×

Найдаражэйшая каштоўнасць здароўе

21.09.2019 11:45,

Установы адукацыі прынялі ўдзел у спецыялізаванай выставе-кірмашы “Віцебшчына — за здаровы лад жыцця”, якая прайшла ў канцэртнай зале “Віцебск”.

Яркімі выступленнямі расквецілі выставу-кірмаш творчыя калектывы Цэнтра культуры “Віцебск” і танцавальная студыя “Дарыданс”, прадэманстраваўшы перавагі спартыўнага ладу жыцця. Розныя віды фізічнай актыўнасці на любы густ, узрост і запыт прадставілі навучэнцы вучэбна-спартыўных устаноў і школ алімпійскага рэзерву, удзельнікі спартыўных секцый Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін падкрэсліў, што дзяржава ўдзяляе велізарную ўвагу здароўю нацыі, бо ад яго напрамую залежыць наша агульная будучыня.


Азнаёміцца з экспазіцыяй госці выставы-кірмашу прыходзілі і паасобку, і разам з сябрамі. У ліку наведвальнікаў — навучэнцы сярэдняй школы № 31 Віцебска.

— У вобласці працуе больш за 4 тысячы розных спартыўных збудаванняў, штогод уво­дзяцца новыя аб’екты. Ёсць магчымасць займацца 43 відамі спорту, сярод якіх — 33 алімпійскія, — расказаў Уладзімір Пятровіч. — Але самае галоўнае — увага да здароўя кожнага чалавека. Выстава-кірмаш дапамагае гэтаму навучыць, атрымаць патрэбныя веды.

На дэманстрацыйных пляцоўках, што разгарнулі ўстановы аховы здароўя, можна было азнаёміцца з метадамі прафілактыкі і лячэння захворванняў ад сучасных класічных да нетрадыцыйных. У кансультацыйных пунктах вялі прыём медыкі і медыцынскія брыгады. Тут прапаноўвалася прайсці дыягностыку стану здароўя. Пры неабходнасці ўрачы на месцы былі гатовы аказаць экстранную дапамогу, пракансультаваць і параіць, дзе запісацца на далейшае абследаванне. Акрамя таго, гасцей выставы запрасілі паўдзельнічаць у віктарынах, конкурсах і майстар-класах па гігіене ротавай поласці, скандынаўскай хадзьбе, догля­дзе скуры. Усе жадаючыя мелі магчымасць павучыцца прыёмам аказання першай медыцынскай дапамогі ў актывістаў абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чыр­вонага Крыжа, азнаёміцца з навінкамі ў сферы турызму і касметалогіі. На пляцоўцы ВДУ імя П.М.Машэрава прадстаўнікі двух факультэтаў, біялагічнага і фізічнай культуры і спорту, прэзентавалі праграмна-апаратны комплекс “Амега-м”.

— Гэта лічбавы аналізатар біярытмаў, які дазваляе ацаніць функцыянальны стан арганізма на падставе фіксавання параметраў з розных сістэм і органаў з далейшай ацэнкай вынікаў і іх інтэрпрэтацыяй на аснове аналізу варыябельнасці сардэчных рытмаў, — патлумачыў прынцып дзеяння прыбора магістрант Мікалай Цішуцін. — Даследаванне дапамагае скласці агульную карціну стану здароўя і ацаніць работу сардэчна-сасудзістай сістэмы, цэнтральнай і вегетатыўнай нервовых сістэм, гарманальны статус і ўзровень самарэгуляцыі арганізма ў рэжыме біялагічнай зваротнай сувязі, а таксама спрагназаваць псіхафізічны стан арганізма, вызначыць біялагічны ўзрост (апошняе нязменна прыцягвае ўвагу нашых наведвальнікаў), ступень гарманізацыі біярытмаў арганізма, інфармацыйны паказчык імуннага статусу метадам фрактальнага аналізу. На аснове атрыманых даных урач фармулюе дыягназ, прагноз і падбірае рэкамендацыі, такім чынам забяспечваецца строга індывідуальны падыход.


Магістрант Мікалай Цішуцін, студэнткі Таццяна Барысоўская і Ліяна Гаўрылюк (ВДУ імя П.М.Машэрава).

Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі — сярод пастаянных удзельнікаў выставы-кірмашу. Сёлета на пляцоўцы ўстановы дадатковай адукацыі былі прадстаўлены метадычныя рэкамендацыі па правядзенні ўрокаў здароўя і масавых мерапрыемстваў, што садзейнічаюць пашырэнню і паглыбленню ведаў пра здаровы лад жыцця. Прыцягвалі ўвагу гербарыі лекавых і калекцыі пакаёвых раслін, якія спрыяюць паляпшэнню паветра ў інтэр’еры, зборы гаючых траў, калекцыя востра-смакавых агароднінных культур. Вялікую колькасць удзельнікаў сабраў майстар-клас па арт-тэрапіі (маляванні пяском). Педагогі экалагічнага аддзела кансультавалі гасцей выставы па вырошчванні экалагічна чыстай прадукцыі на дачным участку, іх калегі з аддзела турызму і краязнаўства прапагандавалі здаровы лад жыцця праз правядзенне турыстычных паходаў, злётаў і спаборніцтваў.

Да аздараўленчай асветы далучыліся вытворцы харчовых прадуктаў. Багаты асартымент для здаровага харчавання быў прадстаўлены на дэгустацыях, арганізаваных прадпрыемствамі, у тым ліку Віцебскай бройлернай птушкафабрыкай, ААТ “Малако”, Віцебскім мясакамбінатам. Пасля дэгустацыі ўпадабаную прадукцыю можна было на­быць. Прадстаўнікі аграрнага каледжа Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны прывезлі на выставу-кірмаш экалагічна чыстую агародніну і расказалі, як згатаваць з яе карысныя стравы, а выкладчык каледжа Вера Голуб правяла майстар-клас па кветкаводстве. Па перакананні педагога, зарадзіцца пазітыўнай энергіяй кветак — прыемны і вельмі эфектыўны спосаб падтрымаць здароўе.


Элементы ўсходніх адзінаборстваў прадэманстравалі прадстаўнікі школы спартыўнага ўшу.

Дэгустацыя і кансультацыі па складанні незвычайнага смачнага меню чакалі наведвальнікаў на пляцоўцы індустрыяльна-педагагічнага каледжа Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. У пераліку спецыяльнасцей установы адукацыі — “Тэхналогія харчовых вытворчасцей” і “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”. Педагогі і навучэнцы частавалі ўсіх жадаючых бурачным мусам, шпінатным жэле, веганскай піцай і пшанічным хлебам з брокалі, чабаром і маяранам. Як паведаміла намеснік дырэктара каледжа па вытворчай рабоце Наталля Шыбека, у аснове арыгінальных рэцэптур — інавацыйныя распрацоўкі навучэнцаў, многія з якіх адзначаны медалямі рэспубліканскіх конкурсаў. Для гатавання страў выкарыстоўваюцца прадукты пераважна мясцовага паходжання. Гэта робіць карыснае для здароўя меню прывабным яшчэ і з пункту погляду эканоміі сямейнага бюджэту. Варта да­даць, што ўстановы прафесійнай адукацыі разам з Віцебскім абласным палацам дзяцей і моладзі скарысталі выпадак (за два дні выставу наведала некалькі тысяч чалавек) і правялі на сваіх пляцоўках выдатную рэкламна-прафарыентацыйную кампанію.

Арганізатарамі выставы-кірмашу “Віцебшчына — за здаровы лад жыцця” высту­паюць абл­выканкам, абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя і абласное аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Сёлета форум здароўя прайшоў дванаццаты раз.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.