×

“Нашы дзеці”: падарыць звычайны цуд

04.01.2020 12:05,

Чарадзейную навагоднюю казку на Віцебшчыне штодня дапаўняюць новымі эпізодамі святочныя ўрачыстасці для дзяцей і моладзі. Яркім флэш-мобам адначасова ўсе ўстановы адукацыі паўночнага рэгіёна адзначылі старт рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Яе сімвалам стала сэрца, адкрытае для новых знаёмстваў і ўражанняў, захапляючых прыгод і сюрпрызаў — усяго таго, чаго з нецярпеннем чакае ад Новага года і Каляд дзетвара і што шчодра дораць ёй дарослыя, ператварыўшыся на час у сапраўдных добрых чараўнікоў. Навагоднія святы, паказы і ранішнікі, выставы навагодніх ёлак, цацак і снегавікоў, цікавыя тэматычныя праграмы і майстар-класы ладзяцца ва ўсіх гарадах і раёнах паўночнага рэгіёна.

Старадаўні вечна юны баль

Пяты венскі баль для віцебскіх старшакласнікаў адшумеў у абласной філармоніі. У шыкоўнай гарадской асамблеі, што некалі нарадзілася з лёгкай рукі класных кіраўнікоў 10-х класаў гімназіі № 2, сёлета прыняло ўдзел больш за 100 навучэнцаў, а таксама іх педагогі, бацькі і госці. Традыцыйная праграма ўключала тры аддзяленні з 20 непаўторных, прыгожых танцаў. Дарэчы, ініцыятары і галоўныя арганізатары свята — педагогі Эла Каржыцкая і Вольга Таранда — штогод на працягу восені і пачатку зімы па некалькі разоў у тыдзень арганізоўваюць у гімназіі падрыхтоўчыя заняткі, вучаць моладзь старадаўнім танцам, этыкету і вытанчаным манерам. Унікальная іскрынка венскага балю ў Віцебску — яго беларускамоўнасць: нават рэпетыцыі праходзяць на роднай мове.

Абласная філармонія ў гэтым годзе была выбрана месцам правядзення дэбютнага абласнога балю для студэнтаў і кадэтаў у межах рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Свята аб’яднала больш за 300 прадстаўнікоў устаноў вышэйшай адукацыі, Віцебскага і Полацкага кадэцкіх вучылішчаў, якія вызначыліся высокімі дасягненнямі ў вучобе, спорце і грамадскім жыцці. Як адзначыў кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў, новы фармат сустрэчы з моладдзю і ўшанавання лепшых яе прадстаўнікоў абяцае стаць яшчэ адной добрай традыцыяй на доўгія часы. Галоўнае для пакалення next — не спыняцца на дасягнутым і прымнажаць свае веды. За моладдзю — будучыня Віцебшчыны. Новая змена грамадзян Беларусі мае моцную падтрымку з боку дзяржавы і мясцовых органаў улады, што дае юнакам і дзяўчатам магчымасць адчуць сябе патрэбнымі і значнымі, спрыяе таму, каб маладыя кадры заставаліся на малой радзіме.

Праграму адкрыла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання: дзевяці лепшым з лепшых былі ўручаны падзякі старшыні аблвыканкама за ўклад у падтрыманне прэстыжу вобласці. Завяршылася афіцыйная частка канцэртам сімфанічнага аркестра і салістаў філармоніі, а затым свята перамясцілася ў танцавальную залу, дзе 30 пар грацыёзна закружыліся ў падэграсе, венгерскім бальным і паланэзе. Не абышлося і без сюрпрызаў ад Дзеда Мароза і Снягуркі: падарункі і памятныя сувеніры атрымалі ўсе ўдзельнікі балю.

