестандартным спосабам праверкі дамашняга задання, настаўнік геаграфіі Уладзімір Аўфяронак — як зрабіць складаную тэму даступнай і цікавай, выкарыстоўваючы эфектыўныя прыёмы працы з тэкстам. 

Кіраўнікі ўстаноў адукацыі раёна былі ўцягнутыя ў дзейнасць на розных этапах урока. Настаўнік беларускай мовы Настасся Гецман прапанавала развіццёвае заданне для выхаду на новую тэму і сумеснага мэтапакладання, настаўнік англійскай мовы Вольга Кухто — алгарытм тэхнікі пастаноўкі пытанняў для паспяховай дзейнасці вучняў на этапе сэнсатворчасці.

Асвойваючы на практыцы, педагогі вызначылі вядучыя пастулаты кампетэнтнаснага падыходу: галоўнае — не столькі веды перадаць, колькі навучыцца імі карыстацца; залог поспеху дзіцяці — у самастойнай пазнавальнай пазіцыі (“я змагу гэта зрабіць!”, “я раблю сам!”); практыка-арыентаваныя і пазнавальныя заданні ўзмацняюць навучальны эфект і нараджаюць пазнавальную цікавасць (“мне гэта трэба!”, “мне гэта цікава!”); вучань будзе паспяховы, калі навучыцца планаваць вынікі дзейнасці і зможа вызначаць прычыны ўласных цяжкасцяў.

У канцы ўсе педагогі прыйшлі да высновы: можна мець багаж ведаў, але не ўмець ім скарыстацца, да таго ж веды бясконца абнаўляюцца, таму значна важнейшае тое, каб кожнае дзіця магло рэалізаваць сябе як асоба.

Ірына ВЫХАДЦАВА, 
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мазалаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.