×

Напрамак на развіццё

23.01.2020 12:23,

Цэнтр падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва будзе створаны сёлета на базе ІТ-акадэміі “КомпАС” Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

Ініцыятыва нацэлена на ўдасканальванне сістэмы работы з моладдзю на аснове рэалізацыі сучасных інавацыйных праграм дадатковай адукацыі для прыцягнення юнакоў і дзяўчат у сферу IT і прадпрымальніцтва ў якасці патэнцыяльных і пачынаючых удзельнікаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Як паведаміў начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Андрэй Загурскі, праект абумоўлены неабходнасцю выкарыстання патэнцыялу сістэмы дадатковай адукацыі ў вяртанні прэстыжу інжынерных прафесій, фарміраванні ў моладзі прафесійных кампетэнцый і практычных навыкаў у высокатэхналагічных спецыяльных сферах: праграмаванне, робататэхніка, электроніка, аўтаматыка, камп’ютарная, паліграфічная і тэлекамунікацыйная сфера, эканоміка, біятэхналогіі. Унікальная для Беларусі мадэль цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва як інавацыйнага практыка-арыентаванага адукацыйнага асяроддзя прызначана забяспечыць даступнасць дадатковай адукацыі навукова-тэхнічнай накіраванасці і вядзення прадпрымальніцтва для моладзі Аршанскага раёна незалежна ад месца пражывання і сацыяльна-эканамічнага становішча сям’і, а таксама бліжэй пазнаёміць з практыкай вядзення бізнесу, інфармацыйнымі і вытворчымі рэсурсамі рэгіёна. 

— У мінулым годзе мы сумесна з Паркам высокіх тэхналогій адкрылі дзве сучасныя ІТ-лабараторыі. Арганізаваныя ў ІТ-акадэміі “КомпАС” заняткі па шэрагу сучасных напрамкаў праграмавання, робататэхнікі і 3D-мадэлявання карыстаюцца высокай папулярнасцю ў дзяцей і падлеткаў, — нагадаў Андрэй Загурскі. — Але мы не хочам на гэтым спыняцца і ставім задачу пашырыць як сферу дзейнасці, так і мэтавую ўзроставую аўдыторыю навучэнцаў. Наш праект, распрацаваны сумесна з арганізацыямі-партнёрамі і арыентаваны на падтрымку эканамічнай ініцыятывы, канкурэнтаздольнасці і інавацый для інклюзіўнага развіцця на мясцовым узроўні ў краіне, стаў пераможцам конкурсу на атрыманне гранта ПРААН. Зараз завяршаецца ўзгадненне стартавага пакета дакументаў. У найбліжэйшы час мы чакаем падпісання адпаведных дагавораў, якія дазволяць адкрыць грантавае фінансаванне. Частка названых сродкаў пойдзе на набыццё неабходнага абсталявання, частка — на арганізацыю комплексу вучэбных мерапрыемстваў. Сёння ў нас якраз знаходзяцца прадстаўнікі ПРААН, арганізацыі-заяўніка “Беларускае грамадскае аб’яднанне “Развіццё — XXI стагоддзе” — яны знаёмяцца непасрэдна з той базай, дзе будзе ажыццяўляцца гэты праект. У выніку яго рэалізацыі тыя маладыя аршанцы, хто цікавіцца інфармацыйнымі тэхналогіямі, змогуць у нас набыць пачатковую бізнес-адукацыю, каб ствараць уласныя невялікія стартапы. Спадзяюся, што для многіх з іх гэта стане вызначальным момантам у выбары прафесіі, дасць пуцёўку ў жыццё.

Па меркаванні аўтараў праекта, развіццё прадпрымальніцтва з дапамогай стварэння адпаведнай адукацыйнай платформы паслужыць умацаванню эканомікі раёна, асобаснаму росту і матывацыі будучых навучэнцаў і выпускнікоў цэнтра, стане эфектыўным інструментам для зніжэння беспрацоўя і вырашэння праблемы недахопу кваліфікаваных кадраў, дазволіць павялічыць колькасць працоўных месцаў за кошт далучэння розных слаёў насельніцтва, у тым ліку людзей з інваліднасцю.

— Праект мае на ўвазе стварэнне ўстойлівай шматузроўневай сістэмы работы з моладдзю ў напрамку фарміравання навыкаў і ведаў у вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці, забеспячэнне высокатэхналагічных і іншых галін эканомікі рэгіёна высокакваліфікаванымі рабочымі і спецыялістамі, — адзначыў Андрэй Загурскі. — Нашы арганізацыі-партнёры зыходзяць са сваіх кадравых інтарэсаў. Напрыклад, даволі часта здараецца, што маладому чалавеку ў 25—30 гадоў гавораць: “Ідзі да нас працаваць, станавіся прадпрымальнікам!” А той губляецца, бо не вельмі ўяўляе, чаго ад яго чакаюць. У нашым выпадку мы запрашаем на падрыхтоўку, умоўна кажучы, юнака ў 13—16 гадоў і прапануем не толькі пэўныя навыкі праграмавання і ІТ, але і асновы эканамічнай, фінансавай дасведчанасці, знаёмства з механізмамі фінансавання і гандлю, напісаннем бізнес-плана. Тым самым выпускнік стане больш арыентаваны на практыку, на рэальнае жыццё. 

Выкладаць у цэнтры падтрымкі маладзёжнага прадпрымальніцтва будуць як лепшыя педагогі, так і запрошаныя спецыялісты-практыкі. Рэалізацыя праекта разлічана на адзін год.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.