“Мясцовае самакіраванне” Дзядоў Марозаў

Раней усе дзеці ведалі: Дзед Мароз жыве на далёкай Поўначы. Потым любімы навагодні чараўнік абзавёўся рэзідэнцыяй у Белавежскай пушчы. Яго беларускі сваяк Зюзя Паазерскі асталяваўся ў Віцебскай вобласці, на Пастаўшчыне. Далей мы сталі сведкамі сапраўднага “Параду мясцовых суверэнітэтаў”. Рэзідэнцыі Дзеда Мароза з’явіліся ў многіх гарадах і раёнах. На Віцебшчыне ў ліку першых і найбольш багатых на традыцыі — Полацкая (на базе аддзела турызму, краязнаўства і экс­курсій раённага цэнтра дзяцей і моладзі) і Пры­дзвінская (на базе аздараўленчага лагера “Спартакавец” аддзела па адукацыі Віцебскага райвыканкама) рэзідэнцыі. Апошняя, дарэчы, якраз адзначае сваё 10-годдзе. Сёлета полацкі Дзед Мароз запрашае дзяцей пазнаёміцца з загадкавай “Мышынай часу…”, а яго прыдзвінскі калега — на “Юбілейны злёт казачных герояў…” са смачным святочным пірагом ад Снягуркі. Як заўсёды, чакаюцца вясёлыя конкурсы і спаборніцтвы, захапляючыя прыгоды, цікавыя майстар-класы і паказальныя выступленні ў розных жанрах. Цэнтральную рэзідэнцыю з мінулага года Дзед Мароз паступова абсталёўвае пад Віцебскам, у лагеры “Дружныя рабяты” абласнога палаца дзяцей і моладзі. Тым часам на ўскраіне вобласці таксама з мінулага года прыжыўся каларытны Траскун Верхнядзвінскі. Прымае гасцей і рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Бярэзінскім запаведніку, а з гэтага года — яшчэ і ў Копысі Аршанскага раёна. Паміж Лугавым і Арэхавым азёрамі на Гарадоччыне размясцілася рэзідэнцыя Снягуркі. Іншымі словамі, “мясцовае самакіраванне Дзядоў Марозаў” на радасць дзецям і дарослым няспынна пашыраецца. Колькі ж іх у вобласці? У Віцебску ў навагодняй акцыі “Запалім ёлку разам” прыняло ў­дзел каля 2 тысяч Дзядоў Марозаў, Снягурак і казачных персанажаў. Па традыцыі, велізарная святочная калона прайшла парадам па гарадскіх вуліцах да плошчы Перамогі.
На вуліцы Леніна незвычайнае шэсце са светлавымі шарамі і мігатлівымі ўпрыгажэннямі расцягнулася больш чым на кіламетр! На чале яго рухалася 8 стылізаваных аўтамабіляў, у першым з якіх ехаў галоўны Дзед Мароз вобласці, які і запаліў галоўную ёлку. Прычым у адпаведнасці з сучаснымі тэхналогіямі — не толькі чароўнымі словамі, але і піратэхнічным кіем. Дапамагалі навагодняму чараўніку лепшыя навучэнцы і юныя спартсмены горада.

Свята кожнага дзіцяці

Упершыню ў Віцебску правялі абласную інклюзіўную ёлку. Сярод 120 удзельнікаў дабрачыннага свята ў абласным палацы дзяцей і моладзі былі 90 хлопчыкаў і дзяўчынак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Казачныя персанажы, лялькі і клоўны правялі для дзетвары займальную гульнявую праграму “Паравозік у Новы год”. Іскрамётны міні-канцэрт падарылі гасцям навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах “Юны піяніст”, “Саксафон” і ансамбль гітарыстаў “Серэнада”. Перад пачаткам пастаноўкі “Навагодняя перазагрузка” з надыходзячым Новым годам дзяцей, бацькоў і педагогаў павіншаваў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін. Пасля спектакля дзеці далучыліся да тэатралізаванага паказу з гульнямі і конкурсамі “Цуды ля Ёлкі” з клоўнам Плюхам, лялькай Сняжынкай, Дзедам Марозам і Снягуркай. Працягам свята стала навагодняя дыскатэка, праведзеная навучэнцамі аб’яднання па інтарэсах “Дыджэі і МС”, а завяршылася інклюзіўная ёлка ўручэннем салодкіх падарункаў ад абласнога выканаўчага камітэта. Да акцыі “Нашы дзеці” актыўна далучыліся кіраўнікі і прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў, працоўных калектываў. Яны наведваюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сем’і, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, бальніцы, каб павіншаваць дзяцей з Новым годам і Калядамі, уручыць ім падарункі, дапамагчы ў вырашэнні праблем. Так, міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнант Андрэй Раўкоў прыняў удзел у навагодніх урачыстасцях у Андрэеўскім дзіцячым доме Аршанскага раёна. Шэфскую падтрымку ўстанове міністэрства аказвае больш за дзесяць гадоў. Выхаванцы дзіцячага дома разам з артыстамі Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл арганізавалі цудоўны канцэрт, а галоўным падарункам ад сяброў у пагонах стаў фізіятэрапеўтычны кабінет. Першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка разам з сям’ёй наведаў дзіцячы дом сямейнага тыпу ў вёсцы Заслонаўка Аршанскага раёна (яго гаспадыня Святлана Дашкевіч выхоўвае васьмярых дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў). Па традыцыі, якая не перапыняецца ўжо дванаццаты год, у Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат Докшыцкага раёна з віншаваннямі і падарункамі завітаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімір Андрэйчанка. 

— Акцыя “Нашы дзеці” для нас, дарослых, — гэта найперш дадатковая нагода падарыць дзецям часцінку святочнай радасці і цеплыні, — падзяліўся ўражаннямі высокі госць і даўні сябар школы-інтэрната. — Дзеці, якія засталіся без бацькоў, патрабуюць асаблівай і пастаяннай увагі. Такія сустрэчы пераконваюць іх у тым, што яны патрэбны нашаму грамадству і краіне, і дзеля гэтага ў Беларусі робіцца ўсё магчымае.

Разам ля святочнай ёлкі

У абласным палацы дзяцей і мола­дзі прайшла галоўная рэгіянальная праф­саюзная дабрачынная ёлка. Запрашэнне на свята атрымала больш за 250 дзяцей-сірот, інвалідаў, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, выхаванцаў дзіцячых дамоў. Маленькія госці апынуліся ў вясёлым карагодзе разам з роставымі лялькамі і казачнымі персанажамі. Гульнявая праграма, спектакль “Навагодняя перазагрузка” ў выкананні самадзейных артыстаў палаца, віншаванні, салодкія падарункі ад праф­саюзнай арганізацыі — усё гэта дазволіла арганізатарам стварыць сапраўдны перадкалядны цуд для дзяцей. Па словах старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Івана Вазміцеля, з 2002 года на абласной дабрачыннай ёлцы пабывала каля 4,5 тысячы маленькіх жыхароў Віцебшчыны. Разам з тым акцыя “Прафсаюзы — дзецям” падразумявае не адзінкавую святочную дэманстрацыю, а штодзённую дапамогу тым, каму яна неабходна, у тым ліку прафсаюзы шэфствуюць над дамамі-інтэрнатамі, дзіцячымі дамамі. Падчас снежаньскай прафсаюзнай акцыі “Мары спраўджваюцца” лісты з пажаданнямі напісалі 78 дзяцей, і кожнаму з іх будуць уручаны падарункі і сувеніры. Мора радасных эмоцый падарыла навагодняя ёлка з інтэрактыўнай забаўляльнай праграмай і музычным паказам для дзяцей, якія нарадзіліся ў розныя гады ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў вобласці — прадстаўнікоў Віцебскага аддзялення грамадскага аб’яднання “Дзеці ў бядзе”. Мерапрыемства адбылося па ініцыятыве абласной арганізацыі РГА “Белая Русь” у віцебскім Палацы культуры і тэхнікі чыгуначнікаў.

У канцэртнай зале “Віцебск” абласное дабрачыннае свята падарыла навагоднюю казку пераможцам і лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, творчых і спартыўных спаборніцтваў, грамадскім актывістам, дзецям з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў. На губернатарскую ёлку з’ехаліся 950 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў з усіх гарадоў і раёнаў вобласці. Віншуючы дзяцей са святам, Мікалай Шарснёў пажадаў ім здзяйс­нення жаданняў, новых дасягненняў і поспехаў.

— Акцыя “Нашы дзеці” вельмі правільная і неабходная, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама. — Кожны год мы працуем над тым, каб ніводнае дзіця не было абдзелена ўвагай у гэтыя дні. Дзеці чакаюць казкі, падарункаў, асаблівага навагодняга настрою. Ніхто ў гэты час не павінен застацца без душэўнай цеплыні і клопату. Наша задача — дайсці да кожнай установы і сям’і, якая мае патрэбу ў дапамозе і падтрымцы, дапамагчы дзецям увасобіць іх мары ў жыццё.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.